Top.Mail.Ru

У Гродне кіраўніцтва вобласці ацаніла ход будаўніцтва новай бальніцы

Гатоўнасць 65-70 %

На Гродзеншчыне актыўна ідзе будаўніцтва сацыяльна значных аб’ектаў. Адзін з іх — новая бальніца па праспекце Янкі Купалы. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў ацаніў ход работ.

Будаўніцтва бальніцы пачалося вясной мінулага года па даручэнню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Тады была пастаўлена няпростая задача — здаць праект на працягу двух гадоў. Тэрмін заканчэння будаўнічых работ — красавік 2026 года. Гэты медыцынскі комплекс абяцае стаць важным аб’ектам у галіне аховы здароўя. У ім будзе прадугледжана 502 койкі, што дазволіць аказваць дапамогу вялікай колькасці пацыентаў.

Комплекс будзе складацца з некалькіх сучасных аддзяленняў: кардыялогіі, пульманалогіі, неўралогіі, рэўматалогіі і алергалогіі. Гэта забяспечыць комплекснае лячэнне і дыягностыку розных захворванняў. Асаблівая ўвага ўдзелена інфраструктуры: прадугледжаны кіслародная станцыя і рэзервовая кацельня, што гарантуе бесперабойную работу бальніцы ў любых умовах. Акрамя таго, паміж карпусамі будзе абсталяваны падземны пераход для зручнасці перамяшчэння.

Як адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, будаўнікі Гродзеншчыны не падводзяць і добра спраўляюцца са сваёй работай дзякуючы вопыту і ўмелым арганізатарскім здольнасцям. «Нацэльваю будаўнікоў на тое, каб мы ў апошнія два месяцы не працавалі ва ўмовах нервовага зрыву і штурмаўшчыны. Важна, каб работа не ішла ў знясіленым рэжыме, а прасоўвалася ў сярэдняй напрузе. Таму разам з маім намеснікам па будаўніцтве і ЖКГ Андрэем Вячаслававічам Жуком мы рэгулярна наведваем гэты аб’ект. Камень, які мы бачым на ўездзе ў шпіталь, быў закладзены ў дзень пачатку будаўніцтва пры ўдзеле кіраўніка дзяржавы. Нам важна не падвесці ні яго, ні жыхароў горада і вобласці», — расказаў Юрый Караеў. 

  • Таксама ён зазначыў, што ў медыкаў Гродзеншчыны вялікія планы на аб’ект і ў цэлым на сістэму аховы здароўя. У горадзе застанецца толькі адна гарадская бальніца, а ўсе астатнія будуць мець статус абласных. Так, бальніца, якая будуецца, будзе ўключаць аддзяленні, якія працуюць цяпер у 2-й і 3-й гарадскіх бальніцах. Такая рэарганізацыя дапаможа сістэме аховы здароўя рэгіёна больш свабодна манеўраваць сваімі магчымасцямі і аказваць яшчэ больш аператыўную дапамогу пацыентам.

На будаўнічай пляцоўцы актыўна вядуцца работы. Каля 300 спецыялістаў працуюць у дзве змены, у тым ліку ў выхадныя дні, каб мінімізаваць страты часу. Аддзелачныя, абліцавальныя і мантажныя работы ўжо ў працэсе, а таксама ўстанаўліваюцца ліфты і інжынерныя сістэмы.

«Усе работы ідуць па графіку, уся працаёмкасць палічана. Для „Гроднажылбуда“ гэта не зусім звыклы аб’ект, — расказаў генеральны дырэктар ААТ „Гроднажылбуд“ Алег Ушкевіч. — Але ўсе мы перастроіліся, у нас граматны калектыў, многія цэлымі дынастыямі працуюць. Думаю, гэта будзе адна з найлепшых бальніц у краіне. Гэта датычыцца як функцыянальнасці і зручнасці, так і знешняга выгляду. Нам прапаноўвалі пабудаваць проста звычайную „скрынку“, але такое рашэнне нас не задаволіла».

Прагноз па будаўніцтве станоўчы, што не можа не радаваць, бо гэты значны аб’ект дапаможа яшчэ лепш наладзіць работу ў сферы аховы здароўя.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю