Цана на энерганосьбіты можа сапсаваць дэмакратычны спакой у Еўропе. Развязаная ЗША і Ізраілем чарговая вайна на Блізкім Усходзе пагражае перадзелам усёй сусветнай эканомікі, якая так ці інакш была (і застаецца) залежнай ад паставак вуглевадародаў з рэгіёна Персідскага заліва. На сусветных біржах у апошнія дні кошт бараля нафты Brent дасягаў рэкордных 110-120 долараў. Такога ралі планета не бачыла, мабыць, з часоў канца 2000-х. Тады гонка цэн на энергетычныя тавары скончылася каласальным глабальным фінансавым і эканамічным крызісам. Магчыма, нешта падобнае чакае нас у недалёкай будучыні. Праўда, ужо рынкі не настолькі глабальныя, як у мінулым стагоддзі. Таму энергетычны крызіс можа закрануць не ўсе рэгіёны.
Сёння ў Армузскім праліве неспакойна. Кажучы прасцей — лётаюць ракеты розных краін. І танкерам, якія спрабуюць прасунуцца праз вузкі разрыў сушы, не вельмі і важна, боезапас якой нацыянальнасці трапіць у іх борт. Ужо некалькі непрыемных інцыдэнтаў здарылася. Ад граху далей транспартныя кампаніі спынілі рух па гэтай марской магістралі. Тым больш што ў выпадку вайны страхавыя полісы працуюць далёка не заўсёды. Таму тут даводзіцца дзейнічаць на свой страх і камерцыйную рызыку. А яна вельмі і вельмі вялікая.
Сёння ўжо адбываецца бойка (амаль у літаральным сэнсе гэтага слова) за нафту і звадкаваны прыродны газ паміж дэфіцытнымі па энерганосьбітах дзяржавамі. І адным з пацярпелых рэгіёнаў, несумненна, будзе Еўропа. Цэны на паліва ўжо ў Германіі, Польшчы і Нідэрландах пачынаюць дасягаць на аўтазаправачных станцыях крытычных меж, якія ўжо з цяжкасцю вытрымліваюць кашалькі радавых уладальнікаў транспартных сродкаў. У ФРГ (некаторых землях) кошт паліва рызыкуе наблізіцца да 3 еўра. З Брандэнбурга "чароды" кіроўцаў накіраваліся ў суседнюю Польшчу. Там бензін некалькі таннейшы, але таксама ўжо пераваліў далёка за два еўра за літр.
Кошт бараля на біржах — адна гісторыя. У Еўрапейскім Саюзе намячаецца сур’ёзная хваля спекуляцыі на паліве. Насельніцтва ўжо імкнецца рабіць запасы. Вытворцы — раздзімаць кошты. Дзяржава... пакуль знаходзіцца ў некаторай разгубленасці. Ужо прайшла нарада на ўзроўні G7 па вывадзе на адкрыты рынак стратэгічных запасаў нафты. Дакладней — каля 20-30 % ад іх запасаў. Гэта каля 300-400 мільёнаў бараляў. Значны аб’ём, які не настолькі ўжо і вялікі, улічваючы сусветную здабычу больш за 100 мільёнаў бараляў у суткі. Толькі нафты, не лічачы звадкаванага прыроднага газу. І каля траціны гэтых аб’ёмаў перавозілася спажыўцам праз праліў паміж Персідскім і Аманскім залівамі.
Прагнозы, асабліва ў ваенны час — вельмі няўдзячны занятак. Не будзем іх і рабіць. Але, зыходзячы з гістарычных прэцэдэнтаў, любая нестабільнасць на Блізкім Усходзе з другой паловы мінулага стагоддзя прыносіла сур’ёзны крызіс у заходнія эканомікі. Перш за ўсё — еўрапейскія, якія ўжо даўно з’яўляюцца энергазалежнымі. І рост цэн на паліва спараджае глыбокія сацыяльна-палітычныя канфлікты. Нягледзячы на пэўны прагрэс зялёных тэхналогій, вуглевадароды працягваюць з’яўляцца крывёю сучаснай эканомікі. І парушэнне гэтага сардэчна-сасудзістага рытму балюча адбіваецца на ўсім арганізме. І калі ў былыя часы, у тыя ж 70-я гады мінулага стагоддзя, у Еўропы была магчымасць дыверсіфікацыі — закупкі энергетыкі ў СССР (яна адбывалася вельмі актыўна нават насуперак «халоднай вайне»), то сёння ў Старога Свету калідор магчымасцяў значна звузіўся. І цяпер надыходзіць момант ісціны: ці будуць ЗША надзейнымі карміцелямі нафтай і газам?! Пакуль Белы дом не праяўляе такой актыўнасці, заклапочаны, у першую чаргу, забеспячэннем унутранага рынку. Пры ўсіх гучных перамогах сланцавых рэвалюцый, пры дэфіцыце на сусветным рынку цэны на АЗС (і гэта толькі пачатак) у Штатах павысіліся ўжо на 10-20 %. Але, у адрозненне ад ЕС, у ЗША ёсць у наяўнасці ўласныя радовішчы. Словам, сітуацыя складваецца не вельмі прыгожа для заходняга свету. Дзякуй богу, што ў ЕАЭС энерганосьбітаў дастаткова. І шэраг пагадненняў робяць доступ да іх стабільным і ўстойлівым.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ