Афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі адказаў на пытанне, як можна трапіць у Еўрасаюз пасля закрыцця Польшчай граніцы з Беларуссю. Пра гэта паведамляе SB. by.
— Безумоўна, многім іншаземцам, а таксама грамадзянам Рэспублікі Беларусь цяпер давядзецца перагледзець свае планы па паездках на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза. Не толькі ў саму Польшчу, але і ў іншыя краіны, — адзначыў Антон Бычкоўскі. — Напэўна, у людзей прапалі білеты на стыкоўныя рэйсы, якія маглі быць арганізаваны з Варшавы, напрыклад, або з іншых аэрапортаў сумежнай дзяржавы. На гэты момант часу з закрыццём аўтадарожнага пункта пропуску «Брэст — Цярэспаль» застаецца няшмат варыянтаў перасячэння мяжы ў краіны Еўрапейскага Саюза. Рэальна, гэта два пункты пропуску на напрамку з Літоўскай Рэспублікай (пункты пропуску «Каменны Лог» і «Беняконі»), а таксама адзін аўтадарожны міжнародны пункт пропуску на граніцы з Латвіяй («Грыгароўшчына»). Акрамя таго, існуе магчымасць пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і праз Нацыянальны аэрапорт Мінск тымі рэйсамі, якія накіроўваюцца за грніцу дзяржавы ў трэція краіны.

Польшча закрыла граніцу з Беларуссю ў ноч на 12 верасня. На мосце перад пунктам пропуску «Брэст» польскія вартавыя межаў працягнулі калючы дрот, па-над якім збудавалі металічны плот. У чарзе заставаліся некалькі транспартных сродкаў. Па словах афіцыйнага прадстаўніка ДПК Антона Бычкоўскага, гэта ў асноўным аўтобусы, практычна ўсе з іх на замежных нумарах. Вадзіцелі гэтых транспартных сродкаў планавалі вярнуцца на тэрыторыю ЕС да сваіх перавозчыкаў. Аўтобусы будуць аформлены на ўезд у Беларусь. Усім, хто знаходзіцца ў аўтобусах, у тым ліку вадзіцелям, будзе неабходна шукаць іншыя маршруты вяртання ў краіны ЕС.
— Пункты пропуску з боку Беларусі прадоўжаць сваю работу і змогуць аднавіць афармленне людзей і транспартных сродкаў, як толькі гэта будзе магчымым, — адзначыў Антон Бычкоўскі.