Top.Mail.Ru

У Гродне павіншавалі сужэнскія пары, якія сталі мамамі і татамі на Тыдні бацькоўскай любові

У Беларусі завяршыўся Тыдзень бацькоўскай любові. З 14 па 21 кастрычніка адбылося нямала цікавых і вельмі душэўных мерапрыемстваў. У Гродне гэтую чараду ўрачыстасцяў завяршылі ў Гродзенскім абласным клінічным перынатальным цэнтры. Тут ва ўрачыстай абстаноўцы павіншавалі пары, якія сталі мамамі і татамі ў Тыдзень бацькоўскай любові.



У актавай зале перынатальнага цэнтра сабраліся бацькі з усёй вобласці. Яны прымалі падарункі і цёплыя віншаванні. З 14 па 21 кастрычніка на свет з’явіліся 19 новых чалавек. Нарадзіліся 12 маленькіх хлопчыкаў і 7 чароўных дзяўчынак. Усе нованароджаныя і іх маці адчуваюць сябе выдатна, акружаныя клопатам і ўвагай. Кожнае новае жыццё — гэта цуд, і ўсе былі шчаслівы падзяліць з імі гэтыя моманты радасці і цяпла.

Як падкрэсліў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, у рэгіёне і краіне робіцца ўсё магчымае для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі. Асаблівая ўвага ўдзелена падтрымцы шматдзетных сем’яў. Кіраўнік вобласці адзначыў, што ў Беларусі відаць сур’ёзнасць намераў дзяржавы ствараць спрыяльныя ўмовы для нараджэння і выхавання дзяцей.

— Моцныя сямейныя адносіны вельмі важныя, а са шчасцем мацярынства нішто не можа параўняцца. У многіх краінах няма такога паняцця, як дэкрэтны водпуск. У некаторых дзяржавах сямейныя каштоўнасці і падтрымка мацярынства застаюцца на другім плане, што негатыўна адбіваецца на дэмаграфічнай сітуацыі. У той жа час у Беларусі існуюць праграмы, накіраваныя на падтрымку сем’яў і стымуляванне нараджальнасці, што садзейнічае ўмацаванню нацыянальнага адзінства і стабільнасці, — адзначыў Юрый Караеў.

Маці хоць і хваляваліся, але з вялікім задавальненнем падзяліліся сваімі думкамі і ўражаннямі. Карыне Яскевіч 26 гадоў, яна стала мамай упершыню. Яны з мужам жывуць і працуюць у Лідзе. Дачку Дамініку яны вельмі чакалі.

— Малая нарадзілася здаровай, 52 сантыметры і 3,2 кілаграма. Мы вельмі рады! Хацелі б з мужам вялікую сям’ю, у планах чацвёра дзяцей. Вядома, мы ўсведамляем усю адказнасць і гатовы дарыць нашай малой і будучым дзецям клопат і любоў. А для выхавання дзяцей у нас ёсць усе неабходныя ўмовы, — падзялілася Карына.

Наталля Касцюк стала мамай шосты раз. Яе сын Мірон нарадзіўся якраз на Дзень маці, 14 кастрычніка, і стаў самым доўгачаканым падарункам да свята.

— Я адчуваю вялікі гонар за сваіх дзяцей. Два старэйшыя сыны вучацца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Малодшыя сын і дзве дачкі пакуль школьнікі, усе яны цудоўна вучацца, займаюцца спортам і творчасцю. Мая сям’я — гэта мой тыл, дзе мы заўсёды падтрымліваем адно аднаго і не пакідаем у бядзе. Гэта шчасце, якое складана апісаць словамі. Таксама я хачу адзначыць значную падтрымку з боку дзяржавы ў пытаннях мацярынства і дзяцінства. Дзякуючы ўказу № 13 мы пабудавалі прасторны дом, дзе часта чутны дзіцячы смех. Ад усёй душы дзякую кіраўніку дзяржавы!

Завяршылася мерапрыемства закладкай Саду сямейнага шчасця.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю