Top.Mail.Ru

У гэтыя выхадныя стартуе сезон сельскагаспадарчых кірмашоў

Свежае і якаснае па даступнай цане.


З 20 верасня ў сталіцы і Мінскай вобласці сёлета распачнуцца сезонныя сельскагаспадарчыя кірмашы, якія будуць праходзіць пераважна ў выхадныя. Традыцыйна на іх можна будзе набыць для зімовых запасаў бульбу, садавіну і гародніну, ягады і мёд, а таксама мясныя дэлікатэсы і рыбу, малочную, кандытарскую і прадукцыю кулінарыі, прамысловыя тавары і вырабы рамеснікаў. Будзе арганізавана дапамога па дастаўцы набытай на кірмашах прадукцыі сацыяльна неабароненым катэгорыям грамадзян — ветэранам, адзінокім пажылым людзям, інвалідам, а таксама дастаўка да асабістага транспарту.

У сталіцы сезон сельскагаспадарчых кірмашоў мяркуецца скончыць аж 7 снежня, калі надвор’е будзе гэтаму спрыяць. Сёлета асноўнай лакацыяй у Мінску застаецца «Чыжоўка-арэна». Побач з Палацам спорту плануецца правядзенне кірмашоў цягам усяго некалькіх выхадных — 20 і 21 верасня, а таксама аднойчы ў кастрычніку і лістападзе. Арганізавана гэта лакацыя для жыхароў Цэнтральнага раёна сталіцы, якім далекавата ехаць да асноўнай раённай пляцоўкі. 

Зрэшты, па некалькі пляцовак для кірмашоў прадугледжаны ў кожным раёне Мінска. Іх адрасы і графікі работы маюцца на сайтах раённых адміністрацый і Мінгарвыканкама. Кірмаш на «Чыжоўка-арэне» будзе працаваць кожныя выхадныя з 8 да 16-17 гадзін, у астатніх раёнах —пераважна з 10 да 16-17 гадзін. 

Асноўны акцэнт будзе зроблены на свежую айчынную пладоваагароднінную прадукцыю. Шырокі асартымент прадставяць прадпрыемствы «Белкаапсаюза», рыбныя гаспадаркі, вытворцы мясной і малочнай прадукцыі. 

— Пачынаючы з вясны, пытанне з бульбай было на асаблівым кантролі. Улічваючы, што фермеры і іншыя вытворцы значна павялічылі пасяўныя плошчы пад гэту культуру, і той факт, што сёлета ўраджайнасць дастаткова добрая, вялікі выбар розных гатункаў бульбы будзе прадстаўлены на сельскагаспадарчых кірмашах, — падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена НАГОРНАЯ.

У Мінскай вобласці з 20 верасня таксама пачнуць сваю работу сезонныя кірмашы і праходзіць яны будуць да 1 лістапада. Іх запланавана каля сотні. Гэта як кірмашы выхаднога дня ў гарадах, райцэнтрах і аграгарадках вобласці, так і буйныя рэгіянальныя кірмашы з самым шырокім асартыментам. 4 кастрычніка такія рэгіянальныя кірмашы пройдуць у Барысаве, Бараўлянах і Маладзечне, 5 кастрычніка — у Нясвіжы, 11 кастрычніка — у Вілейцы і Салігорску, 18 кастрычніка — у Жодзіна і Слуцку. Працаваць яны будуць гэтак жа — з 10 да 16-17 гадзін.

У месцах правядзення кірмашоў плануюцца культурна-забаўляльныя мерапрыемствы з выступленнямі творчых калектываў і інтэрактывамі для дзяцей. Усюды будзе арганізавана аказанне дапамогі па дастаўцы прадукцыі ветэранам вайны, адзінокім пажылым людзям, інвалідам 1 і 2 груп. Яе будуць ажыццяўляць валанцёры — яны і даставяць усё неабходнае як да дому, так і да транспартнага сродку. 

— З улікам добрага ўраджаю і вялікай колькасці сельгасвытворцаў у вобласці, мяркую, кірмашы будуць карыстацца попытам як у жыхароў рэгіёна, так і мінчан, — рэзюмавала начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінскага аблвыканкама Наталля СУЙКОВА.

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: УП «Мінсккамунцепласетка» гатова да ацяпляльнага сезона

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю