Top.Mail.Ru

Падчас адзінага дня інфармавання ў арганізацыях гаварылі пра кібербяспеку

На гэтым тыдні ў многіх арганізацыях краіны розных форм уласнасці падчас адзінага дня інфармавання абмеркавалі вельмі актуальную для ўсіх тэму — кібербяспеку 


Старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, дырэктар УП «БЕЛНДІПГОРАДАБУДАЎНІЦТВА» Аляксандр Хіжняк сустрэўся з калектывам прыватнага прадпрыемства «Сарыя» ў Бярозаўскім раёне, якое займаецца перапрацоўкай жывёльнай сыравіны. 

Ён падкрэсліў, што такія сустрэчы даюць магчымасць не толькі паразмаўляць з калектывам, але і ўбачыць перадавы вопыт, як працуюць людзі, якія для іх ствараюцца ўмовы працы, якія прадастаўляюцца сацыяльныя гарантыі.

Што датычыцца кібербяспекі, Аляксандр Хіжняк заўважыў, што да гэтага пытання на прадпрыемстве адносяцца сур’ёзна. «Ахоўваеце рэпутацыю і тэхналогіі», — падкрэсліў ён і дадаў, што інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, штучны інтэлект увайшлі ва ўсе сферы жыцця. Іх магчымасцямі карыстаюцца і зламыснікі. Прыкладна трэцяя частка ўсіх злачынстваў сёння з прыстаўкай «кібер».


«Вядома ж, у першую чаргу павінна быць лічбавая гігіена. Нездарма ёсць вельмі добры выраз: будзь асцярожны — сачы за сабой. Трэба заўсёды думаць, што ты робіш у сеціве, як абараняеш свае даныя, а ці трэба наогул нешта выкладваць у сацыяльную сетку. Асаблівую ўвагу тут трэба ўдзяляць рабоце з дзецьмі», — лічыць Аляксандр Хіжняк. 

На «Сарыі» працуюць больш за 240 чалавек. «Такія сустрэчы, як сёння, неабходныя. Праходзяць яны на пастаяннай аснове. Гэта робіцца ў першую чаргу для таго, каб нашы людзі былі інфармаваны, ведалі аб сітуацыі ў краіне і свеце», — перакананы намеснік дырэктара — галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Чыж.

Член Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая сустракалася з працоўным калектывам ААТ «БАТЭ» — кіруючая кампанія холдынга «Аўтакампаненты».

Падчас сустрэчы яна расказала аб дзяржаўнай палітыцы ў сферы кібербяспекі, а таксама аб канкрэтных мерах, якія дапамагаюць нашым грамадзянам не стаць ахвярамі кібермахляроў. Работнікі прадпрыемства актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні, задавалі хвалюючыя іх пытанні і дзяліліся асабістым вопытам.


«На сённяшні дзень заканадаўчая база гарантуе бяспеку грамадзян. Пры гэтым важна, каб і самі людзі былі пільнымі і ўсведамлялі рызыкі. Калі мы будзем больш адказнымі і асцярожнымі, будзе больш шанцаў пазбегнуць непрыемнасцяў. Асабліва важна ўдзяляць увагу гэтаму пытанню людзям старэйшага пакалення і іх сваякам. Менавіта яны часцей падвяргаюцца махлярству, таму нам важна прымаць меры для іх абароны», — адзначыла сенатар.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, першы сакратар БРСМ Уладзімір Паўлоўскі аб кіберзлачыннасці гаварыў з калектывам Мсціслаўскай швейнай фабрыкі. 

Ён звярнуў увагу на тое, што ашуканцы пастаянна адаптуюць свае метады да новых тэхналогій і сацыяльных трэндаў, выкарыстоўваюць псіхалагічныя прыёмы, маніпулююць свядомасцю чалавека, прымяняючы такія прынады, як прывабныя на першы погляд інвестукладанні або ўдзел у дабрачынных акцыях, заманьваюць на фішынгавыя старонкі, называюцца работнікамі банка. «Веданне асноўных прыёмаў махлярства з’яўляецца першым крокам да абароны сябе і сваіх блізкіх», — падкрэсліў дэпутат. 


Пагутарылі і на іншыя жыццесцвярджальныя тэмы, у тым ліку пра будучыню фабрыкі. Унікальны беларуска-расійскі праект паспяхова працуе ў Мсціславе на працягу амаль 10 гадоў. Прыток рабочай сілы адбываецца за кошт мясцовай моладзі. На погляд Уладзіміра Паўлоўскага, тут вельмі прадумана аднесліся да забеспячэння сябе працоўнай сілай. «На фабрыцы разумеюць, што рэсурс па швачках у Мсціслаўскім раёне вычарпаны, — кажа ён. — Таму рыхтаваць кадры пачалі са школы. Прадпрыемства паставіла ў кабінеце працоўнага навучання сярэдняй школы № 2 Мсціслава абсталяванне, абучыла педагогаў, абслугоўвае машыны і праводзіць майстар-класы для дзяцей».

Парламентарый сустрэўся і з працоўнай моладдзю раёна. Размова таксама спачатку ішла пра кіберзлачыннасць, а потым абмеркавалі набалелыя для моладзі пытанні.

Паводле БелТА і нашых карэспандэнтаў

Фота BEREZA.BY, mstlife.by, тэлеграм-канала Савета Рэспублікі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю