Top.Mail.Ru

У Гродне абмяркоўваюць пытанні інфармацыйнай бяспекі

Дыскусіі праходзяць у рамках XІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект у забеспячэнні інфармацыйна-палітычнай бяспекі дзяржавы: дыскурсы, канцэпты і практыкі». Навуковы форум прымеркаваны да 30-годдзя Усебеларускага народнага сходу і праходзіць з 21 па 22 мая.



У першы дзень праходзяць пленарныя пасяджэнні, дзе выпрацоўваюцца асноўныя вектары навуковых дыскусій. Тэма актуальная як ніколі, бо сучасныя тэхналогіі прыносяць далёка не толькі карысць, а магчымасці штучнага інтэлекту часам нават пужаюць. Неверагодна рэалістычныя генерацыі, дыпфейкі, ШІ піша праграмныя коды, дапамагае з напісаннем тэкстаў, можа апрацоўваць вялізныя масівы дадзеных. І тут вельмі важна засцерагчы сябе і дзяржаўныя базы даных. Як адзначыў старшыня ЦВК Ігар Карпенка, неабходна ставіць у аснову бяспеку і выключаць магчымасць знешняга ўздзеяння, а для гэтага неабходна ствараць свае ўласныя прадукты, каб ні ад каго не залежаць. Вядома, досвед іншых дзяржаў вывучаецца, але пры гэтым у аснове ляжаць уласныя тэхналогіі.

— Развіццё лічбавай інфраструктуры з’яўляецца адным з пунктаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, якая не так даўно была прынята Усебеларускім народным сходам. І гэтая сфера цікавая ЦВК з пункту гледжання аптымізацыі руцінных пытанняў, напрыклад збору інфармацыі, працы з базамі даных. І вельмі цікава вывучыць меркаванні экспертаў навуковай супольнасці па пытаннях цыфравізацыі, штучнага інтэлекту і інфармацыйных інавацый, якія шырока прымяняюцца ў розных галінах жыцця. Важна даведацца, якія перспектывы бачаць вучоныя і прадстаўнікі міжнароднай супольнасці, якія ўдзельнічаюць у канферэнцыі. Неабходна ўважліва вывучыць навуковыя дыскусіі, каб вызначыць найлепшыя шляхі развіцця эканамічнай і сацыяльнай інфраструктуры.

У складзе прэзідыума канферэнцыі і начальнік Сакратарыята ВНС Валерый Міцкевіч, які звярнуў увагу на тое, што Усебеларускі народны сход прымае стратэгічныя рашэнні, важнейшыя кадравыя пытанні і дакументы. І абысці бокам сферу лічбавых тэхналогій проста немагчыма.

— У праграмных дакументах, уключаючы Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, значная ўвага надаецца цыфравізацыі, штучнаму інтэлекту і звязанымі з імі дасягненнямі. УНС адыгрывае ключавую ролю ў забеспячэнні інфармацыйна-палітычнай бяспекі краіны ва ўмовах лічбавай трансфармацыі. Асноўная задача — заключаецца ў супрацьдзеянні выклікам і пагрозам, звязаным з выкарыстаннем ШІ-тэхналогій у ваенна-палітычнай сферы.


Віктар Ватыль, доктар палітычных навук, прафесар і загадчык кафедры паліталогіі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама сустаршыня арганізацыйнага камітэта канферэнцыі, падкрэсліў, што асноўны фокус мерапрыемства — пытанні бяспекі, уключаючы інфармацыйна-палітычную. Ва ўмовах узмацнення глабальных і рэгіянальных ваенна-палітычных напружанняў гэтая тэма набывае асаблівую актуальнасць. Наш Прэзідэнт падкрэсліў, што захаванне свабоднай і незалежнай Беларусі — ключавая задача, якую неабходна вырашаць пастаянна і сумеснымі намаганнямі. Асаблівасцю гэтай канферэнцыі з’яўляецца абмеркаванне кагнітыўнай бяспекі. У святле бягучых ваенна-палітычных канфліктаў у Еўропе і на Блізкім Усходзе стала відавочна, што шмат залежыць ад таго, хто фарміруе інфармацыйны парадак дня і якія мадэлі, ідэі, пачуцці і перакананні ўкараняюцца ў грамадскую свядомасць.

Удзел у канферэнцыі бяруць больш за 200 чалавек з розных краін, прычым не толькі блізкага замежжа. Ёсць удзельнікі з Японіі, Грэцкай Рэспублікі, Ірака, Індыі і іншых краін. У другі дзень канферэнцыі вучоныя пачнуць абмеркаванні ў рамках тэматычных пасяджэнняў. Таксама падчас канферэнцыі пройдуць абмеркаванні розных палітычных тэм, у тым ліку філасофіі, псіхалогіі, параўнальнай паліталогіі, сусветнай палітыкі. Акрамя таго, канферэнцыя стане спосабам інфармацыйнай асветы, якая дапаможа лепш разбірацца ў найноўшых тэхналогіях і не весціся на фэйкі, якіх у сетцы нямала.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю