Top.Mail.Ru
192

У ФПБ расказалі аб маючых адбыцца зменах і новых гарантыях у сферы аховы працы

Гэтая тэма стала адной з цэнтральных на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.

Прадстаўнікі ўрада, аб’яднанняў прафсаюзаў і наймальнікаў абмеркавалі законапраект, які прадугледжвае сур’ёзныя навацыі ў сферы аховы працы.

Як падкрэсліў на пасяджэнні Нацыянальнага савета старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько, у рамках Паслання беларускаму народу і парламенту Прэзідэнт нашай краіны звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць пастаяннага аналізу заканадаўства і адаптацыі яго да новых рэалій.

«Нацыянальны савет па працоўных і сацыяльных пытаннях — якраз тая пляцоўка, на якой мы можам выпрацаваць рашэнні, каб своечасова адаптаваць нормы права, якія рэгулююць працоўную сферу і важныя для развіцця эканомікі нашай краіны, пад сучасную сітуацыю», — адзначыў Юрый Сянько.

Трэба дадаць, што законапраектам пашыраецца сфера прымянення норм аховы працы адносна розных катэгорый работнікаў, у тым ліку тых, хто працуе дыстанцыйна. Яшчэ адна важная навацыя — лічбавізацыя многіх прадэдур. Напрыклад, нараўне з традыцыйным фарматам прадугледжана і магчымасць электроннага афармлення шэрагу дакументаў па ахове працы.

Прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў у рамках работы міжведамаснай рабочай групы па падрыхтоўцы праекта Закона аб ахове працы актыўна ўносілі свае прапановы па карэкціроўцы і ўключэнні новых норм у дакумент. Практычна ўсе прапановы прафсаюзаў былі ўлічаны распрацоўшчыкамі.

У прыватнасці, па ініцыятыве прафсаюзаў праектам дакумента ўстанаўліваецца мінімальная працягласць дадатковых спецыяльных перапынкаў для абагравання і адпачынку работнікаў, якія выконваюць работы ў халодную і гарачую пару года на адкрытым паветры — перапынак павінен складаць не менш як 10 хвілін.

«Гэта пытанне часта ўзнімалася ў калектывах. Нярэдка сустракаўся ў практыцы фармальны падыход асобных наймальнікаў да прадастаўлення дадатковых перапынкаў. Часам перапынак мог складаць усяго пару хвілін, за якія работнік фізічна не мог адпачыць і аднавіцца ў перыяд экстрэмальных тэмператур. Заканадаўчае замацаванне такіх гарантый дазволіць стварыць адзіныя і абавязковыя для ўсіх наймальнікаў патрабаванні, накіраваныя на захаванне здароўя і зніжэнне прафесійных рызык», — адзначыў галоўны тэхнічны інспектар працы ФПБ Павел Манько.

Акрамя таго, у праект закона ўключаны новыя нормы аб садзейнічанні наймальніка ў навучанні і заахвочванні грамадскіх інспектараў па ахове працы, што надасць дадатковы імпульс развіццю грамадскага кантролю ў сферы аховы працы.

Трэба адзначыць, што прафсаюзы, як ініцыятары шэрагу значных палажэнняў, будуць праводзіць маніторынг практычнай рэалізацыі прынятых мер.

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: «Прафсаюзы — дзецям»: навагодняя акцыя аб’яднае дзясяткі гарадоў і больш за 170 дзіцячых устаноў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю