Напярэдадні 81-й гадавіны Вялікай Перамогі ў абласным цэнтры прайшлі акцыі «Парад пад акном».
Мірны май
Павіншаваць франтавіка Сяргея Лявонавіча Філімонава прыехаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
— Дзякуй вам за тое, што вызвалілі нашу краіну. За тое, што мы жывём сёння пад мірным небам, выхоўваем дзяцей, займаемся эканомікай, — звярнуўся да ветэрана Іван Крупко. Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што жыццё такіх людзей — жывы прыклад мужнасці і вернасці Радзіме.

Калі пачалася вайна, Сяргей Філімонаў скончыў толькі восем класаў. На фронт пайшла яго сястра — стала зенітчыцай, а маладзейшы за яе Сяргей застаўся адзін у невялікай вёсачцы на малой радзіме. Калі немцы ў 1943 годзе адыходзілі, спалілі ўсё на сваім шляху. Пасля таго як у вёску прыйшлі савецкія войскі, уступіў у Чырвоную Армію. За некалькі месяцаў асвоіў прафесію механіка-вадзіцеля танка T-34. Удзельнічаў у аперацыі «Баграціён» і акружэнні нямецкай групоўкі ў Прыбалтыцы. Сустрэў перамогу за Кёнігсбергам на беразе Балтыйскага мора. За праяўленую адвагу і бездакорную службу быў удастоены высокіх узнагарод: ордэна Славы III ступені, ордэна Айчыннай вайны II ступені, медаля «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».

Пасля вайны Сяргей Лявонавіч дзясяткі гадоў адпрацаваў на Гомельскім хімічным заводзе, быў начальнікам цэха і начальнікам аддзела кадраў. У красавіку 2026 года ён адзначыў свой 100-ты дзень нараджэння.
— Усім жадаю моцнага здароўя і, самае галоўнае, міру на нашай зямлі, — перадаў віншаванні з надыходзячым святам франтавік.
Як падзяліліся дачка франтавіка Ірына і ўнучка Кацярына, для Сяргея Лявонавіча Дзень Перамогі — самае галоўнае свята ў жыцці.
— Ён пайшоў на фронт 17-гадовым хлапчуком. Нягледзячы на ўсе цяжкасці і перажытыя жахі вайны, Перамога стала адной з самых яркіх падзей у яго жыцці. Калі раней пыталася: «Тата, ну як жа, такія жахі вы перажылі?». Ён адказваў: «Гэта была мая маладосць!» Вядома, — самая запамінальная пара, нават калі на яе выпалі выпрабаванні вайной, — згадала дачка ветэрана Ірына Сяргееўна.

Унучка Кацярына падзялілася, што іх дарагі дзядуля, нягледзячы на ўзрост, шмат чытае і, сапраўды, захоплены чытаннем: «Кніга для яго — найлепшы падарунак, асабліва па гісторыі, аб падзеях Вялікай Айчыннай».
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко перадаў Сяргею Лявонавічу серыю кніг аб вызваленні Гомеля, партызанскім руху, асобах Перамогі.
Перамога як дар пакаленням
Напярэдадні Дня Вялікай Перамогі ў Гомелі прымаў парад пад вокнамі і асаблівых гасцей Аляксей Галавацкі. Павіншаваць ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з надыходзячым святам прыехаў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч
— Вы сёння з’яўляецеся крыніцай той праўды, той гісторыі і шкадавання, і радасці, праз якія прайшла наша краіна. Дазвольце вас павіншаваць з надыходзячым вялікім святам Днём Перамогі і пажадаць вам усяго самага добрага, здароўя, даўгалецця, каб заўсёды было над галавой мірнае неба, — самыя цёплыя пажаданні адрасаваў ветэрану Руслан Пархамовіч.

У гонар святкавання 81-й гадавіны Вялікай Перамогі перад домам, дзе пражывае Аляксей Аляксандравіч Галавацкі, урачыстым маршам прайшоў парадны разлік слухачоў філіяла «Інстытут прафесійнай адукацыі» Універсітэта грамадзянскай абароны.
Ураджэнец вёскі Кіраў Нараўлянскага раёна, Аляксей Аляксандравіч у 1941-м, у 16 гадоў, пайшоў у партызаны, стаў кулямётчыкам у партызанскім атрадзе. Пасля ўжо ў складзе Чырвонай Арміі і войскаў I Беларускага фронту дайшоў да Берліна. Удзельнічаў у ліквідацыі банд у Заходняй Украіне. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, медалямі «За перамогу над Германіяй», «Партызану Беларусі» і мноствам іншых узнагарод.

— У Берліне на Рэйхстагу я распісаўся яшчэ 2 мая. Асколкам снарада напісаў — «Галавацкі з Беларусі». Але мы пайшлі далей, і ўжо 9 мая Дзень Перамогі з баявымі таварышамі сустракалі на Эльбе. На беразе разгортвалі тэхніку, ставілі палаткі, і тут падыходзіць камбат, а я проста так выдаю: «Не хапае 8 дзён, каб адзначыць сваё 20-годдзе сёння ў Дзень Перамогі», а ён мне адказвае: «Будзем святкаваць твае 20 гадоў тут на Эльбе». Так і адбылося, але я яшчэ пасля пяць гадоў працягваў служыць у Германіі. Цяжкі час быў, — падзяліўся ўспамінамі Аляксей Аляксандравіч.
Пасля вайны ён вярнуўся ў родную вёску. Узгадвае, што з яго родных мясцін на фронт пайшлі 23 Галавацкіх, а дадому вярнуліся пасля вайны жывымі толькі 8. Аляксей Аляксандравіч захоўвае памяць аб сваіх земляках і з вялікай цеплынёй узгадвае родную Нараўляншчыну.

— У дзень Вялікай Перамогі штогод абавязкова хаджу на парад. Гэта такая вялікая радасць, але і смутак, што нас, ветэранаў, так мала засталося, — расказаў пераможца.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў святочнай акцыі «Парад пад акном», сярод якіх было шмат школьнікаў, ветэран заклікаў ніколі не забываць, якой цаной дастаўся мір.
— Мы 81 год жывём пад мірным небам. Беражыце нашу перамогу, перамогу вашых дзядоў, прадзедаў, каб нам не было сорамна за вас. Беражыце гэты заваяваны мір! — перадаў свой ветэранскі наказ маладому пакаленню Аляксей Галавацкі.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара