Днямі ў Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны далі старт новаму этапу агульнарэспубліканскай акцыі «Разам з мастацтвам», якую праводзіць Маладзёжны тэатр эстрады пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Сёлета ў планах арганізатараў — папоўніць геаграфію маштабнага мерапрыемства 18 новымі маршрутамі. Усе дыялогавыя пляцоўкі і канцэртныя праграмы прымеркаваныя да 80-годдзя Вялікай Перамогі і пройдуць пад дэвізам «Слава Пераможцам!».
— Акцыя «Разам з мастацтвам» — гэта выдатная нагода нам, людзям мастацтва, гаварыць пра найважнейшыя тэмы, якія ўсіх моцна хвалююць. І цяпер мы даём старт новай тэме, новай падзеі ў жыцці нашай краіны напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі, — адзначыў міністр культуры, заслужаны артыст Беларусі Руслан ЧАРНЕЦКІ. — Ведаеце, напярэдадні такіх свят вельмі многія задаюцца пытаннем: ці не шмат мы гаворым аб Перамозе, аб унёску беларусаў і ўсяго савецкага народа ў Вялікую Перамогу? Не, сябры, наадварот, мы гаворым мала. Бо подзвіг, які здзейснілі нашы продкі, — гэта тое, пра што мы абавязаны гаварыць. І мастацтва — цудоўны інструмент, які можа дапамагчы данесці і той боль, і тую радасць, што перажылі нашы продкі, каб у нас сёння было яснае сонечнае неба над галавой.
Варта адзначыць, што сёлета мэта акцыі — падкрэсліць унёсак беларускага народа і дзеячаў культуры ў Вялікую Перамогу, а таксама аддаць даніну памяці героям, якія змагаліся і працавалі для вызвалення нашай краіны. Наш абавязак — помніць гераічныя традыцыі мінулага. І нельга забываць, што незалежнасць Беларусі кавалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Таму вечнай будзе наша ўдзячнасць усім жывым і загінулым героям. Вельмі кранальным напамінам пра гэта на мерапрыемстве сталі выкананне прысутнымі гімна і хвіліна маўчання. Сярод прысутных былі курсанты Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, навучэнцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава, піянеры, актыў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, выхаванцы сталічных патрыятычных класаў.
— Сёлета наша краіна жыве ў чаканні вялікага свята — 80-годдзя Вялікай Перамогі. Падзеям той вайны будуць прысвечаны і ўсе мерапрыемствы, якія запланаваны ў нас на трэцім этапе акцыі «Разам з мастацтвам», — расказаў дырэктар Маладзёжнага тэатра эстрады, дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Сяргей МЯДЗВЕДЗЕЎ. — Запланавана наведванне 18 населеных пунктаў у розных кутках Беларусі, дзе артысты нашага тэатра і іншыя вядомыя выканаўцы, навучэнцы беларускіх спецыяльных навучальных устаноў сустрэнуцца з маладымі людзьмі для важных размоў. Асаблівасць нашай акцыі — жывыя дыялогі, дзе сціраецца мяжа паміж артыстам і гледачамі, а нараджаецца цёплая, шчырая размова. Там артысты раскажуць гісторыі сваіх сем’яў, бо кожнаму ёсць што ўспомніць.
Непаўторныя эмоцыі прысутным падчас старту падарыў і момант перадачы жыхаром аграгарадка Нісімкавічы Чачэрскага раёна Аляксандрам Ганчаровым у фонд музея гісторыі ВАВ арыгіналаў лістоў бацькі-франтавіка да сваёй сям’і. У сям’і Ганчарова за родную зямлю і за вызваленне свету ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў змагаўся дзядуля Фядот з чатырма сынамі. «У гэтых салдацкіх трохвугольніках — лісты майго бацькі, якія ён пісаў бацькам, жонцы. І там сярод іншага ёсць словы „Перамога будзе за намі!“ Я вырашыў перадаць іх у музей, таму што памяць пра тыя падзеі павінна жыць...» — зазначыў Аляксандр Сяргеевіч.
— Мы ведаем, як няпроста аддаваць такія пісьмы. І разумеем, што ў кожным з іх заўсёды — герой і яго лёс, таму будзем беражліва іх захоўваць, — сказаў дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір ВАРАПАЕЎ. — На сёння ў нашым музеі знаходзіцца больш за 164 000 адзінак захоўвання, а калі ён адкрываўся, было толькі 10 000. Штогод наш фонд папаўняецца тысячай новых рарытэтаў. І гэтыя лісты таксама зоймуць годнае месца: мы кожны вывучым, захаваем і раскажам пра іх.
Фота Лізаветы ГОЛАД