Адзін з іх — праект «Купалле ў Парычах».
Аграгарадок Парычы Светлагорскага раёна размешчаны ўздоўж маляўнічага ўзбярэжжа ракі Бярэзіны, гэта месца прыцягвае ўвагу шматлікіх гасцей непаўторнымі краявідамі. Менавіта тут, на беразе ракі, ужо каля дваццаці гадоў праводзіцца народнае свята Купалле. Для таго, каб ад душы павесяліцца на ўлонні прыроды і атрымаць зарад бадзёрасці і новых сіл, Купалле ў Парычах наведвае каля пяці тысяч чалавек, сярод якіх не толькі жыхары Беларусі, а і Расіі.


— Народнае свята на ўлонні прыроды заўсёды становіцца яркай і незабыўнай падзеяй, — расказвае дырэктар Парыцкага ГДК Алена Хадзецкая. — Мы знаёмім гасцей з беларускімі звычаямі, традыцыямі, выконваем любімыя народныя песні і танцы. Тут жа прадстаўляюць свае непаўторныя творы вядомыя майстры, якія ахвотна перадаюць навыкі маладому пакаленню. У кожнага з гасцей ёсць магчымасць дакрануцца да вытокаў беларускай самабытнасці і адчуць подых нашага слаўнага мінулага.
Паколькі Купалле ў Парычах з кожным годам становіцца ўсё больш папулярным, ад мясцовых жыхароў паступіла прапанова добраўпарадкаваць прыбярэжную зону, зрабіць тут цэнтр культурнага адпачынку. Гэту ініцыятыву падтрымалі старшыня Парыцкага сельвыканкама Аляксандр Цалко і асабіста я, — працягвае Алена Хадзецкая. — Была створана ініцыятыўная група, у склад якой увайшлі работнікі Парыцкага ГДК і актыўныя жыхары гарадскога пасёлка. Разам мы распрацавалі праект добраўпарадкавання прыбярэжнай зоны г. п. Парычы, які стаў пераможцам конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. На рэалізацыю праекта з абласнога бюджэту выдзелена адпаведная сума грошай, дзесяць працэнтаў ад агульнага кошту патрэбных работ плануецца сабраць мясцовымі жыхарамі.


Што ж, застаецца толькі пажадаць, каб усё задуманае актывістам Парычаў удалося здзейсніць! Мы ўпэўнены, што ініцыятыву стварэння месца культурнага адпачынку падтрымаюць многія нераўнадушныя жыхары і з кожным годам свята Купалле будзе набываць яшчэ большы размах.


Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД