У Гродзенскай вобласці запусцілі серыю сустрэч па падборы прафесійна арыентаваных абітурыентаў, дзе моладзі расказваюць аб кар’еры ў сельскагаспадарчай сферы. Гэтым разам прэзентацыя адбылася ў Лідзе, куды запрасілі школьнікаў з Воранаўскага, Дзятлаўскага, Карэліцкага, Лідскага і Навагрудскага раёнаў.
Пытанне ўзняцця прэстыжу працы ў вёсцы стаіць востра. Яшчэ моцны стэрэатып, што гэта нецікава і неперспектыўна. Але сучасныя АПК зусім не падобныя да тых арганізацый, што былі раней. Большасць гаспадарак імкнецца да мадэрнізацыі і стварэння камфортных умоў працы, у прыватнасці для маладых спецыялістаў. Як расказаў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Ігар САРОКІН, сельскагаспадарчая сфера мае патрэбу ў самых розных спецыялістах, але, вядома, асабліва запатрабаваныя прафесіяналы ў аграноміі, ветэрынарыі і заатэхніі.
— Мэта падобных мерапрыемстваў — расказаць дзецям аб навучанні ў аграрных універсітэтах, перспектывах работы ў вёсцы. Мы стараемся паказаць, што не трэба баяцца гэтай працы, — тлумачыць Ігар Сарокін. — Мы расказваем пра тое, якія яны, сучасныя гаспадаркі, гаворым пра працэсы мадэрнізацыі, сучасную тэхніку. Менавіта моладзь, якая нарадзілася ў век інфармацыйных тэхналогій, лепш за ўсё справіцца з новым абсталяваннем і праграмным забеспячэннем. Напрыклад, мы актыўна ўкараняем тэхналогіі дакладнага земляробства. Калі цяпер 5 % арганізацый выкарыстоўваюць іх, то да 2030 года колькасць павінна ўзрасці да 30 %. І якраз тыя дзеці, што паступяць у гэтым годзе, будуць працаваць з гэтай тэхналогіяй.

Падобныя мерапрыемствы пачалі праводзіць летась, і вынік ужо ёсць. У 2025 годзе быў поўнасцю выкананы набор у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, было заключана 111 мэтавых дагавораў, а гэта ў два разы больш, чым у 2024 годзе, расказаў Ігар Сарокін. Сёлета ў планах заключыць не менш як 200 мэтавых дагавораў.
Мерапрыемства складаецца з дзвюх частак. Пачалося ўсё з выстаўкі, дзе сельгасарганізацыі, прадпрыемствы харчовай прамысловасці і ГДАУ расказваюць аб сваёй дзейнасці. Школьнікі могуць спытаць у супрацоўнікаў, як уладкавана работа ў іх арганізацыі, прадэгуставаць прадукцыю, якая там вырабляецца.
Як расказаў прарэктар па павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў АПК Аляксандр ТАРАС, аграрнаму сектару эканомікі краіны патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты. Універсітэт прапануе шырокі спектр спецыяльнасцяў, якія ахопліваюць усе этапы вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі — ад раслінаводства і жывёлагадоўлі да ветэрынарыі і аховы раслін. Асаблівая ўвага ўдзелена ўмовам, якія ўніверсітэт стварае для студэнтаў. Гарантаваная дзяржавай стыпендыя, дадатковыя выплаты для студэнтаў, якія навучаюцца па мэтавых дагаворах, і сучаснае абсталяванне — усё гэта спрыяе падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў.
— Універсітэт актыўна выкарыстоўвае вытворчую базу гаспадарак, размешчаных вакол Гродна, што дазваляе студэнтам атрымліваць практычныя навыкі і досвед работы. Вядома, хлопцы і дзяўчаты могуць развівацца ў спартыўнай і творчай сферах. Усе студэнты ўніверсітэта забяспечваюцца добраўпарадкаванымі інтэрнатамі. Гродна прапануе мноства магчымасцяў для адпачынку і культурнага развіцця, — расказаў Аляксандр Тарас.

Па словах дырэктара СВК «Маяк — Заполле» Юрыя Лявонцьева, ключавым фактарам з’яўляецца індывідуальны падыход да кожнага маладога спецыяліста. Важна не толькі прапанаваць добры заробак і жыллё, але і забяспечыць настаўніцтва. Кіраўнік падкрэсліў, што ад яго якасці залежыць, ці будзе малады спецыяліст зацікаўлены ў рабоце, ці дасягне добрых вынікаў.
— Важна прыцягваць маладых спецыялістаў да грамадскага жыцця арганізацыі. Гэта можа быць удзел у спаборніцтвах, конкурсах і іншых мерапрыемствах. Поспех замацавання маладых спецыялістаў залежыць ад таго, наколькі кіраўнікі арганізацыі гатовы ўкладваць намаганні ў іх развіццё. У цэлым, прыцягненне маладых спецыялістаў — гэта складаны працэс. Аднак пры правільным падыходзе можна дабіцца добрых вынікаў і забяспечыць стабільнае развіццё сельскагаспадарчай галіны.
Аб важнасці дыялогу гаварыў і дырэктар ААТ «Прынёманскі» Яўген Бажко. Ён адзначыў, што неабходна расказваць аб перспектывах, умовах працы і даплатах. Важна паказаць, што сельская гаспадарка — гэта не толькі цяжкая праца, але і сучасная вытворчасць з выгодамі для работніка.
— Мы будуем новыя комплексы, мадэрнізуем тэхніку, ствараем камфортныя ўмовы для пражывання і працы. У кароўніках выкарыстоўваюцца электрычныя машыны для кармлення, што палягчае работу і павялічвае прадукцыйнасць. Вядзецца работа па аптымізацыі працэсаў. Такі падыход дае магчымасць стварыць спрыяльныя ўмовы для работы і зацікавіць маладых спецыялістаў. У выніку многія выпускнікі застаюцца працаваць у гаспадарцы.
У холе ў Палацы культуры горада Ліды было ажыўлена. Школьнікі з цікавасцю размаўлялі каля стэндаў, задавалі пытанні. І было відаць, што яны не проста сумна блукаюць. Навучэнка СШ № 3 г. Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Надзея Жагалік з дзяцінства хоча стаць ветэрынарам.
— Я заўсёды любіла жывёл. Мне даўно цікавая ветэрынарная медыцына. Бацькі поўнасцю падтрымалі маё рашэнне. І я не баюся працы на ферме, была на экскурсіі ў гаспадарцы. Нічога страшнага ў гэтым няма, спадзяюся, у мяне ўсё атрымаецца, — падзялілася Надзея.
Пасля таго як выстава завяршыла сваю работу, у актавай зале адбыўся дыялог, дзе школьнікам больш падрабязна расказалі аб навучанні і рабоце ў сельскагаспадарчай сферы.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ,
фота аўтара