Намалот першага мільёна тон стаў вялікім святам для вобласці! Нягледзячы на ўсе капрызы і цяжкасці надвор’я, работа ішла і будзе ісці. Словы падзякі хлебаробам выказалі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, памочнік Прэзідэнта-інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак, першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Валяваты.
Цырымонія перадачы сімвалічнага снапа адбылася ў полі паблізу вёскі Князевічы Бераставіцкага раёна. Важнай часткай цырымоніі стала ўшанаванне працаўнікоў РУСП «Масаляны», чый уклад стаў вырашальным у дасягненні адзнакі аднаго мільёна тон. Юрый Караеў выказаў словы падзякі хлебаробам:

— Праца нашых аграрыяў неверагодна цяжкая, але ў той жа час цікавая і ганаровая. Яшчэ раз выказваю падзяку ўсім, хто ўдзельнічае ў гэтым працэсе: кіраўнікам гаспадарак, механізатарам і ўсім, хто арганізуе і наладжвае працу. Залатыя людзі! Таксама хачу адзначыць, што кіраўнікі гаспадарак разумеюць: суверэнітэт краіны дасягаецца не толькі за кошт валюты, але і дзякуючы ўраджаю, які ідзе на стол.
Важна гарантаваць харчовую бяспеку і эканамічны дабрабыт краіны. Усе аграрыі разумеюць, што іх праца важная, і яны гатовы пераадольваць любыя цяжкасці дзеля дасягнення гэтай мэты. Больш за 50% збожжавых і зернебабовых (без кукурузы, грэчкі і проса) убрана ў Гродзенскай вобласці, сярэдняя ўраджайнасць каля 55 цэнтнераў з гектара. Таксама ўбрана 70% азімага рапсу. У Гродзенскім аблвыканкаме адзначылі, што мэты ставяць амбіцыйныя, і ў планах намалаціць больш за два мільёны тон.
— Хочацца сказаць, што кіраўнік нашай дзяржавы неаднаразова адзначаў, што нацыянальная бяспека — гэта, перш за ўсё, моцная эканоміка, — адзначыў Канстанцін Бурак. — Сённяшні намалот — гэта дастойны ўклад гродзенскіх аграрыяў ва ўстойлівае развіццё нашай дзяржавы. Перакананы, што нам скорацца і іншыя лічбы. Энтузіязм і пачуццё адказнасці нашых аграрыяў велізарныя. Нізкі паклон гэтым людзям за іх цяжкую працу! І ўдачы ўсім нам.
Як падкрэсліў Юрый Валеваты, гэты год для аграрыяў аказаўся асабліва складаным з-за моцных ападкаў. Працаваць у такіх умовах цяжка, але, нягледзячы на гэта, экватар уборачнай кампаніі паспяхова пройдзены. У гэтым годзе Карэліцкі раён лідзіруе па абсалютнай ураджайнасці, другое месца займае Гродзенскі раён.
— Канкурэнцыя паміж раёнамі стымулюе іх на дасягненне лепшых вынікаў. Аднак сёлета майскія халады прывялі да зніжэння ўраджаю рапсу прыкладна на 20%. Але тым не менш ураджайнасць усё роўна вялікая. Гродзенская вобласць радуе сваімі вынікамі. Мы ўвесь час удасканальваемся і робім правільныя высновы. Для завяршэння масавай уборкі збожжавых спатрэбіцца яшчэ каля 10 сонечных дзён. Настрой у людзей баявы. Уборка — гэта вынік, да якога імкнуцца цэлы год, і ўсе настроены на перамогу.
Зараз надышоў асабліва гарачы час, бо адначасова ідуць і ўборка, і пасевы, і нарыхтоўка кармоў. У прыватнасці, гаворка ідзе аб неабходнасці засеяць 73000 гектара азімага рапсу да 25-27 жніўня. Уборка ідзе без значных спазненняў. У мінулым годзе было апярэджанне графіка, але зараз усё ідзе ў сярэднім тэмпе. Ураджай збожжавых і зернебабовых культур чакаецца вышэйшы, чым у мінулым годзе, нягледзячы на ўмовы надвор’я.

Самымі важнымі ўдзельнікамі цырымоніі сталі трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, камбайнер Іван Кардаш, вадзіцель Рамзіль Зайнулін і трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, прэсоўшчык Юрый Калюта.
— З 2005 года я працую ў сельскай гаспадарцы. Пачынаў у родным Свіслацкім раёне, але потым мы з жонкай пераехалі ў Бераставіцкі раён. Уборачная кампанія праходзіць нармальна, хаця надвор’е ўносіць свае карэктывы і не дазваляе працаваць на поўную сілу. Мяне вабіць гэтая праца, таму я працягваю працаваць. Мой бацька таксама быў механізатарам, і гэтая справа стала для мяне звыклай. Вядома, праца ў сельскай гаспадарцы няпростая, але гэта ўжо справа прывычкі, — падзяліўся Юрый Калюта.
Кожны з хлебаробаў адзначыў, што ганарыцца сваёй працай і рады быць датычным да такой важнай справы як уборка.
— Дзесяць гадоў працы ў сельскай гаспадарцы. Да таго як прыйсці ў «Масаляны», я працаваў у «Пагранічным». Мае бацькі былі звязаныя з сельскай гаспадаркай: мама працавала даяркай, а тата — трактарыстам. Я вырашыў пайсці па шляху бацькі. Мне гэта падабалася. Цяпер я працую на камбайне, гэта ўжо мая трэцяя ўборачная кампанія. Я ўжо вопытны работнік, у мяне набіта рука. Але ўмовы надвор’я не заўсёды дазваляюць працаваць на поўную сілу. Хацелася б працаваць хутчэй і болей. Я ганаруся тым, што таксама ўдзельнічаю ў зборы ўраджаю, які забяспечвае нашых людзей хлебам, — адзначыў Іван Кардаш.

На палях Беларусі працуюць людзі з розных куточкаў свету. І ўсім тут рады!
— Я родам з Татарстана, і ў маёй сям’і ніхто не займаўся сельскай гаспадаркай. Я быў першы. У 1985 годзе я прыехаў у Беларусь, адслужыў у войску, ажаніўся і застаўся тут. Мой сын вырас, у яго ўжо трое дзяцей, але яны жывуць у горадзе. Мая жонка з Масалян, яна працавала цялятніцай, зараз на пенсіі, як і я. Атрымліваецца, што я працую з 1988 году. Усё жыццё я быў кіроўцам і вазіў хлеб. Мы ганарымся сваёй працай, бо так прыемна мець дачыненне да дастаўкі ўраджаю. У маёй працы былі розныя перыяды, я нават быў перадавіком. Калі мяне віншуюць, як сёння, гэта вельмі прыемна, бо кожнаму важна, каб яго праца была ацэнена, — расказаў Рамзіль Зайнулін.
Механізатары таксама ў сваю чаргу падзякавалі ўсім за падзяку цёплыя словы ў іх адрас. Пасля завышэння ўрачыстай цырымоніі, яны адразу адправіліся ў подзе, каб працягнуць працу.
Вераніка Казлоўская
Фота аўтара