Top.Mail.Ru
336

У Гродзенскім абласным анкалагічным цэнтры адкрылі два корпусы

У эксплуатацыю ўвялі палатны хірургічны і лабараторна-дыягнастычны карпусы. Рэалізацыя праекта падзелена на пяць этапаў, і завяршэнне работ плануецца на 2026 год. 


Новы палатны хірургічны корпус уключае прыёмнае аддзяленне, а таксама аддзяленні радыялогіі і хіміятэрапіі. Тут часова размесцяцца аддзяленні ўніверсітэцкай клінікі: хіміятэрапеўтычнае на 50 койка-месцаў і радыелагічнае таксама на 50 месцаў. Гэтае рашэнне дазволіць пацыентам, якія праходзяць прамянёвую тэрапію, знаходзіцца бліжэй да радыелагічнага корпуса і атрымліваць усе віды лячэння і дыягностыкі ў адным месцы. У карпусах створаны ўсе ўмовы для камфортнага лячэння і аднаўлення. Пацыенты размяшчаюцца ў прасторных палатах, абсталяваных сучаснай медыцынскай тэхнікай.

Зручная інфраструктура садзейнічае больш эфектыўнаму лячэнню. Урачы атрымліваюць магчымасць працаваць у аптымальных умовах, што дае магчымасць ім аказваць дапамогу на высокім узроўні. Пацыенты ж праходзяць лячэнне ва ўтульнай і клапатлівай атмасферы, што спрыяе іх хуткаму выздараўленню. Як адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, у новым корпусе ўсё прадумана: спецыялісты знаходзяцца побач, апаратура — апошняга пакалення, усё аўтаматызавана.

— Адкрыццё сімвалічна супала з 7 лістапада — днём, які ўвасабляе паоамогу сацыяльнай справядлівасці і роўных магчымасцяў для ўсіх. Медыцына сама па сабе з’яўляецца ўвасабленнем гэтых прынцыпаў. У нашай краіне кожны грамадзянін, незалежна ад узроўню даходаў, мае доступ да кваліфікаванай медыцынскай дапамогі. Цяпер няма неабходнасці ехаць у Мінск і перагружаць Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр імя Аляксандрава. Медыцынскія рэсурсы размеркаваны па ўсёй краіне, каб забяспечыць якасную медыцынскую дапамогу кожнаму чалавеку побач з яго домам, — падкрэсліў Юрый Караеў.

Людміла Кеда, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама, падкрэслівае важнасць стварэння камфортных умоў для пацыентаў. Прыходзячы з цяжкім захворваннем, чалавек адчувае не толькі фізічныя, але і моцныя псіхалагічныя пакуты. Усведамленне сур’ёзнасці дыягназу і страх перад магчымымі зыходамі ўзмацняюць стрэс. І чым камфортней будуць умовы, тым больш стабільным будзе эмацыйны стан.


Рэканструкцыя анкадыспансера ажыццяўляецца паэтапна. З чэрвеня 2023 года ў дзеючым радыелагічным аддзяленні пачалі выкарыстоўваць найноўшае абсталяванне. На дадзены момант дыстанцыйную прамянёвую тэрапію прайшлі больш за 950 пацыентаў, а кантактную (брахітэрапію) — звыш 100 чалавек. Штодзень прамянёвае лячэнне тут атрымлівае каля 80 хворых.

Другі пускавы комплекс анкалагічнага цэнтра ўжо поўнасцю завершаны. Наперадзе — будаўніцтва аперацыйных, новага палатнага корпуса і паліклінічнага аддзялення. Тым не менш, нават тыя карпусы, якія ўжо ўведзены ў эксплуатацыю, істотна пашыраюць магчымасці для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з анкалагічнымі захворваннямі.


Цэнтр будзе ўключаць у сябе пяць хірургічных аддзяленняў і анкадыспансернае аддзяленне на 350 месцаў за змену. Гэта дасць магчымасць аператыўна праводзіць абследаванні і ставіць дыягназы, а таксама хутка пераводзіць пацыентаў ад амбулаторнага лячэння да профільных спецыялістаў для пачатку тэрапіі. Асноўная задача — забяспечыць максімальна ранняе выяўленне захворванняў, пры якім лячэнне найбольш эфектыўнае і мінімізуе неабходнасць складаных хірургічных умяшанняў або зусім выключае іх. 

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота Пул 4 рэгіён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю