Top.Mail.Ru
204

У Гродне журналістам расказалі аб рабоце сістэмы аховы здароўя ў рэгіёнах

Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама правяло прэс-канферэнцыю, прысвечаную аказанню медыцынскай дапамогі ў рэгіёнах. 


Як адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Людміла Кеда, пастаўлена задача забяспечыць роўную, якасную і даступную медыцынскую дапамогу для ўсіх жыхароў незалежна ад месца іх пражывання. Гэтыя складнікі непарыўна звязаны паміж сабой. Забяспечыць паказчыкі дапамагае сістэма рознаўзроўневай медыцынскай дапамогі, якая функцыянуе ў вобласці, і ўключае ў сябе раённы, абласны і рэспубліканскі ўзроўні. З 2024 года ўведзены сацыяльны стандарт, які прадугледжвае наяўнасць у абласцях не менш як двух міжраённых медыцынскіх цэнтраў. Цяпер у вобласці створаны тры такія структуры: у Лідзе, Ваўкавыску і Астраўцы. Апошнія дзве таксама маюць статус міжрэгіянальных цэнтраў.

— Цэнтры размеркаваны па ўсім пляцы вобласці і забяспечваюць дастаўку пацыентаў на працягу «залатой гадзіны». Дарэчы, рознаўзроўневая медыцынская сістэма ў Гродзенскай вобласці ўжо на працягу 20 гадоў прымяняецца ў сістэме аховы мацярынства і дзяцінства. Яе ўкараненне ў іншыя сферы медыцыны садзейнічае больш якаснаму аказанню медыцынскай дапамогі, — адзначыла Людміла Кеда. У міжраённых цэнтрах ёсць магчымасці для функцыянавання аддзяленняў па кардыялагічным, анкалагічным, хірургічным профілям. Гэта забяспечвае якасную і даступную дапамогу насельніцтву паблізу месца жыхарства. Цэнтры абсталяваны высокатэхналагічным абсталяваннем: ангіяграфічнымі комплексамі, МРТ і КТ.


Усяго ў вобласці ёсць 14 камп’ютарных тамографаў і 9 магнітна-рэзанансных, а таксама 6 ангіяграфічных комплексаў, 195 апаратаў УГД, 246 рэнтгенаўскіх апаратаў, 13 мамографаў. На якасць медыцынскага абслугоўвання таксама ўплывае даступнасць першаснага звяна. У вобласці працуе 109 амбулаторый урача агульнай практыкі і 195 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Працягваецца праца па павелічэнні перасоўных ФАПаў, якія дазваляюць аказваць дапамогу ў аддаленых населеных пунктах. Цяпер іх ужо 17, але колькасць будзе павялічвацца.

Шлях аптымізацыі

Медыцына — дарагая сфера. Замена запчастак для высокатэхналагічнага абсталявання, напрыклад, для камп’ютарнага тамографа, можа каштаваць некалькі соцень тысяч беларускіх рублёў. Агулам на працягу апошніх гадоў на медыцыну ў рэгіёне затрачваецца амаль 1 мільярд беларускіх рублёў за год. Сродкі, якія выдзяляюцца на медыцынскія патрэбы, — гэта не абстрактныя лічбы, а падаткі і ўкладанні грамадзян, а таксама дзяржавы. Таму важна рацыянальна выкарыстоўваць сродкі. Гэтаму садзейнічае аптымізацыя на розных узроўнях. Усё, што робіцца ў медыцыне, робіцца для чалавека.

— Важна не толькі забяспечыць фінансаванне, але і кантраляваць яго эфектыўнае выкарыстанне. Неабходна аналізаваць выдаткі, пралічваць іх і прапаноўваць змены з мэтай паляпшэння якасці, даступнасці і бяспекі медыцынскай дапамогі. Таму ідзе пастаянны аналіз той матэрыяльна-тэхнічнай базы і пры неабходнасці праходзіць аптымізацыя. І, як паказвае практыка, якасць медыцынскага абслугоўвання ад гэтага не падае, — падкрэсліла Людміла Кеда.


Напрыклад, у хірургічнай сферы была зменшана колькасць ложка-месцаў. Калі ў 2022 годзе іх было 840, то на пачатак 2025 іх колькасць зменшылася да 715. Нягледзячы на скарачэнне колькасці ложкаў, аб’ём і якасць хірургічнай дапамогі не знізіліся. Аналіз паказаў, што колькасць аператыўных умяшанняў і ўзровень іх складанасці наадварот павялічыліся. Больш за 50% аперацый на органы брушной паражніны выконваюцца з выкарыстаннем малаінвазіўных тэхналогій. Адмысловая ўвага надаецца санітарнаму транспартаванню пацыентаў. У выпадку экстранных сітуацый пацыента могуць даставіць ва ўстанову, дзе яму змогуць правесці дыягностыку і аператыўнае лячэнне.

Таму далёка не заўсёды цэнтралізацыя і аптымізацыя азначаюць пагаршэнне якасці аказання тых ці іншых паслуг. Сістэма аховы здароўя Гродзеншчыны працягвае ўдасканальвацца. 

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
фота Гродзенская праўда

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю