Top.Mail.Ru
144

У Егіпце знайшлі схованку з муміямі старажытных жрацоў у драўляных трунах

У найстаражытным горадзе Егіпта Луксор навукоўцы знайшлі схованку з размаляванымі трунамі, унутры якіх знаходзіліся муміі, і калекцыю рэдкіх папірусаў часоў Трэцяга пераходнага перыяду (1077–656 гады да н. э.), паведаміла БелТА.


Знаходку выявілі пры раскопках у грабніцы Сенеба. Унутры прамавугольнай пахавальнай камеры, высечанай у скале, знаходзіліся 22 драўляныя труны, пастаўленыя ў некалькі радоў. Яны ўсе аказаліся ў дрэнным стане, таму спецыялісты правялі тэрміновыя работы па іх кансервацыі. На большасці трун пазначаны род заняткаў уладальнікаў, але не імёны. Найбольш распаўсюджаным тытулам быў спявак Амона (жрэц).

Навукоўцы таксама заўважылі калекцыю керамічных сасудаў, дзе, як мяркуецца, захоўваліся рэшткі ад працэсу муміфікацыі. Унутры самага вялікага з іх ляжалі восем папірусаў. На некаторых ацалелі арыгінальныя гліняныя пячаткі.

Археолагі заявілі, што знаходка дае ўнікальныя звесткі аб традыцыях і рэлігійных практыках Трэцяга пераходнага перыяду. Гэта гістарычная эпоха суправаджалася ўнутраным крызісам і распадам адзінай Егіпецкай дзяржавы. Краіна падвергнулася нашэсцям лівійцаў, эфіопаў і асірыйцаў. Затым быў позні перыяд, калі Егіпет змагаўся за аднаўленне незалежнасці, але ў канчатковым выніку быў заваяваны Персідскім царствам і Аляксандрам Македонскім.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю