Top.Mail.Ru

У Гомелі праходзіць ХІХ эканамічны форум

Сёлета важнейшая не толькі для беларускага паўднёва-ўсходняга рэгіёна, але і краіны ў цэлым маштабная падзея аб’яднала каля 500 удзельнікаў з розных краін. На Гомельшчыну прыбылі 16 замежных дэлегацый, а таксама прадстаўнікі беларускага бізнесу, зацікаўленыя ў пашырэнні партнёрскіх сувязяў.



У праграме форуму — пленарнае пасяджэнне з удзелам прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычнага корпусу і міжнародных арганізацый. Запланавана падпісанне інвестыцыйных прапаноў і дакументаў аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве. XIX Гомельскі эканамічны форум аб’яднае ў сабе дзелавую камунікацыю, інвестыцыйныя перамовы і культурна-гістарычны складнік, падкрэсліваючы адкрытасць рэгіёна да міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва.

photo_2025-09-18_12-45-28 (2).jpg

Сёлета XIX Гомельскі эканамічны форум працуе на чатырох тэматычных сесіях. Яны прысвечаны развіццю прамысловасці і лічбавізацыі, турызму, бізнес-інструментам і стратэгіі ўстойлівага развіцця рэгіёна. Кожная сесія арганізавана на асобнай пляцоўцы, каб удзельнікі маглі больш паглыблена прапрацаваць тыя напрамкі, якія зацікавілі. Арганізатары таксама прапануюць удзельнікам індывідуальныя экскурсійныя праграмы з наведваннем прадпрыемстваў Гомельскай вобласці. Такія візіты дадуць магчымасць замежным і айчынным дэлегацыям убачыць і ацаніць умовы для развіцця супрацоўніцтва на месцах. 

Значнай падзеяй форуму стане выстава «Прамысловасць. Навука. Тэхналогіі», дзе шырока прадстаўлены прамысловы, будаўнічы і сельскагаспадарчы патэнцыял Гомельшчыны. У экспазіцыі, якая будзе працаваць на працягу ўсёй праграмы форуму, можна азнаёміцца з ключавымі візітоўкамі яго ўдзельнікаў. 

photo_2025-09-18_12-45-28.jpg

Асаблівая ўвага сёлета нададзена супрацоўніцтву з Кітайскай Народнай Рэспублікай, якая прадставіць свой бізнес і інвестыцыйныя магчымасці. Традыцыйна ў форуме актыўна прымаюць удзел прадстаўнікі кіраўніцтва і бізнесу рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, як аднаго з галоўных партнёраў Гомельшчыны. Для замежных і беларускіх дэлегацый арганізатары падрыхтавалі індывідуальныя праграмы наведвання прадпрыемстваў, якія могуць стаць для іх перспектыўнымі партнёрамі. 

Работа форуму пачалася з сустрэчы ў палацы Румянцавых і Паскевічаў старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко з кіраўнікамі дыпламатычных місій замежных дзяржаў і дэлегацый рэгіёнаў-партнёраў Гомельскай вобласці. Пасля сустрэчы ўдзельнікі форуму прымуць удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак на плошчы Паўстання.

photo_2025-09-18_12-45-29 (2).jpg

Пасля абеду запланавана работа стратэгічных сесій, прысвечаных ключавым напрамкам развіцця вобласці. У цэнтры абмеркаванняў апынуцца пытанні прамысловасці і інавацый, развіцця турыстычнай сферы, выкарыстання фінансавых і іншых інструментаў падтрымкі бізнесу, а таксама лакалізацыя Мэт устойлівага развіцця ў Гомельскай вобласці. Кожная сесія пройдзе на асобнай пляцоўцы, у тым ліку ў грамадска-культурным цэнтры, палацава-паркавым ансамблі, банкаўскай установе і медыцынскім універсітэце. 

У другой палове дня арганізатары прадугледзелі магчымасць правядзення двухбаковых перамоў у фармаце B2B па заяўках удзельнікаў. Таксама дэлегацыі змогуць наведаць прамысловыя прадпрыемствы і сацыяльна значныя аб’екты рэгіёна па індывідуальных праграмах. 

У заключны дзень асноўная ўвага будзе нададзена наведванню прадпрыемстваў і аб’ектаў Гомельскай вобласці, што дазволіць замежным і айчынным удзельнікам на практыцы азнаёміцца з эканамічным патэнцыялам рэгіёна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Чытайце таксама: У Мінску стартаваў Міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю