У Гродна прыбыў Віфлеемскі агонь, перадае БелТА.
Як расказаў настаяцель кафедральнага сабора Францыска Ксаверыя ў Гродне Ян Кучынскі, сённяшняя падзея традыцыйная. «Як і кожны год мы прымаем гэты агонь, гэтую радасць, — сказаў ён. — З рук у рукі перадалі гэты Віфлеемскі агонь як сімвал, як знак міру, любові, спакою і, вядома ж, рэлігійнага адзінства. Мы розныя, па-рознаму ўсе канфесіі вызнаюць Бога, вызнаюць Ісуса як Сына Божага, а Ісус менавіта праз гэты агонь, які да нас прыбывае з Віфлеема, як бы падкрэслівае, што ён адзін для ўсіх».
Ян Кучынскі падкрэсліў, што ўсе жадаючыя могуць узяць часцінку агню незалежна ад веравызнання: «Ад аднаго вялікага агню, вогнішча, можна сказаць, разыходзяцца маленькія прамяні. Гэта як сонейка свеціць, а прамяні ўсюды трапляюць. Таксама і прамяні трапляюць ад гэтага агню ў нашы сем’і, каб і там асвятліць, каб туды прынесці мір і спакой».
Настаяцель храма расказаў, што асабліва шмат жадаючых забраць часцінку агню з Віфлеема 24 снежня, на Куццю. «Такая склалася ўжо традыцыя, што прыносіцца дадому агонь, ставіцца на вігілійны стол, калі ўсе разам збіраемся за сталом і дзелімся аблаткай. І гэты агонь сімвалізуе прысутнасць Ісуса Хрыста. Гэта вельмі значна і знамянальна для кожнага з нас, — сказаў Ян Кучынскі. — Калі хтосьці пройдзе міма фарнага касцёла 24 снежня, то ўбачыць, што рака з лампад з касцёла зыходзіць. Людзі прыходзяць, бяруць і нон-стоп выходзяць. Гэта радуе сэрца, таму што мы хочам перажываць усе разам Раство, хочам у любові перажыць, у дабрыні, падзяліцца сваім сэрцам з блізкімі». Гарэць у Фарным касцёле Віфлеемскі агонь будзе да 25 снежня.
Каталіцкія скаўты, якія прывезлі агонь у Гродна, падзяліліся, што місія для іх нягледзячы на тое, што не новая, але ад таго не менш адказная і важная. «Сама назва Віфлеемскага агню гаворыць сама за сябе. Гэта агонь міру, спакою, каб гэты мір і спакой запаліць у кожным сэрцы чалавека. Асабіста мяне перапаўняе вялізная радасць, што можам дзяліцца гэтым мірам з іншымі, з сябрамі, са скаўтамі, з усімі прыхажанамі», — сказаў каталіцкі скаўт Павел Раманчук.
Яго калега Алег Сенкель дапоўніў: «Безумоўна, гэта вялікая радасць і адказнасць таксама. Мы перадаем гэты агонь людзям, людзі яго прымаюць, гэта сімвал дабра, міру, любові, прымірэння. Людзі жадаюць жыць у радасці, шукаюць шчасця, і гэта напамін пра тое, што мы ўсе браты і сёстры, марым, імкнёмся ажыццявіць свае мары. І гэта магчыма. Няма нічога немагчымага, асабліва ў Раство».
Штогод акцыя перадачы Віфлеемскага агню аб’ядноўвае мноства людзей у розных краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Полымя, якое сімвалізуе нараджэнне Збавіцеля, а таксама спакой, надзею і адзінства, запальваецца ў базыліцы Нараджэння Хрыстова ў Віфлееме, а потым дастаўляецца ў Вену (Аўстрыя) і перадаецца праз скаўцкую эстафету ў розныя краіны.
Першая акцыя распаўсюджвання Віфлеемскага агню праводзілася ў 1986 годзе. У нашу краіну полымя ўпершыню прыбыла ў 1996 годзе. Першым беларускім горадам, куды яно трапляе, па традыцыі з’яўляецца Гродна. Праз граніцу агонь перадаюць польскія скаўты. Пасля сімвал Раства адправіцца ў Мінск.