Top.Mail.Ru

У чым перспектывы супрацоўніцтва Беларусі і Інданезіі

Як ужо паведамляла «Звязда», у гэтыя дні нашу краіну наведвае прадстаўнічая парламенцкая дэлегацыя з Інданезіі. 



20 жніўня інданезійскіх парламентарыяў сустракалі ў Савеце Рэспублікі.

Як адзначыў падчас сустрэчы старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей АЛЕЙНІК, Інданезія — найбуйнейшая краіна Паўднёва-Усходняй Азіі і найважнейшы партнёр для Рэспублікі Беларусь у гэтым рэгіёне. «Сёння мы мелі магчымасць умацаваць міжпарламенцкае супрацоўніцтва і абмеркаваць шырокае кола пытанняў, якія датычацца далейшага ўзаемадзеяння не толькі па парламенцкай лініі, але і ў іншых напрамках, такіх як гандлёва-эканамічнае, сацыяльна-гуманітарнае і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва», — адзначыў беларускі парламентарый.

Інданезійскі бок пазітыўна глядзіць на перспектывы рэалізацыі патэнцыялу гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, разглядаючы Беларусь як адзін з каналаў папулярызацыі сваёй прадукцыі на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза. «Мы, у сваю чаргу, успрымаем Інданезію як важны канал для прасоўвання нашай прадукцыі на рынак Паўднёва-Усходняй Азіі, — падкрэсліў Сяргей Алейнік. — Мы абмеркавалі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці і сельгасмашынабудавання, а таксама паставак нашай малочнай і халяльнай прадукцыі, сертыфікацыю якой завяршылі ў канцы мінулага года. Гэта адкрывае новыя гарызонты для прасоўвання нашай сельскагаспадарчай прадукцыі на ёмісты рынак Інданезіі і вырашэння пытанняў харчовай бяспекі, якія з’яўляюцца прыярытэтнымі для гэтай краіны».

На сустрэчы таксама абмеркавалі выкананне падпісаных пагадненняў, перспектывы міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, спрашчэнне візавага рэжыму. «Сёння грамадзяне Беларусі маюць магчымасць атрымліваць візу па прыбыцці, што ўяўляе сабой зручны і даступны спосаб уезду, — адзначыў Сяргей Алейнік. — Аднак мы ўзнялі пытанне аб стварэнні бязвізавага рэжыму для грамадзян Беларусі, і гэтая ініцыятыва сустрэла водгук і разуменне з боку нашых калегаў на парламенцкім узроўні. Мы спадзяёмся, што гэтыя прапановы будуць разгледжаны інданезійскім Урадам і Парламентам у бліжэйшы час і атрымаюць станоўчае рашэнне, што значна спросціць і ўмацуе нашы адносіны».

Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю