Top.Mail.Ru

«У гэтыя працэсы павiнны быць уключаны ўсе»

Падпiсаная кiраўнiком дзяржавы Дырэктыва № 12 «Аб рэалiзацыi асноў iдэалогii беларускай дзяржавы» вельмi канкрэтна i даступна дае зразумець усiм без выключэння, што iдэалогiя — гэта не нейкае абстрактнае паняцце, а важны складнiк iснавання дзяржавы, краiны, яе суверэнiтэту i, адпаведна, дабрабыту кожнага асобна ўзятага грамадзянiна. Адпаведна ўсiх без выключэння грамадзян яна i датычыцца.


Пакуль некаторыя грамадзяне асэнсоўваюць гэты пасыл, ёсць спецыялiсты, для якiх дырэктыва з першага дня яе апублiкавання стала настольным дакументам, кiраўнiцтвам да дзеяння i дапаможнiкам у рабоце. Гэта людзi, якiя займаюцца iдэалагiчнай работай на месцах. Менавiта ў iх мы i пацiкавiлiся, якiм яны бачаць значэнне i сутнасць падпiсанага Прэзiдэнтам праграмнага дакумента.

Як звяртае ўвагу начальнiк галоўнага ўпраўлення iдэалагiчнай работы i па справах моладзi Мiнгарвыканкама Вольга ЧАМАДАНАВА, вызначыўшы сам змест iдэалогii беларускай дзяржавы, дырэктыва ўстанаўлiвае вельмi шырокi спектр задач яе рэалiзацыi. «Безумоўна, адзiнае разуменне грамадствам таго, што ўяўляе сабой мадэль развiцця нашай дзяржавы, ролi ў ёй грамадзянiна, узаемасувязi грамадства i дзяржавы, не будзе поўным, калi мы гэту работу будзем праводзiць толькi ў асобных групах: школах, дзяржаўных арганiзацыях, — лiчыць галоўны iдэолаг сталiцы. — У гэтыя працэсы павiнны быць уключаны ўсе».

Вольга Чамаданава адзначае, што работа ў гэтым кiрунку з арганiзацыямi прыватнай формы ўласнасцi ў горадзе Мiнску праводзiцца ўжо як некалькi гадоў. «У шэрагу камерцыйных арганiзацый функцыi па арганiзацыi iдэалагiчнай работы ўскладзены на аднаго з намеснiкаў кiраўнiка або службовую асобу», — канкрэтызуе яна.

«Дырэктыва № 12 — гэта свайго роду рэакцыя на тое, з чым мы сутыкнулiся ў апошнiя гады, — адзначае Вольга Чамаданава. — У вынiку выпрацаваны новыя формы работы, кiрункi, якiя ляглi ў яе аснову. Усё, што там канцэптуальна выкладзена, — гэта па вялiкiм рахунку тое, з чым мы сёння i працуем. Але дырэктыва сiстэматызавала, упарадкавала многiя кiрункi, надала фон актуальнасцi для ўсiх рэгiёнаў без выключэння, каб не было разнастайнасцi, кшталту «хто як разумее, той так i рухаецца». 

Начальнiк галоўнага ўпраўлення iдэалагiчнай работы i па справах моладзi Магiлёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка адзначае: гэту дырэктыву чакала ўся iдэалагiчная вертыкаль Беларусi. «Дакумент дапаможа ўдасканальваць нашу работу, прычым ва ўсiх працоўных калектывах, незалежна ад формы ўласнасцi, — гаворыць яна. — 

Iдэалагiчная работа ахоплiвае ўсё насельнiцтва Беларусi цалкам, i гэта вельмi важна. Яна накiравана на падтрымку ўнутранай i знешняй палiтыкi краiны, умацаванне спрыяльнага маральна-псiхалагiчнага клiмату, фармiраванне ў членаў працоўнага калектыву светапогляду, заснаванага на пачуццi патрыятызму, грамадзянскай сталасцi, усведамлення прыналежнасцi да беларускага народа. Кожны беларус павiнен разумець, што ён грамадзiн сваёй краiны i адчуваць сябе патрыётам».

Як практык Кацярына Музычэнка з задавальннем адзначае, што цяпер iдэалагiчная работа становiцца больш сiстэматызаванай i дакладнай. На думку суразмоўнiцы, дырэктыву можна назваць своеасаблiвым папераджальным дакументам. «Рэалiзацыя яе палажэнняў дазволiць падрыхтаваць грамадства да магчымых выклiкаў. Дзякуючы гэтай дырэктыве актуалiзуюцца ўсе нарматыўна-прававыя акты, якiя датычылiся iдэалагiчнай работы, — гаворыць Кацярына Музычэнка. — Гэта ўказ Прэзiдэнта праграмнага характару. На аснове яе будзе распрацоўвацца яшчэ шэраг праграмных дакументаў, па якiх мы будзем працаваць».

Прыняцце Дырэктывы № 12 — гэта знакавая падзея, якая вызначае вектар развiцця нашай краiны ва ўмовах сучасных глабальных выклiкаў, упэўнена начальнiк аддзела iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Смалявiцкага райвыканкама Мiнскай вобласцi Веранiка СНIЦАРЭНКА.

Яна дадала, што дырэктыва выразна тлумачыць сутнасць, асновы i прынцыпы iдэалогii беларускай дзяржавы, раскрывае механiзмы функцыянавання iдэалагiчнай вертыкалi i напрамкi iдэалагiчнай работы.

«Для мяне як iдэолага новым стала вызначэнне канкрэтнага кола суб’ектаў, на якiх ускладаецца рэалiзацыя дзяржаўнай iдэалогii. Прапiсаная i „персанальная адказнасць“ кiраўнiкоў розных узроўняў за „стан iдэалагiчнай работы“. Для нашага аддзела гэта безумоўны вектар дапамогi i садзейнiчання, галоўным у якiм застаецца iнфармацыйны складнiк, у тым лiку камунiкацыя памiж жыхарамi раёна на ўсiх узроўнях», — падагульнiла Веранiка Снiцарэнка

Начальнiк аддзела iдэалагiчнай работы i па справах моладзi Мiёрскага райвыканкама Вiцебскай вобласцi Аксана АШУРКА адзначае: «Сiла гэтага дакумента ў тым, што там адлюстраваны i гiстарычныя вехi фармiравання iдэалогii нашай краiны, i ўсе аспекты сучаснай сiтуацыi. У нас i сёння выбудаваная моцная iдэалагiчная вертыкаль, але яна будзе яшчэ мацнейшай, калi да яе далучацца суб’екты гаспадарання ўсiх формаў уласнасцi. На Мiёршчыне некалькi даволi буйных для нашага рэгiёна прамысловых прадпрыемстваў — мясакамбiнат, лясгас, ТАА „Металапракатная кампанiя“. Працуюць больш за дзесяць сельгасарганiзацый, сялянскiя фермерскiя гаспадаркi, суб’екты малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва — гэта значыць эканомiка раёна прадстаўлена прадпрыемствамi розных формаў уласнасцi. 

З прыняццем дакумента арганiзацыi павiнны будуць будаваць сваю дзейнасць на аснове сацыяльнай адказнасцi, яны павiнны будуць удзельнiчаць у вырашэннi агульных для раёна пытанняў, уключаць сваiх работнiкаў у прафсаюзы, iншыя грамадскiя арганiзацыi. Мы павiнны быць разам i дзейнiчаць сумесна — у краiне, дзе няма ўнутраных рознагалоссяў, ёсць месца толькi стабiльнасцi i эканамiчнаму развiццю».

Як адзначае Аксана Ашурка, для iдэолагаў дырэктыва акрэслiла тыя напрамкi, на якiх неабходна сканцэнтраваць сiлы i рэсурсы для выканання не толькi ключавых iдэалагiчных задач, але i для таго, каб абаранiць краiну ад знешнiх выклiкаў, умацаваць i далей развiваць унiкальную мадэль нашай Беларусi, аснову якой складае чалавек.

Намеснiк старшынi Мастоўскага райвыканкама Гродзенскай вобласці Марына ДАВЫДЗIК падкрэслiвае, што, згодна з Канстытуцыяй, дэмакратыя ў Рэспублiцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове iдэалогii беларускай дзяржавы. «Наша iдэалогiя адлюстроўвае нацыянальныя гiстарычныя традыцыi i каштоўнасцi народа, аб’ядноўвае ў iмкненнi да захавання суверэнiтэту i развiцця беларусаў як гiстарычнай супольнасцi, — звяртае ўвагу яна. — Як дзяржаўны служачы, якi займаецца непасрэдна iдэалагiчнай работай, я атрымала фундаментальны дакумент, якi рэгулюе гэтую работу, у якiм унiфiкуецца падыход да арганiзацыi гэтай работы ва ўсiх галiнах i сферах дзейнасцi нашага грамадства».

Па словах прадстаўнiка мясцовай вертыкалi ўлады, для кожнага iдэалагiчнага супрацоўнiка дырэктыва стане не проста кiраўнiцтвам да дзеяння, а i штодзённым планам работы, у якiм шчыльна пераплятаюцца эканамiчныя, палiтычныя, сацыяльныя кампаненты. «Дырэктыва ўстанаўлiвае такую сiстэму работы з грамадзянiнам, якая пакажа гэтаму грамадзянiну ўласную значнасць у краiне, — падкрэслiвае яна. — Ад гэтага многае залежыць. Калi я разумею, чаму я патрэбен сваёй краiне, значыць любое маё дзеянне i работа будуць эфектыўнымi. Калi мы не абаронiм сваю iдэалогiю, не аб’яднаемся вакол агульнай iдэi, то можам страцiць сябе — беларусаў. Таму вельмi своечасовы, важны i фундаментальны дакумент».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю