Top.Mail.Ru
275

У Гомелі вызначылі новыя культурныя ініцыятывы Саюзнай дзяржавы

Пасяджэнне Камісіі Парламенцкага Сходу Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі па культуры прайшло ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.

У цэнтры ўвагі — рэалізацыя прыярытэтных кірункаў забеспячэння бяспекі ў культурнай сферы, пытанні захавання гістарычнай памяці і развіццё сумесных гуманітарных праектаў.

Работу камісіі ўзначаліў старшыня Мікалай Бурляеў. У абмеркаванні прынялі ўдзел намеснік старшыні Камісіі Парламенцкага Сходу па культуры Ірына Абельская, члены камісіі Вольга Германава і Алена Патапава, прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і міністэрстваў культуры дзвюх краін.

На парадак дня пасяджэння было вынесена абмеркаванне бюджэту Саюзнай дзяржавы па накіраванні культурнай дзейнасці, узгадненне агульных ініцыятыў і праектаў. Сярод іх — стварэнне маладзёжнага хору Саюзнай дзяржавы, арганізацыя беларускага курсу ва Усерасійскім дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі імя С. А. Герасімава, развіццё сумеснай кінавытворчасці, магчымае пашырэнне праграмы «Славянскага базару» ў Віцебску, добраўпарадкаванне мемарыяла «Буйніцкае поле» пад Магілёвам і стварэння адзінай лічбавай платформы «Памяць нацыі». Асаблівая ўвага ўдзелена падрыхтоўцы фестывалю нацыянальных культур у Гродне, да ўдзелу ў якім плануецца запрашаць расійскія рэгіёны.

Вынікі пасяджэння пацвердзілі агульнае імкненне Беларусі і Расіі ўмацоўваць культурнае супрацоўніцтва, абараняць праўду гісторыі і развіваць прастору агульных каштоўнасцяў, якія звязваюць два народы.

Мікалай Бурляеў адзначыў: «У Расіі відавочна ёсць чаму павучыцца ў Беларусі ў плане гарантавання бяспекі культурнай спадчыны. Гэта не пра цэнзуру, а пра грамадскі кантроль, пра цвярозы погляд на тое, што фарміруе духоўнае аблічча нацыі».

Днём раней члены Камісіі Парламенцкага Сходу Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі наведалі гісторыка-культурныя аб’екты Гомельскай вобласці — Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый, а таксама музей ваеннай славы. Раніцай другога дня адбылася цырымонія ўскладання кветак да памятнага знака ахвярам генацыду беларускага народа.

Як звярнула ўвагу начальнік дэпартамента сацыяльнай палітыкі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Вольга Бараненка, на працягу года ў рамках Саюзнай дзяржавы праводзіцца больш за сорак культурных мерапрыемстваў, сярод якіх — праект «Цягнік памяці», форум «Моладзь — за Саюзную дзяржаву» і Дні Саюзнай дзяржавы на «Славянскім базары».

Гомельшчына, як адзначыла старшыня камітэта ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Кручко, выбрана для пасяджэння невыпадкова: «Рэгіён багаты гісторыяй, культурай, традыцыямі. Менавіта тут асабліва адчуваецца, што духоўная спадчына — гэта падмурак Саюзнай дзяржавы».

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара 

Чытайце таксама: Аграпрамысловы комплекс — адзін з вядучых сектараў эканомікі Саюзнай дзяржавы

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю