Еўрапейская сацыяльна-эканамічная мадэль некаторы час была амаль што міжнародным эталонам. І ў канцы мінулага — пачатку гэтага стагоддзя вельмі цвёрда канкурыравала са знакамітай «амерыканскай марай». Складана сказаць, які брэнд выйграў, бо сучасныя ЗША перайшлі да прынцыпаў рэальнай палітыкі — вельмі прагматычнай і вельмі шчырай, не марнуючы час і сілы на ідэалагічныя дымавыя заслоны. Ды і «мара» сёння ў Штатах трансфармавалася. Еўрапейская мадэль наогул адчувае крызіс канкурэнтаздольнасці па многіх вектарах. І гэта абмяркоўваюць не маргіналізаваныя эксперты, навукоўцы і актывісты, а еўрапейская эліта.
Нядаўна сваімі асцярогамі ў афіцыйным дакладзе падзяліўся з шырокай грамадскасцю Цэнтральны банк Бельгіі. Там было адкрыта пазначана: калі ЕС не актуалізуе сваю сацыяльна-эканамічную і знешнюю палітыку, то так званы «эфект Бруселя» (увайсці ў ЕС у тым ці іншым выглядзе некаторыя краіны лічаць «вялікім шчасцем») можа ператварыцца ў «праклён Бруселя». Гэтая фармулёўка нават каментарыя не патрабуе.
Наогул дакумент, у тым ліку за подпісам кіраўніка Цэнтральнага банка П’ера Вунша, атрымаўся вельмі характэрны. Хоць, на мой погляд, у нейкіх момантах супярэчлівы. Але ўдавацца ў дэталі — доля глыбокіх спецыялістаў. Калі ж глядзець у сутнасць дакумента, то еўрапейскі банкір канстатуе: эканамічная мадэль Еўропы становіцца ўсё даражэйшай і ўсё менш устойлівай. Па інерцыі яшчэ атрымліваецца захаваць рэшткі пасляваенных поспехаў мінулага стагоддзя, за кошт якіх ЕС змог забяспечыць і нядрэнныя паказчыкі росту, і дастаткова высокі ўзровень жыцця грамадзян. Ён і сёння не самы дрэнны ў свеце. Іншае пытанне, што існуюць высокія рызыкі яго страціць, бо сацыяльна-эканамічная мадэль ужо не з’яўляецца безумоўна канкурэнтаздольнай. Больш за тое, на думку П’ера Вунша, яна з’яўляецца пройгрышнай. Перш за ўсё, з-за высокага ўзроўню рэгулявання і адначасова з-за нізкага ўзроўню ўспрымання інавацый еўрапейскім грамадствам у цэлым і кампаніямі ў прыватнасці. Негатыўна сказваецца і не самая эфектыўная знешняя палітыка. Пры гэтым, як ні дзіўна, П’ер Вунш лічыць, што ЕС прайграе якраз праз строгія правілы, якія абмяжоўваюць доступ дзяржаўнай падтрымцы, з аднаго боку. А з другога — у сілу захавання прынцыпаў свабоднага гандлю, з-за чаго пакутуюць еўрапейскія вытворцы.
З апошнімі двума тэзісамі эксперта не зусім згодзен. Магчыма, атрымаць дзяржаўную падтрымку ў еўрапейскіх эканоміках складана з бюракратычнага пункту гледжання. Але гэта пра тое самае мудрагелістае еўрапейскае заканадаўства. Яно ўладкована такім чынам, што фактычна стварае легальную карупцыю. У Еўропе можна працягнуць шматлікія рашэнні, аднак для гэтага патрабуецца прайсці квэст з адміністрацыйных працэдур, кожная з якіх нясе ў сабе высокія выдаткі для бізнесу. Але гэта даходы для чыноўнікаў і тых, хто да гэтага мае дачыненне: адвакатаў, кансультантаў, аўдытараў і гэтак далей.
Тым не менш, нягледзячы на ўсе цяжкасці, па ўзроўні дзяржаўных выдаткаў ЕС наперадзе ці не планеты ўсёй. На канец 2024 года дзяржаўныя выдаткі ў еўразоне склалі
49,5 %. У ЗША напампоўка эканомікі бюджэтнымі грашыма больш сціплая, але не кардынальна — 39,7 %. У Кітаі гэты паказчык складае 17,2 %, у Беларусі — каля 29 %. Згадзіцеся, дзяржаўная доля ў еўрапейскай эканоміцы даволі важкая. Улічваючы тое, што ўзровень дзяржаўнага доўгу для многіх краін ЕС у 80 % і значна вышэй — з’ява амаль нармальная, становіцца зразумела: дадатковых грошай проста няма, і справа зусім не ў адсутнасці жадання прастымуляваць сваіх вытворцаў.
З бюджэтным стымуляваннем у Еўрасаюзе якраз усё ў парадку, як і з пратэкцыянізмам. «Вялікая еўрапейская сцяна» надзейна абараняла іх рынак ад вонкавых непажаданых пранікненняў. І складанае мясцовае рэгуляванне ў нейкай ступені якраз і задумвалася, каб не пускаць чужынцаў, але пры гэтым захоўваць рынкавую міну. Іншае пытанне, што цяпер гэтыя складаныя, часам вельмі надуманыя правілы гульні больш балюча б’юць па еўрапейскай эканоміцы, чым па знешніх контрагентах.
Несумненна, як еўрапейскі банкір П’ер Вунш схільны да пэўнай суб’ектыўнасці. Але ён робіць вельмі правільную выснову: сацыяльна-эканамічная мадэль магла працаваць у свеце, у якім дзейнічаюць правілы, прычым Еўропа ўдзельнічае ў распрацоўцы гэтых правіл. А калі называць рэчы сваімі імёнамі, то Брусель у пэўныя моманты спрабаваў манапалізаваць права на фарміраванне геаэканамічных прынцыпаў. Цяпер, прызнае ён, ЕС у значнай ступені страціў і свой міжнародны аўтарытэт, геапалітычную значнасць. Тады раптам аказалася: звышразумныя экалагічныя стандарты выгадныя, калі спаганяць трансгранічныя пошліны з пастаўшчыкоў з іншых краін, разумеючы, што ў сілу розных прычын яны іх усё роўна выканаць не змогуць. А калі здолеюць, то не пройдуць еўрапейскі аўдыт. Права вызначаць адценне «зялёнасці» яшчэ нядаўна Еўропа хацела манапалізаваць. Аднак аказалася, што правілы, напісанныя для сябе, не вельмі і зручныя. У гэтым і ёсць праблема: аказваецца, што па іх нявыгадна працаваць.
І П’ер Вунш адкрыта кажа, што Бруселю неабходна прызнаць новую геапалітычную рэальнасць, у якой Еўропа ўжо не пуп Зямлі, і пераходзіць да больш гнуткай знешняй палітыкі. Не настойваючы на распаўсюджванні сваёй волі, а знаходзячы кампрамісы. Пакуль да гэтага важнага тэзіса палітычная эліта не прыслухоўваецца, выдумляючы новыя пакеты санкцый. Але які ў гэтым сэнс? Калі ў былыя часы ў свеце назіраўся «эфект Бруселя», калі з Еўрасаюза сапраўды хацелі браць прыклад, у той ці іншай ступені пераймаць вопыт, то сёння ЕС рухаецца да «праклёну Бруселя» — калі Еўропа будзе прыкладам, як рабіць не варта.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ