Top.Mail.Ru

У Гродзенскай вобласці — першы мільён

Мільён тон збожжа разам з улікам рапсу намалацілі аграрыі Гродзенскай вобласці, і яна ўвайшла ў тройку лідараў разам з Брэсцкай і Мінскай. А ў цэлым па краіне, паводле аператыўных даных Мінсельгасхарча на 5 жніўня, намалочана больш за 5 мільёнаў тон — амаль на 2 млн тон больш за аналагічную леташнюю дату.


Не страціць ні зярнятка!

Урачыстасць, прысвечаная першаму мільёну збожжа, адбылася ў сераду на палях СВК «Путрышкі» Гродзенскага раёна. Аднак надоўга замінаць прадукцыйнай працы хлебаробаў не сталі — надвор’е нарэшце наладзілася, і ніяк нельга было ўпусціць такі спрыяльны дзень. І хоць сонца, нібы спрабуючы нагнаць недададзенае цяпло, пякло бязлітасна, механізатарам працавалася з камфортам, які забяспечвала выдатная сістэма кандыцыяніравання.

Па добрай традыцыі на борце камбайна знаходзіўся і старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый КАРАЕЎ. Беражліва сабраная ім тона перавяла намалот у шасцізначны лік. Пасля кіраўнік вобласці, таксама прытрымліваючыся традыцыі, прыняў ад прадстаўнікоў аграрнага сектара сноп першага ўраджаю, сімвалічны мяшок збожжа, духмяны каравай і футболку з надпісам «1 000 000».

Як адзначыў Юрый Караеў, СВК «Путрышкі» — перадавая гаспадарка, якая ўносіць вялікі ўклад у агульны каравай. Тут карыстаюцца высокімі тэхналогіямі, а вытворчыя працэсы суправаджаюць вучоныя. Вядома, рэгіёны спаборнічаюць паміж сабой, і сёлета Брэсцкая і Мінская вобласці абышлі Гродзеншчыну, першымі дасягнуўшы адзнакі 1 мільён тон сабранага ўраджаю.


— У першую чаргу гэта звязана з высокай ураджайнасцю нашых палёў. Трэба ісці павольна, каб не страціць ні зярнятка, — растлумачыў старшыня аблвыканкама. — Для павелічэння хуткасці мы плануем удасканаліць арганізацыю работы. Напрыклад, задзейнічаць дадатковых памочнікаў камбайнераў. Абмеркавалі магчымасць прыцягнення студэнтаў. Гэта дазволіць механізатарам засяродзіцца выключна на ўборцы ўраджаю, а ўсе дапаможныя аперацыі будуць выконвацца памагатымі. Я стараюся як мага часцей наведваць гаспадаркі рэгіёна. Нашы аграномы і паляводы выдатна падрыхтаваны і ведаюць сваю справу.

Адным з самых яркіх уражанняў уборачнай кампаніі з’яўляецца момант, калі камбайнер націскае на кнопку і зерне пачынае сыпацца з бункера ў машыну, падзяліўся ён:
— Гэтае адчуванне задавальнення ад праведзенай працы немагчыма перадаць словамі!

Усім светам

У гэтым годзе ўвогуле асаблівая ўвага ўдзяляецца прыцягненню дадатковых сіл для дапамогі ў сельскагаспадарчых работах. Сярод іх — прадстаўнікі сілавых структур і МНС.
Зразумела, для выканання сельскагаспадарчых работ, такіх як ворыва, пасеў ці ўборка ўраджаю, патрабуецца высокая кваліфікацыя. Аднак ёсць шмат работ, якая не патрабуюць спецыяльных навыкаў. Напрыклад, пасля ўборкі ўраджаю неабходна перамясціць рулоны саломы, сабраныя прэс-падборшчыкам. Такім чынам можна аказаць значную дапамогу без адцягнення асноўнага работніка, падкрэсліў Юрый Караеў.


Цяпер у гэтай рабоце бяруць удзел маладыя людзі з усіх трох пагранічных злучэнняў, супрацоўнікі органаў унутраных спраў і надзвычайных сітуацый. У кожны раён дадаткова накіраваны па аднаму супрацоўніку МНС. Ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў з Мінска накіраваны на поўнач вобласці, а служачыя Узброеных Сіл працуюць у Скідзеле. А ваеннаслужачыя тэрміновай службы са Слонімскага і Гродзенскага гарнізонаў будуць дапамагаць суседнім гаспадаркам у палявых работах па выхадных да канца ўборачнай кампаніі.

З павагай да сельскай працы

Ідэалагічны складнік таксама адыгрывае важную ролю, падкрэсліў Юрый Караеў. Прыцягненне гарадскіх жыхароў да сельскагаспадарчых работ дапамагае ім лепш зразумець і ацаніць працу земляробаў. Гэта садзейнічае фарміраванню павагі да сельскай працы і яе важнасці для грамадства.

У цэлым прыцягненне дадатковых сіл да ўборачнай кампаніі ў Гродзенскай вобласці з’яўляецца эфектыўным рашэннем і дазваляе справіцца з задачамі, якія патрабуюць вялікай колькасці людзей. Дзякуючы гэтаму атрымоўваецца паскорыць працэс уборкі ўраджаю і забяспечыць яго высокую якасць.


Нягледзячы на ўдарныя тэмпы працы, механізатар Казімір ПІВАВАРЧЫК пагадзіўся паразмаўляць з журналістамі. Дарэчы, менавіта ў яго камбайне старшыня аблвыканкама намалаціў тону, якой не хапала да мільёна. Казімір ужо амаль 30 гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы, 27 з іх — у СВК «Путрышкі».

— Мне заўсёды падабалася сельская гаспадарка, і праз столькі гадоў я не стаў менш любіць сваю працу, — прызнаўся механізатар. — Калі задумацца — колькіх людзей накармлю, колькі жывёлы будзе вырашчана дзякуючы сабранаму ўраджаю! Напрыклад тыя ж цукровыя буракі адправяцца ў перапрацоўку для цукру. І так з году ў год. Я вельмі ганаруся сваёй працай і радуюся разам з усімі першаму мільёну. Будзем старанна ісці да другога.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю