Мы ўжо прывыклі, што падчас навагодніх святаў супрацоўнікі органаў унутраных спраў у складзе патрульных нарадаў дзяжураць каля гандлёвых цэнтраў, рынкаў і навагодніх кірмашоў. Начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр КУПЧЭНЯ расказаў, што ў гэты час будзе ўзмоцнены кантроль за правапарадкам паблізу начных клубаў, канцэртаў, а таксама іншых месцаў правядзення навагодніх карпаратыўных мерапрыемстваў.
«Супрацоўнікі будуць несці службу як у форме, так і ў цывільным адзенні. Кантроль будзе забяспечвацца ў тым ліку з выкарыстаннем рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Перад пачаткам мерапрыемстваў прызначаная лакацыя і прылеглая тэрыторыя будуць абследаваны на прадмет іх адпаведнасці мерам бяспекі. У асноўных месцах масавых гулянняў арганізуем работу кантрольна-прапускных пунктаў з асабістым надглядам грамадзян, іх рэчаў з выкарыстаннем ручных і стацыянарных металадэтэктараў», — заявіў прадстаўнік МУС.
Бясплатных падарункаў не бывае
Ён таксама нагадаў, што перад Новым годам актывізуюцца ашуканцы. Па тэлефоне і ў месенджарах яны могуць прапаноўваць зніжкі, бонусы, падарункі. Неабходна крытычна ставіцца да такіх прапаноў. Не трэба перадаваць староннім асобам свае персанальныя даныя, рэквізіты банкаўскіх карт, якія паступаюць на тэлефон, коды і паролі. У цэлым, як адзначыў Аляксандр Купчэня, рэзанансныя злачынствы або парушэнні парадку ў навагоднюю ноч не фіксуюцца ўжо некалькі гадоў запар.
Акрамя таго, Аляксандр Купчэня нагадаў, што з пачатку гэтага года ў краіне забаронены продаж насельніцтву піратэхнікі. Выключэнне зроблена толькі для бенгальскіх агнёў і хлапушак, а таксама «халоднага» агню. Такія меры ўрад прыняў пасля таго, як на мінулыя святы ў Беларусі была зафіксавана вялікая колькасць раненняў ад піратэхнікі.
Да абмежаванняў паставіцца з разуменнем
Начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар РОТЧАНКАЎ адзначыў, што ў сувязі з правядзеннем культурных мерапрыемстваў у некаторых раёнах могуць перакрываць рух на дарогах. Пра гэта дадаткова будуць паведамляць ва ўсіх сродках масавай інфармацыі. У сувязі з пагаршэннем умоў надвор’я Дзяржаўтаінспекцыя заклікае да акуратнага кіравання. А з 31 снежня па 5 студзеня пройдзе Рэспубліканская прафілактычная акцыя «П’янаму і бяспраўнаму не месца на дарозе».
Віктар Ротчанкаў паведаміў, па якім графіку будуць працаваць у краіне МРЭА ў перыяд святаў і перадсвяточных дзён. Такім чынам, 24 і 31 снежня, 6 студзеня — з 08:00 да 13:00 і з 14:00 да 16:00. А 26 і 30 снежня, 5 студзеня — з 08:00 да 13:00 і з 14:00 да 17:00. Выхадныя дні — 25, 28, 29 снежня і перыяд з 1 па 4 студзеня
Як расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аварыйна-выратавальных службаў і рэагавання на НС МНС Беларусі Ігар ГУЛЯКЕВІЧ, у святы заступяць на дзяжурствы каля 3500 тысяч ратавальнікаў, а таксама 1300 адзінак адпаведнай тэхнікі. Ён звярнуў увагу, што органамі дзяржаўнага пажарнага нагляду рэалізаваны комплекс арганізацыйных і практычных мер, праведзены наглядна-прафілактычныя мерапрыемствы. Асаблівая ўвага надавалася падрыхтоўцы персаналу аб’ектаў, стану праездаў і пад’ездаў да аб’ектаў, спраўнасці сістэм пажарнай аўтаматыкі. Ігар Гулякевіч паведаміў, што ў мінулую навагоднюю ноч было 14 пажараў, на якіх загінулі тры чалавекі.
Медыкі таксама пяройдуць на ўзмоцнены варыянт работы. Па словах намесніка галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Мінскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Алега ВАРАБ’Я, у сталіцы на гуляннях будзе задзейнічана больш за 40 брыгад хуткай дапамогі. У навагоднюю ноч — 14 брыгад. Чатыры экіпажы будуць у рэзерве для няштатных сітуацый. Колькасць зваротаў па меддапамогу на Новы год не ўзрастае.
Сувязь і інтэрнэт
У гэтым годзе аператарамі сотавай сувязі была праведзена вялікая работа па павелічэнні магутнасці наяўнай інфраструктуры. Начальнік упраўлення электрасувязі і рэгулявання радыёчастотнага спектру Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый КОРЗУН адзначыў, што прапускная здольнасць сетак павялічана на 20 працэнтаў. Уведзена ў эксплуатацыю каля паўтары тысячы базавых станцый адзінай сеткі, палова з якіх размешчана ў сельскай мясцовасці. Днямі ў Мінску ўстаноўлены сучасныя базавыя станцыі з выкарыстаннем каналаў частатой 100 МГц. Хуткасць перадачы даных значна павялічылася. Яна параўнальная з хуткасцямі, якія перадаюцца ў оптавалаконных сетках. Гэта дазволіць збалансаваць нагрузку для нашых абанентаў і забяспечыць якасную сувязь.
Спікер дадаў, што ў навагоднюю ноч дзякуючы дадатковым станцыям сотавай сувязі можна будзе пазбегнуць запаволення мабільнага інтэрнэту і адсутнасці сувязі ў месцах масавых гулянняў. Акрамя таго, пасля святаў сувязісты штогод збіраюць статыстыку, якая паказвае, ці былі ў грамадзян праблемы з сувяззю. Гэта дазваляе ў будучыні скарэктаваць работу.
«Белтэлекамам» будзе забяспечана забарона на правядзенне ўсіх відаў рамонтна-наладачных работ, арганізавана дзяжурства службовых асоб і інжынерна-тэхнічнага складу. Усяго 370 чалавек будуць забяспечваць якаснае кіраванне сеткамі сувязі і аказанне паслуг», — паведаміў Дзмітрый Корзун.
Аператары сотавай сувязі (А1, МТС, Life) выдзеляць каля 300 супрацоўнікаў для маніторынгу і падтрымкі работы сетак. Як і ў «Белтэлекама», на гэты перыяд уведзеная забарона на планавыя работы. Асноўная ўвага нададзена месцам масавых святкаванняў. У Мінску гэта:
раён стэлы «Мінск — горад-герой»,- Палац Рэспублікі і прылеглая плошча,
- плошча перад Палацам спорту,
- Нацыянальная бібліятэка.
У гэтых і іншых пунктах будуць дадаткова ўстаноўлены перасоўныя базавыя станцыі для ўзмацнення сігналу. Аналагічныя меры прыняты ва ўсіх абласных і буйных гарадах.
Сяргей КУРКАЧ