Нагадаем, у сакавіку мінулага года кіраўніком дзяржавы падпісаны Указ «Аб звышурочнай рабоце і рабоце ў выхадныя дні ў прамысловых арганізацыях». У адпаведнасці з дакументам, прамысловым арганізацыям прадастаўлена права прымаць рашэнне аб павелічэнні гранічнай колькасці звышурочных работ і выхадных дзён, якія могуць выкарыстоўвацца для прыцягнення работнікаў да работы з іх згоды, звыш норм, устаноўленых Працоўным кодэксам. Пры гэтым абавязковае патрабаванне — узгадненне падобных рашэнняў з прафсаюзам.
— Галоўнае, на што звяртаюць увагу прафсаюзы пры паступленні ад наймальніка прапаноў аб павелічэнні колькасці звышурочных работ — гэта вытворчая і эканамічная абгрунтаванасць прапанаваных рашэнняў і захаванне ўстаноўленых заканадаўствам норм штодзённага і штотыднёвага адпачынку, — распавялі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. — І трэба адзначыць, што ў асобных выпадках, дзе гэтыя ўмовы не выконваліся, рашэнні наймальнікаў не былі ўзгодненыя прафсаюзамі. У шэрагу іншых сітуацый запытаная колькасць звышурочных работ па патрабаванні прафсаюзаў была зменшана.
Яшчэ адзін момант, на які звяртаюць увагу прафсаюзы, — увядзенне дадатковых бонусаў і гарантый работнікам, якія працуюць звышурочна.
— Прафсаюзныя арганізацыі на месцах рэкамендуюць наймальнікам прадастаўляць работнікам дадатковыя дні адпачынку з захаваннем заработнай платы за пэўную колькасць гадзін звышурочнай работы або работы ў выхадныя дні, даплаты, звыш прадугледжанага заканадаўствам, дапамогу ў аздараўленні. І як правіла, наймальнікі прыслухоўваюцца да гэтых рэкамендацый, — адзначылі ў прэс-службе ФПБ.
Таксама на асаблівым кантролі прафсаюзаў — пытанні захавання працоўнага заканадаўства ў арганізацыях, дзе прыняты рашэнні аб павелічэнні звышурочных работ. У першую чаргу, гэта наяўнасць згоды работнікаў, даплат звыш заработнай платы за кожную гадзіну звышурочнай работы і аплата за работу ў выхадныя дні. Як паказваюць вынікі прафсаюзных маніторынгаў, гэтыя патрабаванні заканадаўства наймальнікі выконваюць у поўным аб’ёме.
Фота sb.by.