Top.Mail.Ru
351

У Гродне адбыўся першы форум маладых спецыялістаў

Першыя працоўныя гады — асабліва хвалюючы час для маладых спецыялістаў. У краіне робіцца ўсё для таго, каб іх адаптацыя прайшла паспяхова і пасля заканчэння адпрацоўкі яны замацаваліся. На Гродзеншчыне было прынята рашэнне правесці І Гродзенскі гарадскі форум маладых спецыялістаў, які сабраў больш за 150 удзельнікаў.



У Гродне сабраліся маладыя прафесіяналы, якія ў 2025 годзе зрабілі свой першы крок у кар’еры. Форум, які аб’яднаў іх, — важны крок на шляху да паспяховай кар’еры. Тут моладзь змагла не толькі даведацца пра магчымасці, якія адкрывае перад ёй статус маладога спецыяліста, але і задаць пытанні непасрэдна прадстаўнікам улады. Гэта ўнікальная магчымасць для адкрытага дыялогу, дзе кожны змог атрымаць адказы на пытанні, якія яго хвалююць.

Як зазначыў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель, на першых месцах работы маладыя спецыялісты могуць сутыкнуцца з разнастайнымі праблемамі: фінансавымі, эмацыйнымі, жыллёвымі. Важна выявіць гэтыя цяжкасці на пачатковым этапе.

— Мы рады вітаць маладых спецыялістаў на нашай пляцоўцы. У Беларусі надаецца асаблівая ўвага моладзі, мы імкнёмся дапамагчы ім у адаптацыі і развіцці. Гродна — выдатны горад для пабудовы кар’еры і жыцця. Тут ёсць усе ўмовы для прафесійнага росту ў розных сферах. Але, несумненна, моладзь таксама павінна старанна працаваць і разлічваць на свае сілы. Перакананы, што маладыя спецыялісты змогуць рэалізаваць свой патэнцыял і ўнесці ўклад у развіццё горада і краіны ў цэлым, — адзначыў Андрэй Хмель.

Форум таксама стаў пляцоўкай для абмену досведам і ведамі. Запрошаныя эксперты падзяліліся практычнымі парадамі і настаўленнямі, якія дапамогуць маладым прафесіяналам упэўнена крочыць па кар’ернай лесвіцы. Маладыя спецыялісты з натхненнем расказвалі пра сваю работу. Ганна Карпінчык скончыла ГрДУ імя Янкі Купалы, яе першым працоўным месцам стала навуковая бібліятэка Купалаўскага ўніверсітэта.

— Я працую ў аддзеле інфармацыйна-бібліятэчных тэхналогій з базамі дадзеных. Таксама я займаюся сацыяльнымі сеткамі бібліятэкі. З першых дзён я адчула сябе як рыба ў вадзе дзякуючы прыязнай атмасферы ў калектыве. Мой кіраўнік адразу ж пачала ўводзіць мяне ў курс справы. Мне падалі ўсе неабходныя матэрыялы, якія дапамагалі лепш асвоіцца. У цэлым ва ўніверсітэце створана праграма падтрымкі маладых спецыялістаў. Акрамя таго, я адчула падтрымку ад дзяржавы, якая праяўляецца ў выглядзе дадатковых ільгот, такіх як паніжаны падаходны падатак і надбаўкі. У цэлым я вельмі задаволеная сваім выбарам і ўдзячная за магчымасць працаваць у такой цудоўнай камандзе. Я ўпэўнена, што дзякуючы падтрымцы і навучанню я змагу дасягнуць вялікіх поспехаў у сваёй прафесійнай дзейнасці.

Валерыя Падляшчук працуе ўрачом-рэнтгенолагам ва Універсітэцкай клініцы. Сюды яна трапіла па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

— У 2025 годзе я зрабіла адзін з самых важных крокаў у сваім жыцці — пачала кар’еру доктара на сваім першым працоўным месцы. Медыцыну выбрала не выпадкова. Мне заўсёды хацелася дапамагаць людзям, і я радая, што мая мара здзейснілася. Універсітэцкая клініка актыўна развіваецца, і я ганаруся тым, што магу быць часткай яе калектыву. Мой настаўнік заўсёды падтрымлівае мяне ў любых пачынаннях. Ён дапамагае мне ў прафесійных пытаннях, заўсёды дасць добрую параду. Дзякуючы яго дапамозе і падтрымцы я адчуваю сябе ўпэўнена і гатова да любых выклікаў. Я веру, што медыцына — гэта не проста прафесія, а пакліканне. Я хачу быць карыснай грамадству. Гатова працаваць над сабой, вучыцца і развівацца, каб дасягнуць сваіх мэт і стаць выбітным прафесіяналам.

Аляксандр Ціханчук, інжынер-канструктар, працуе на ААТ «ГроднаАзот». Ён скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і быў размеркаваны на прадпрыемства.

— Я праходзіў вытворчую практыку на «ГроднаАзот». Мяне заўважылі і прапанавалі паспрабаваць сябе ў якасці паўнавартаснага супрацоўніка, што стала для мяне вялікім крокам наперад у кар’еры. Я ўражаны маштабамі прадпрыемства і ягонай значнасцю для эканомікі краіны. Хаця адказнасць на новай пасадзе высокая, я ўпэўнены ў сваіх сілах і гатовы да новых выклікаў. Мае старэйшыя калегі заўсёды гатовы падтрымаць і дапамагчы ў асваенні новых абавязкаў. Гэта стварае камфортную працоўную атмасферу і дапамагае хутчэй адаптавацца да новых умоў. Я рады, што атрымаў магчымасць працаваць у такой дружнай камандзе. Для мяне важна, што прадпрыемства дае камфортныя ўмовы для пражывання. Мне ўжо падалі арэндную кватэру, што значна аблягчыла пераезд з Пінска Брэсцкай вобласці. Я пераехаў разам з жонкай. Упэўнены, што змагу апраўдаць давер, які на мяне ўскладзены, — дзеліцца Аляксандр.

Гродна адчыняе свае дзверы для новых талентаў, і гэты форум — яскравы прыклад таго, як горад гатовы падтрымліваць і развіваць сваіх маладых жыхароў. Гэта шанс для кожнага з удзельнікаў зрабіць першы крок да вялікай будучыні, знайсці сваё пакліканне і стаць часткай вялікай гісторыі Гродна.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара

Чытайце таксама: Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка адказаў на пытанні маладых спецыялістаў Міншчыны

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю