Top.Mail.Ru

У глухога не прападзе, што не пачуе, то дакладзе. Або адніме

Яшчэ ўчора, здаецца, нашы бабулі часцяком сядзелі на лавачках: у вёсках вечарком — абапал вуліц, у гарадах і днямі — каля пад’ездаў. Файна было абмяркоўваць апошнія навіны, мяняцца рэцэптамі страў, досведам у выхаванні ўнукаў і вырошчванні таматаў... Ну, трохі папляткарыць яшчэ.

Адна такая, седзячы каля пад’езда, ці не кожнай дзяўчыне камплімент «адважвала». Казала: «Вой, якая ж ты прыгожая стала!.. А кім працуеш? Бухгалтаркай? Дык яшчэ і разумная!»

Гэта — у вочы вось так, а варта было сысці... «Гулёна», «шалахвостка», «прастытутка»...

І пра адну дзяўчыну вось так, і пра другую... У пятай спытала, кім працуе? Тая з форсам: «Дык прастытуткай, цётачка... Хутка валютнай буду».

Бабцы і мову заняло — язык праглынула. На лаўку на ўсякі выпадак больш не пайшла.

...Іншыя, дарэчы, таксама, бо здароўя няма, бо мода змянілася: цяпер і старыя, і малыя ў інтэрнэце сядзяць. Да таго ж тэлефоны ва ўсіх (яшчэ і мабільныя). Дзеці-унукі ўсе патрэбныя нумары ў іх «забілі», паказалі, што націскаць, і бабулі заўжды на сувязі, не выходзячы з дому, усё пра ўсіх могуць даведацца (галоўнае — хто памёр) і ўсё абмеркаваць. Адзінае — інфармацыя, пакуль з першых вуснаў дойдзе да пятых, можа «трохі» сказіцца...

Неяк вось адна бабуля тэлефануе другой, пытаецца:

— Ты не ў курсе — Міша Вераччын ці жывы? Мінулым разам ледзь адкачалі... І ўчора хуткая ляцела... Няўжо памёр?!

— Я зараз Ганне пазваню, — падахвоцілася суседка. — Яна ўсё будзе ведаць.

Але ж, мусіць, не заўсёды, бо прыйшлося пазваніць Наталлі, Наталля — Мар’і. «На выхадзе» тое «няўжо» (пры слове «памёр») недзе згубілася, і бабулі, сазваніўшыся зноў, ужо вохкалі, што Мішка — такі малады (усяго 70) — Богу душу аддаў... А ўрэшце, што яго, такога дабрэннага, нельга ў апошні шлях не правесці.

З гэтай нагоды ў бабуль цэлы рытуал: прыбраўшыся адпаведным чынам, узяць свае кульбы-падпоркі ды пайсці да лаўкі, міма якой усіх нябожчыкаў на клады вязуць.

Паселі яны там, смуткуюць: успамінаюць гаротніцу Верку, шкадуюць Мішу яе — пачынаюць пазіраць на гадзіннікі, бо ведаюць, што ў 12 нябожчыка павінны адпяваць, у 13 — выносіць з хаты. А тут — амаль 14 і ніякага адпаведнага руху. Нехта час ад часу прашмыгне — павітаецца і з вачэй, бо што тут казаць: ну сышліся бабулі, ну сядзяць... І няхай сабе. Але ж тыя ўжо і стаміліся, вочы прагледзелі.

Аж бачаць: хтось на «лісапедзе». І чым бліжэй да іх пад’язджае, тым бабулям страшней, бо вельмі ж раварыст той на... Мішку...

І не, не змахвае! Ён і ёсць: здалёк галёкае: «Здрасьце, бабулечкі! Якія вы сёння прыгожыя! На спатканне сабраліся?»

Жанчыны — каб слова ў адказ... Пачакалі, пакуль Міша праедзе, а потым давай хрысціцца ды каяцца, што паспяшаліся, што ў праважатыя прыйшлі да жывога-вясёлага.

Паспрабавалі высветліць, хто ж першы прамовіў слова «памёр», але канцоў не знайшлі. Рады былі, што памыліліся і што жыць Мішку доўга. Калі загадзя «пахавалі».

С. Вароніна

Быхаўскі раён


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю