Top.Mail.Ru

Ключавая роля ў вырашэнні праблемы дамоў, якія пустуюць, — у старшынь сельсаветаў

Была хата пустая — стала жылая


Навядзенне парадку на зямлі — адна з галоўных задач для мясцовых органаў улады. Асабліва актуальна ў сельскай мясцовасці вырашэнне праблемы з пустымі дамамі, і яно кладзецца найперш на плечы мясцовых органаў самакіравання, менавіта пад іх эгідай адбываюцца ўсе працэсы. Акрамя таго, сельскія саветы актыўна працуюць з насельніцтвам, арганізуючы суботнікі і падтрымліваючы грамадзянскія ініцыятывы. Гэта дазваляе не толькі прыводзіць у парадак населеныя пункты, але і рабіць іх больш прывабнымі для жыцця.


У Гродзенскай вобласці толькі ў 2025 годзе былі прыведзены ў парадак 1222 дамы, якія пустуюць, у сельскай мясцовасці. Аднак ёсць яшчэ над чым працаваць. Сярод асноўных праблемных пытанняў, з якімі сутыкаюцца на месцах, — узаемадзеянне з уласнікамі. Аб гэтым і аб іншых нюансах ішла гутарка на нарадзе па праблемных пытаннях, якія датычацца рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі».

«Варта сказаць, што дзякуючы карпатлівай працы па добраўпарадкаванні, сельская мясцовасць становіцца больш цікавай для грамадзян і колькасць прададзеных, а не знесеных дамоў расце, што не можа не радаваць. Вельмі прыемна даваць другое жыццё закінутым дамам», — адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена ПАСЮТА.

Асабліва паспяховай работа з дамамі, якія пустуюць, прызнана ў Слонімскім раёне, паведаміла кіраўнік дэпутацкага корпуса. Тут ужо прыведзены ў парадак 68 хат, што сведчыць аб наяўнасці эфектыўнай сістэмы. Добра спраўляецца і Шчучынскі раён. Але калі глядзець увогуле, то ў цэлым усе раёны трымаюць на кантролі гэтае пытанне і эфектыўна працуюць.

Штогод па краіне ў гаспадарчы абарот уключаецца звыш чатырох тысяч дамоў, якія пустуюць. Лічба расце з кожным перыядам: калі ў 2023 годзе іх было крыху менш за чатыры тысячы, то ў бягучым годзе плануецца дасягнуць паказчыка ў пяць тысяч дамоў. Пасля зносу аб’ектаў, якія пустуюць, землі выкарыстоўваюцца альбо ў сельскай гаспадарцы, альбо прадаюцца новым уласнікам, што спрыяе ўцягванню іх у гаспадарчы абарот.

Як расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання зямельных адносін, землеўпарадкавання і зямельнага кадастру Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Вікторыя ВЕРЫНА, у Беларусі працягваецца актыўная работа па скарачэнні колькасці дамоў, якія пустуюць, і навядзенні парадку на зямлі. Праца з дадзенымі аб’ектамі рэгулюецца на заканадаўчым узроўні з 2006 года. Паступова заканадаўства ўдасканальваецца, аднак на практыцы ўзнікаюць пытанні, звязаныя з сумежнымі прававымі нормамі. Напрыклад гэта можа датычыцца пошуку спадчыннікаў за мяжой, пытанняў, звязаных з атрыманнем у спадчыну або вызначэння парадку зняцця з рэгістрацыйнага ўліку.

— Цяпер вядзецца работа па ўнясенні змяненняў ва Указ Прэзідэнта № 116, грунтуючыся на аналізе практыкі і абагульненні вопыту. Гэта дае магчымасць аператыўна рэагаваць на праблемныя сітуацыі і ўносіць неабходныя карэкціроўкі, — расказала спецыяліст. — Мінская вобласць лідзіруе па колькасці продажаў, бо яна прылягае да сталіцы і хаты там найбольш запатрабаваны. Аднак і ў іншых рэгіёнах краіны вядзецца актыўная работа як па продажы, так і па зносе нерухомасці, якая пустуе. Для павышэння эфектыўнасці работы створаны адзіны рэестр пустых дамоў, доступ да якога кожны можа атрымаць праз інтэрнэт. Акрамя таго, нацыянальнае кадастравае агенцтва стварыла тэлеграм-канал, у якім таксама змяшчаецца актуальная інфармацыя аб дамах, якія пустуюць, прапанаваных да продажу, і адказы на пытанні карыстальнікаў.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Віталь НЯВЕРА падкрэсліў, што працэс вяртання закінутых будынкаў у эксплуатацыю павінен строга адпавядаць заканадаўству. Прымяненне Указа № 116 унікальнае і не мае аналагаў у міжнароднай практыцы. Вопыт Беларусі выклікае цікавасць у замежных калег, асабліва ў прадстаўнікоў профільных ведамстваў Расійскай Федэрацыі, якія разглядаюць магчымасць укаранення такой сістэмы на федэральным узроўні.

Старшыня камітэта адзначыў таксама, што працэдура прызнання дамоў пустуючымі часта ўспрымаецца як празмерна складаная. Яна патрабуе збору значнага аб’ёму дакументаў і судовага суправаджэння, што істотна павялічвае нагрузку на спецыялістаў на месцах. Але спрашчэнне гэтага механізма без парушэння канстытуцыйных гарантый права прыватнай уласнасці немагчыма.


Асаблівае значэнне ў рэалізацыі Указа № 116 Віталь Нявера надаў старшыням сельскіх выканаўчых камітэтаў. На яго думку, менавіта іх ініцыятыўнасць і актыўнасць адыгрываюць ключавую ролю ў дасягненні канчатковага выніку. У старшынь ёсць дастатковы аб’ём паўнамоцтваў для вырашэння многіх пытанняў. Важна эфектыўна выкарыстоўваць прадастаўленыя інструменты і прымаць рашэнні, накіраваныя на рацыянальнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў і бюджэтных сродкаў.


Дарэчы

Гродзенская вобласць лідзіруе па колькасці прададзеных дамоў, якія пустуюць, за ІІ квартал. Аб гэтым расказалі БелТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага кадастравага агенцтва, з красавіка па чэрвень у Беларусі прададзена 357 дамоў, якія пустуюць. Амаль у кожным другім выпадку (193 здзелкі) кошт склаў усяго 1 базавую велічыню. Самым дзейсным месяцам стаў чэрвень — 147 продажаў.

У Дзяржкаммаёмасці прывялі лічбы па рэгіёнах: Гродзенская вобласць — 96, Мінская — 64, Брэсцкая — 63, Віцебская — 57, Магілёўская — 56, Гомельская — 21. Без таргоў прададзена 217 дамоў, праз аўкцыён — 140 дамоў.

«Цікавасць да таннай загараднай нерухомасці захоўваецца. Пакупнікі шукаюць летнія дачы, зямлю ў цішыні і базу для ўладкавання ўтульнай сядзібы», — расказалі ў камітэце. 

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю