Унікальная па змесце і фармаце рэспубліканская грамадска-культурная акцыя ўпэўнена крочыць па горадзе над Нёманам. Тут разгарнулася звыш 20 лакацый, у ліку якіх цікавыя выстаўкі, знакавыя сустрэчы, канцэрты, выступленні ў працоўных калектывах. Новы фармат вельмі горача вітаецца гараджанамі. А для мясцовых улад гэта своеасаблівы экзамен, да якога вельмі сур’ёзна ўсе рыхтаваліся.
Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель падчас кароткага брыфінгу адзначыў, што горад вельмі доўга чакаў гэта свята, і вось дзень настаў. «Наш горад — гэта жамчужына Беларусі, таму мы не маглі неяк не выдзеліцца, дзякуй усім арганізатарам!» — падкрэсліў мэр. Ён таксама акцэнтаваў увагу на тым, што жыццё ў горадзе мяняецца ў адпаведнасці з усёй краінай. «Усе мы памятаем, як пачыналася станаўленне суверэннай Беларусі, з якімі цяжкасцямі мы сутыкнуліся.
Дзякуючы моцнаму лідару, вакол якога згуртаваўся народ, мы зрабілі крок далёка наперад. Гэта відавочна па развіцці прадпрыемстваў, сацыяльнай сферы, і сёння Гродна ў многіх пазіцыях трымае лідарства. А гэта немагчыма без агульнай працы, адзінства нацыі», — выказаў меркаванне Андрэй Хмель. Таксама журналісты даведаліся і аб найбліжэйшых планах па будаўніцтве знакавых аб’ектаў і дарог. Праз тры гады Гродна адзначыць 900-гадовы юбілей, і будаўніцтва пашырыцца.
Незвычайна і яскрава пачаўся працоўны дзень на ААТ «Белкард». Тут у рамках «Марафону адзінства» сустракалі праект «Разам працуем, разам спяваем». Па словах дырэктара прадпрыемства Андрэя Яначкіна, наўрад ці хто памятае, каб артысты выступалі ў цэху, сярод станкоў: «Гэта падзея аб’ядноўвае нас, працоўныя калектывы, прадпрыемствы, гарады, а ў цэлым — нашу любімую Беларусь».
Дырэктар падкрэсліў, што за 70-гадовую гісторыю ў завода былі розныя перыяды, у тым ліку і вельмі складаныя. Але завод выстаяў і ўпэўнена рухаецца далей. Інвестыцыі ўкладваюцца ў новае абсталяванне, тэхналогіі, інфраструктуру. На пляцоўцы, дзе выступаюць артысты, у хуткім часе будуць стаяць новыя лініі, а гэта значыць, будуць расці аб’ёмы вытворчасці, экспартны патэнцыял.
Знаёмімся з інжынерам-элетронікам Ільёй Суздалевым. Ён разам з прадстаўнікамі завода прыйшоў на сустрэчу з беларускімі артыстамі. Малады чалавек расказаў, што работа на прадпрыемстве стабільная, заказаў хапае, усе накіраваны на тое, каб выканаць іх у тэрмін. Таксама зазначыў, што калектыў вельмі дружны, адчуваецца пастаянная падтрымка вопытных спецыялістаў. Ілья прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, у тым ліку ахвотна падключыўся да падрыхтоўкі акцыі «Марафон адзінства». Лічыць, што мерапрыемства вельмі знакавае для кожнага беларуса, бо дае магчымасць падзяліцца радасцю.
Дарэчы, у эмоцыях не было недахопу. Завадчане не толькі актыўна падпявалі беларускім артыстам, але і зладзілі карагод каля імправізаванай сцэны. Тут цёпла прымалі спявачку Уладу, салістку Вялікага тэатра Беларусі Марту Данусевіч, групу «Брэнд.Бай», Тараса Прысяжнюка, а таксама шоу-балет «Феерыя».
Тэматыка марафону выклікала вялікі інтарэс сярод гараджан. Нямала лакацый разгарнулася ў гандлёвых цэнтрах горада. Многіх зацікавіла выстаўка, прысвечаная 100-годдзю беларускага кіно, якую прадставіў Нацыянальны гістарычны музей Беларусі. Яго дырэктар Аляксандр Храмой расказаў, што ў экспазіцыі сабраны толькі сапраўдныя экспанаты, якія былі задзейнічаны ў такіх фільмах, як «Чырвонае лісце», «Прыгоды Бураціна» і іншых. Тут можна ўбачыць касцюм, пашыты спецыяльны для акцёра Мікалая Карачанцава з кінафільма «Белыя росы», яго гармонік, фотаздымак трох сыноў старога Хвядоса. Дарэчы, фільм, які здымалі ў тым ліку ў Гродне, стаў адным з самых касавых у гісторыі кінастудыі.
Касцюм і гармонік героя Карачанцава з «Белых рос»
Якія цікавыякспанаты дэманструюцца на выстаўцы «Стагоддзе беларускага кіно», якая праходзіць у Гродне падчас «Марафона адзінства»
Экспазіцыя з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі была ўпершыню прадстаўлена на юбілейным ХХХ міжнародным мінскім фестывалі «Лістапад», а ў рамках марафона пабывала ў Віцебску. Цяпер яе змаглі ацаніць і гродзенцы.
Выстаўка сапраўды незвычайная. Усе яе экспанаты — гэта рэквізіт са здымачных пляцовак. Асобнае месца адведзена культаваму фільму «Белыя росы», дарэчы, аднаму з самых касавых за ўсю гісторыю беларускага кінематографа. Тут можна ўбачыць касцюм, гальштук і гармонік, якія стваралі вобраз героя Мікалая Карачанцава. На другім стэлажы — рыцарскія даспехі герояў фільма «Дзікае паляванне караля Стаха». З гэтага фільма і шыкоўнае жыночае ўбранне, якое добра глядзіцца на манекене, а вось для сукенкі іншай гераіні фільма нават не знайшлі манекена — настолькі вузкая ў яе была талія. Таму проста памясцілі адзенне на паліцы. З фільма засталася і цікавая батлейка — сапраўдны твор мастацтва.
Нямала экспанатаў належыць папулярнаму ў свой час фільму «Прыгоды Бураціна». Тут сабраны цацкі, калпак, нават драўляныя башмакі галоўнага героя.
Звяртае на сябе ўвагу вялікая шыльда з надпісам «Чырвонае лісце» Менавіта так выглядала некалі афіша гэтага фільма, які зняты ў 1958 годзе рэжысёрам Уладзімірам Корш-Сабліным. Фільм прысвечаны падзеям 1936 года і звязаны з жыццём Сяргея Прытыцкага, які вёў падпольную дзейнасць за аб’яднанне Заходняй Беларусі менавіта на Гродзеншчыне. Тут можна ўбачыць адзенне галоўнага героя, яго асабістыя рэчы. Асобны сюжэт прысвечаны фільму «Чорны замак Альшанскі», які таксама мае непасрэднаые адносіны да Гродзеншчыны.
— У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі існуе філіял беларускага кіно, які займае тры паверхі экспазіцыйных плошчаў. Тут можна вельмі падрабязна даведацца аб 100-гадовай гісторыі беларускага кінематографа, — расказаў дырэктар музея Аляксандр Храмой. — Напрыклад, першы фільм «Лясная быль» створаны яшчэ ў 1926 годзе. Праўда, арыгінальных экспанатаў тых здымкаў не засталося, але нашы супрацоўнікі ўважліва прасачылі сюжэт фільма, і з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея мы падабралі такія экспанаты, якія адпавядаюць нашаму першаму фільму. А вось усе наступныя кіналенты так ці інакш захавалі сапраўдны рэквізіт.
За гэты час экспазіцыя значна аднавілася. Дзякуючы супрацоўніцтву з «Беларусьфільмам» і «Марафону адзінства» выстаўку могуць убачыць жыхары беларускіх рэгіёнаў. Кіраўнік музея адзначыў, што ў выязной экспазіцыі ў Гродне прадстаўлены толькі сапраўдныя экспанаты. Гэта дасць магчымасць наведвальнікам адчуць гісторыю кіно, убачыць знакавыя сюжэты, замацаваць сувязь паміж пакаленнямі.
Пазнавальна, яскрава, па-сяброўску. На «Марафоне адзінства» у Гродне было цікава і дарослым і дзецям
Унікальныя выстаўкі, знакавыя сустрэчы са знакамітымі беларусамі, святы на прадпрыемствах, новы мурал, гарадскі квэст, мноства інтэрактыўных пляцовак, канцэрт блогераў і гала-канцэрт «Час выбраў нас». Такой запомніцца тысячам гродзенцаў рэспубліканская грамадска-культурная акцыя, у ходзе якой зроблены важны крок да адзінства нацыі.
«Мы — народ Беларусі»
Кульмінацыяй марафона ў Гродне стаў гала-канцэрт "Час выбраў нас«з удзелам вялікай колькасці музычных калектываў і беларускіх салістаў. У зале панавала атмасфера сапраўднай гармоніі гукаў і адзінства.
— За кароткі тэрмін, а марафон стартаваў у верасні мінулага года, ён пабываў у 15 гарадах ва ўсіх рэгіёнах краіны, дэманструючы нашу адзіную культуру, багатую гісторыю і традыцыі — тое, чым мы можам па праву ганарыцца, — сказаў падчас адкрыцця гала-канцэрта прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. — Маштаб акцыі ўражвае. Такая атмасфера пануе і ў гэтым палацы.
Як падкрэсліў кіраўнік урада Беларусі, «Марафон адзінства» дазволіў яшчэ раз пераканацца ў тым, наколькі багатая наша гісторыя, наколькі разнастайная культура. І самае галоўнае — якія працавітыя, разумныя і таленавітыя людзі жывуць у Беларусі. Людзі Гродна — адлюстраванне гэтай багатай спадчыны.. Кожны жыхар уносіць свой уклад у развіццё горада, рэгіёну і краіны ў цэлым.
— Мы разам стварылі моцную незалежную Беларусь. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што аб’ядноўвае нас усіх: наша адзінства, наша сіла і наш агульны лёс. І наша адзінства — гэта не толькі пра мінулае, гэта аб сучаснасці і будучыні, — лічыць прэм’ер- міністр.
Космічны і кніжны акцэнт марафона
Многім гродзенцам запомнілася сустрэча з першым беларускім касманаўтам Марынай Васілеўскай. Гараджане маглі задаць пытанні як на касмічную тэму, так і асабістага характару. Марына расказала, што з дзяцінства была патрыётам сваёй краіны. Такое ж пачуцце было і калі трапіла ў космас і ўбачыла Зямлю з вышыні 400 кіламетраў. Тады зразумела, наколькі каштоўны мір, як важна яго захаваць.
— Сёння мы ганарова можам называцца касмічнай дзяржавай. І гэта стала магчымым толькі дзякуючы нашаму Прэзідэнту. Мы не будзем спыняцца на дасягнутым, абавязкова працягнем развівацца ў касмічнай сферы, — зазначыла Марына.
Сама яна працягвае гуманітарную місію і з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускага фонду міру, які аказвае дапамогу дамам дзіцяці і ветэранам.
У гэты ж дзень у рамках «Марафона адзінства» у Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Карскага адбыўся праект «Веды без межаў», у выніку якога фонды бібліятэчнай сістэмы рэгіёна папоўнілі 300 экзэмпляраў сацыяльна значнай літаратуры. Таксама бібліятэкі атрымалі сертыфікаты на доступ да рэспубліканскіх электронных рэсурсаў. Прыемную місію ажыццявіў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін.
Інтэрактыўны квартал марафона
Галоўнай лакацыяй другога дня рэспубліканскай акцыі стала пляцоўка Лядовага палаца дзяржаўнай установы «Хакейны клуб «Неман». Тут разгарнуўся выставачна-гандлёвы гарадок з цэлым комплексам экспазіцый, фудтракам, сцэнічнай пляцоўкай. Значную частку наведвальнікаў складалі маладыя гродзенцы, якія прыйшлі паўдзельнічаць у квэсце, убачыць ваенную тэхніку, паслухаць музычныя выступленні беларускіх артыстаў і блогераў.
Больш за 1 тысячу удзельнікаў і каля 100 каманд сабраў гарадскі квэст «Гэта ўсё маё, роднае», які прайшоў у рамках марафона. Самай папулярнай стала дзесятая станцыя «Бульба Дэнс», дзе ўдзельнікі змаглі паказаць свае танцавальныя навыкі і ад душы павесяліцца.
Цікавасць выклікала і выстаўка ваеннай пагранічнай тэхнікі. На пляцоўцы Лядовага палаца было прадстаўлена звыш 70 унікальных экспанатаў, асноўная частка якіх — гэта сучасныя ўзоры ўзбраення і тэхнічных сродкаў пагранічнага кантроля, а таксама інавацыйныя сродкі аховы граніцы і сувязі. Фішкай выстаўкі сталі паказальныя выступленні па рукапашнаму бою і дэманстрацыя работы кінолагаў.
Мурал у спадчыну гораду
Важным складнікам марафона стаў удзел беларускіх блогераў. Для іх было падрыхтавана некалькі экскурсій на прадпрыемствы, а пад заслону марафона топавыя блогеры выступілі на канцэртнай пляцоўцы Лядовага палаца. Іх віталі каля 15 тысяч гледачоў. Адным з нумароў стаў новы хіт у іх — «Я цябе люблю, Радзіма мая!».
Што датычыць спадчыны марафона, яна таксама застанецца. Гэта сімвалічны мурал «Будычыня Беларусі ў тваіх руках». Слоган накіраваны на падрастаючае пакаленне, якое обавязана зберагчы каштоўнасці, якія назапашаны ў краіне. Падлічана, што агульная плошча падобных арт-аб’ектаў у 15-ці гарадах краіны дасягае 4 тысяч 750 квадратных метраў. Праект рэалізаваны агульнымі намаганнямі рэспубліканскага, абласнога і гарадскога штабоў студэнцкіх атрадаў грамадскага аб’яднання БРСМ і размешчаны на будынку паштовага аддзялення па вуліцы Будзённага.
А яшчэ напамінам аб марафоне ў многіх гродзенцаў застанецца сувенірная прадукцыя з пазнавальнай эмблемай — шалікі, шапкі, шоперы, футболкі... І абавязкова добрыя ўражанні.
Фота аўтара, БелТА і з адкрытых крыніц