Нядаўна ў нашым Грынкаўскім сектары клубнай і бібліятэчнай работы праходзіў Дзень калектыўнага адпачынку. Сярод гасцей-самадзейных артыстаў, якія падарылі ўсім святочны настрой, была і народны майстар Свіслацкага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ірына Фунт. Сустрэча з ёй была прымеркавана да Года беларускай жанчыны. Госця падрыхтавала выстаўку сваіх саламяных прац «Золата саломы» і правяла майстар-клас па вырабе анёлка — сімвала любові, надзеі і цеплыні.
А як Ірына Іванаўна расказвае пра саломку! Яна валодае многімі відамі традыцыйнага мастацтва. Але менавіта простая салома з нашых вясковых палёў — крыніца яе натхнення.
Не дзіва, што некалі яна абрала прафесію настаўніка працоўнага навучання: з малых гадоў разам з сёстрамі бачыла, як яе матуля кожную вольную хвіліну бралася за рукадзелле. У сям’і ўмелі ткаць, захапляліся вышыўкай...
Сёння Ірына Іванаўна жыве ў горадзе Свіслач, але ўсё часцей спяшаецца да роднага дома. Таты даўно няма. А вось матуля, Тамара Пятроўна, заўсёды выглядае-чакае родных. І творчыя перамогі, і жыццёвыя няўдачы, трывогі і радасці яны дзеляць з матуляй напалам. Тут, у роднай хаце — першыя працы з саломы. Тамара Пятроўна з пяшчотай захоўвае выразкі з газет, фотаздымкі і вельмі ганарыцца сваёй дачкой.
Сёння ўжо Ірына Іванаўна багатая на ўнукаў бабуля. Але амаль штораніцы спяшаецца на працу ў школу.
Глядзіш на яе прыгожыя вырабы — адчуваеш, што майстрыха з саломай не развітваецца ні на хвіліну. Цікавая праца, любімы занятак, ды сям’я — што яшчэ трэба, каб адчуваць сябе сапраўды шчаслівай?
У снежні 2025 года Ірына Іванаўна атрымала ганаровае званне народнага майстра. У яе планах — шмат ідэй і творчых праектаў. Рукі просяць працы, а душа цешыцца з кожным новым вырабам, які нясе цеплыню нашых родных палёў. І як не радавацца — беларускае саломапляценне занесена ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў ЮНЭСКА.
Марыя САМАЛЕВІЧ, загадчык Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы, Свіслацкі раён