Top.Mail.Ru
168

У ФПБ падвялі вынікі работы выязных прававых прыёмаў за мінулы год

За гэты час прававая інспекцыя працы ФПБ пацвердзіла: фармат выязных прававых прыёмаў — запатрабаваная форма работы сярод супрацоўнікаў арганізацый і прадпрыемстваў краіны.

Толькі ў рамках выязных кансультацый прафсаюзныя юрысты разгледзелі больш за 4,7 тысячы зваротаў.

У большасці выпадкаў пытанні работнікаў датычыліся працоўных адносін. У прыватнасці, аплаты працы, прадастаўлення гарантый па калектыўных дагаворах, працоўных і сацыяльных водпускаў, правамернасці дысцыплінарных спагнанняў, умоў выканання кантрактаў і інш. У шэрагу выпадкаў звароты работнікаў станавіліся падставай для правядзення мерапрыемстваў грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы і ўнясення змяненняў у калектыўныя дагаворы.

Нагадаем, паводле традыцыі прафсаюзныя выязныя прававыя прыёмы праходзяць у апошні чацвер месяца. Перавагамі такой практыкі з’яўляюцца комплексны падыход і падтрымка работнікаў незалежна ад тэматыкі пытання.

  • Як адзначылі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў, нават калі тэма не адносіцца да сферы працоўных адносін, прафсаюзныя спецыялісты падрабязна тлумачаць і падказваюць, куды неабходна звярнуцца і як дзейнічаць далей. Акрамя таго, у выязных прыёмах удзельнічаюць пракурорскія работнікі, што дае магчымасць аператыўна рэагаваць на найбольш складаныя і спрэчныя сітуацыі.

Яшчэ адна перавага — урэгуляванне працоўных спрэчак непасрэдна на месцы. У большасці выпадкаў пытанне ўдаецца вырашыць у дзень звароту. Напрыклад, на адным з прадпрыемстваў работніку адмовілі ў выплаце на нарыхтоўку гародніны, спасылаючыся на стаж працы менш за шэсць месяцаў. Прафсаюзны юрыст растлумачыў, што калектыўным дагаворам мінімальны тэрмін не ўстаноўлены, а значыць, адмова неправамерная. У выніку наймальнік пагадзіўся з довадамі юрыста і аднавіў права работніка.

Яшчэ адзін прыклад датычыцца сітуацыі з выплатай пры звальненні на пенсію. Работнік перад сыходам на пенсію адпрацаваў у арганізацыі роўна пяць гадоў і сутыкнуўся з адмовай у выплаце з-за фармулёўкі «пры стажы ад пяці гадоў». Наймальнік настойваў, што патрабуецца «пяць гадоў і адзін дзень». У выніку перагавораў спрэчная фармулёўка была скарэктаваная, што дазволіла абараніць правы не толькі канкрэтнага работніка, але і пазбегнуць падобных выпадкаў у гэтай арганізацыі ў будучыні.

Неабходна адзначыць, што асобная ўвага ў ходзе выязных кансультацый надаецца прававой асвеце. У 2025 годзе прафсаюзныя юрысты растлумачылі нормы працоўнага заканадаўства больш як 31 тысячы работнікаў.

Так, ужо заўтра, 29 студзеня, адбудзецца чарговы выязны прававы прыём. Час і месца можна даведацца на афіцыйным інтэрнэт-партале ФПБ.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю