Віадук знаходзіцца каля Румлёўскага парка. Ён пабудаваны на месцы старога маста, які з цягам часу прыйшоў у аварыйны стан і быў зачынены для прахода. Для многіх жыхароў Занеманскай часткі горада гэта стварыла значныя праблемы. Мост звязвае не толькі дзве часткі парка, але і забяспечвае доступ да важных аб’ектаў інфраструктуры, жылога мікрараёна, устаноў адукацыі. Таму было прынята рашэнне віадук адрамантаваць.
Дарэчы, ідэя аднаўлення маста была актыўна падтрымана гараджанамі. А найбольш ярка гэту просьбу агучыў гродзенскі гімназіст Валерый Чарненка, які у красавіку 2023 года выступіў падчас урачыстага адкрыцця маста праз Нёман. Ён звярнуўся да прадстаўнікоў улады з просьбай аднавіць мост і ў Румлёўскім парку.
Амаль год вялася распрацоўка плана яго рэканструкцыі, а ў чэрвені 2024 года пачаліся непасрэдна будаўнічыя работы. Яны праходзілі ў некалькі этапаў. Напачатку былы віадук разабралі, затым пабудавалі новы з выкарыстаннем метада «насоўвання». Для гэтага спатрэбілася амаль 300 кубоў бетона. Вага маста складае звыш 100 тон.
Для бяспекі пешаходаў устаноўлена новае асвятленне. Парэнчы і навес для большай трываласці зроблены з ацынкаванага метала. Таксама адноўлена тратуарная плітка. Віадук даволі прасторны, яго шырыня складае 3 метра, а вышыня — 18.
Як зазначыў губернатар Уладзімір Каранік падчас адкрыцця аб’екта, новы мост значна палепшыць лагістыку жыхароў мікрараёна, стане зручным спосабам пешага руху. «Мы і надалей будзем будаваць масты, дарогі для таго, каб жыццё нашых людзей было больш камфортным, а краіна — прыгожай і дагледжанай», — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.
Фота з адкрытых крыніц