Top.Mail.Ru
81

У Гродне падвялі вынікі абласнога конкурсу «Я — заканадавец»

Моладзь гатова прапаноўваць ідэі

Да ўдзелу запрашаюцца школьнікі, навучэнцы каледжаў і студэнты ўніверсітэтаў. Дзякуючы ініцыятыве моладзь можа лепш зразумець асновы прававой культуры і заканатворчага працэсу. Ацэнку работ канкурсантаў праводзіла камісія, якую ўзначаліла Алена Пасюта, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.

Конкурс складаўся з двух этапаў. На першы было адпраўлена больш за сотню работ, з якіх журы выбрала шэсць фіналістаў. Было прапанавана паўдзельнічаць у трох намінацыях: «Мой погляд на паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў раёне/горадзе (аналітычнае эсэ)», «Маладзёжная палітыка: неабходныя змены, тэндэнцыі і перспектывы», «Як зацікавіць моладзь у працы ў вёсцы?». Як расказала Алена Пасюта, удзельнікі прапанавалі шэраг цікавых і актуальных ідэй для развіцця сельскіх тэрыторый. Работы канкурсантаў змяшчаюць каштоўныя думкі і прапановы, якія могуць быць карысныя для будучых заканатворчых рашэнняў.

— Адной з найбольш цікавых тэм стала праблема прыцягнення моладзі на сяло. Удзельнікі конкурсу прапанавалі цэлы комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне жыцця ў сельскай мясцовасці. Яны адзначылі такія станоўчыя моманты, як добрая экалогія, прастора для самаразвіцця і індывідуальнага прадпрымальніцтва, а таксама патэнцыял для развіцця агратурызму. Аднак канкурсанты таксама ўказалі на існуючыя праблемы. Яны прапанавалі стварыць месцы, дзе маладыя людзі маглі б сустракацца, праводзіць вольны час і навучацца, — расказала Алена Пасюта.

Як падкрэсліла старшыня аблсавета, усе ініцыятывы маладых людзей будуць улічаны і накіраваны ў Савет Рэспублікі ў Пастаянную камісію па мясцовым самакіраванні. Яна адзначыла, што менавіта з гэтага ўзросту зараджаецца рацыянальнае зерне ў розумах моладзі, якое варта прааналізаваць.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота voran.by.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю