Не толькі спартыўныя перамогі
У рамках інклюзіўнага праекта Беларускага саюза жанчын «Іншая глыбіня» 5 лютага ў ГЦ «Сталіца» адбылося адкрыццё выставы карцін паралімпійцаў. Трое таленавітых спартсменаў — Андрэй Бабінскі, Аляксандр Львоў і Дзмітрый Васілевіч — прадставілі на суд грамадскасці свае працы ў стылі абстракцыянізм, аб’яднаўшы іх назвай «Мастацтва як рух душы».

Праект БСЖ «Іншая глыбіня» вельмі значны для нашага грамадства — дапамагае людзям з інваліднасцю арганізавацца і рэалізавацца. А грамадству ў цэлым — дазваляе на свае вочы ўбачыць і на асабістым вопыце пераканацца ў тым, на што здольныя такія людзі, якіх прынята называць «людзі з абмежаванымі магчымасцямі». Насамрэч, іх магчымасці сапраўды неабмежаваныя, адзначалі наведвальнікі выставы.

На іншай глыбіні
Экспазіцыя «Мастацтва як рух душы» — гэта не проста карціны. Мовай абстрактнага мастацтва паралімпійцы імкнуліся перадаць свае перакананні: кожная лінія сімвалізуе волю да перамогі і пераадолення цяжкасцяў. Старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская, гаворачы аб выставе, падкрэсліла: у гэтых работах і ў саміх мастаках-паралімпійцах — сапраўды вялізная глыбіня.

— Гэтыя спартсмены дамагліся вялікіх поспехаў, яны ўслаўляюць Беларусь, — сказала яна. — І нягледзячы на сваю асноўную справу, знаходзяць час і магчымасць раскрыць душу і сэрца праз творчасць.

Праект «Іншая глыбіня» паказвае: у нашай краіне для людзей з інваліднасцю сапраўды няма нічога немагчымага, калі ў іх ёсць жаданне рухацца наперад і развіваць таленты, рэзюміравала лідар жаночага руху нашай краіны.
Пераадолець бар’еры
Самі мастакі, вядома, перажывалі, як прымуць іх творчасць наведвальнікі.
— Трохі хвалююся і спадзяюся, што выстава спадабаецца гледачам, і ў будучыні мы працягнем развівацца і здзіўляць сваёй творчасцю, — падзяліўся майстар спорту па лёгкай атлетыцы і плаванні, шматразовы чэмпіён Беларусі і міжнародных спаборніцтваў Аляксандр Львоў.

Хоць для аўтараў абстрактных работ гэта выстава — не першая «спроба пэндзля». Майстар спорту міжнароднага класа па кіданні булавы, прызёр міжнародных спаборніцтваў Андрэй Бабінскі расказаў, што стаў пераможцам Міжнароднай выставы ў Іране. А адна з карцін Аляксандра Львова выйграла на конкурсе ў Непале.

Заняцца маляваннем яму параіў настаўнік, Павел Пепел, паведаміў Андрэй Бабінскі. Майстар спорту ў кіданні кап’я і штурханні ядра, міжнародны майстар спорту ў кіданні дыска, двухразовы прызёр чэмпіянату Еўропы Дзмітрый Васілевіч таксама маляваць пачаў па парадзе трэнера.


— Гэта выплеск энергіі, які патрэбны перад падрыхтоўкай да стартаў, — растлумачыў Дзмітрый.
Адзначым, што зараз спартсмен рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы, які адбудзецца ў верасні.

— Творчасць насамрэч дапамагае пазбавіцца ад трывожных думак, — прызнаецца ён. — Так сапраўды можна даведацца пра свае недахопы і зняць псіхалагічныя бар’еры.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота Ксеніі ЛІННІК