На варце здароўя.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:
- «Здароўе любой нацыі — гэта залог яе ўстойлівага развіцця і росквіту. У сувязі з гэтым пабудова агульнадаступнай і эфектыўнай сістэмы аховы здароўя з’яўляецца найважнейшым прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі».
У мінулым годзе на лячэнні ў Беларусі пабывалі больш за 160 тысяч пацыентаў са 159 краін свету. Медыцынскі турызм у Беларусі становіцца ўсё больш папулярным сярод замежнікаў. У параўнанні з 2023 годам іх колькасць летась вырасла на 20%. Больш за ўсё айчынныя медпаслугі запатрабаваны ў грамадзян Расіі, Кітая, Казахстана, Узбекістана, Малдавіі, Грузіі, Сірыі, Германіі, ЗША, Італіі, Ізраіля, Кіпра, Чарнагорыі і Польшчы. Пра дасягненні беларускай сістэмы аховы здароўя напярэдадні Дня медыцынскага работніка расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Леанід НЕДЗЕНЬ.
Самыя папулярныя медыцынскія паслугі сярод замежных пацыентаў — стаматалагічныя, афтальмалагічныя, кардыялагічныя і кардыяхірургічныя, для многіх медыцынскіх турыстаў актуальна дапамога ў галіне анкалогіі, пратэзавання суставаў, трансплантацыі клетак, органаў і тканак. А прыцягвае замежнікаў у нашу краіну высокая якасць аказання медыцынскіх і дыягнастычных паслуг, аснашчэнне нашых клінік высокатэхналагічным абсталяваннем, кваліфікацыя беларускіх спецыялістаў, даступны кошт высокатэхналагічных умяшанняў, вялікая колькасць медыцынскіх арганізацый і шырокі спектр іх паслуг, прымяненне прагрэсіўных методык на практыцы, а таксама зручнае геаграфічнае становішча нашай краіны і добрыя транспартныя зносіны.
- Беларусь — адна з нямногіх краін постсавецкай прасторы, дзе захавана і адаптавана да сацыяльна-эканамічных умоў бюджэтная сістэма фінансавання аховы здароўя, нагадаў Леанід Недзень. З дзяржаўнай казны на медыцынскую галіну выдзяляецца 5% ВУП, што адпавядае парогаваму значэнню індыкатара сацыяльнай бяспекі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Прыярытэтамі беларускай медыцыны ў апошнія 10 гадоў з’яўляюцца меры прафілактычнай накіраванасці, якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі, а галоўнай мэтай застаецца фарміраванне здаровай нацыі і захаванне здароўя насельніцтва.
Сярод перспектыўных кірункаў развіцця медыцыны — захаванне вядучай ролі бюджэтнага фінансавання, пашырэнне крыніц фінансавання за кошт развіцця добраахвотнага медыцынскага страхавання, экспарту медыцынскіх і адукацыйных паслуг, удасканаленне якасці медпаслуг, навукова-тэхнічнае інвестыцыйнае развіццё сферы аховы здароўя, прагрэс высокатэхналагічнай дапамогі і далейшая лічбавая трансфармацыя.
Беларуская сістэма аховы здароўя дэманструе высокія вынікі, пра што сведчаць паказчыкі эфектыўнасці работы. У адпаведнасці са справаздачай аб устойлівым развіцці 2023 года Беларусь заняла 30-е месца ў спісе 166 краін з паказчыкам дасягнення мэт устойлівага развіцця на ўзроўні 80%, стаўшы лідарам сярод краін СНД. У нас забяспечаны ўсеагульны доступ да паслуг аховы здароўя, лекавых сродкаў, вакцын, вырабаў медыцынскага прызначэння. Згодна з апошнімі данымі, індэкс ахопу асноўнымі медыка-сацыяльнымі паслугамі складае 87%.Акрамя таго, Беларусь займае лідзіруючае месца ў рэйтынгу краін з самым нізкім паказчыкам дзіцячай смяротнасці, што дазволіла ўвайсці ў топ-10 з 236 краін. Наша дзяржава ўваходзіць у рэйтынг найлепшых краін для нараджэння дзіцяці — 40-е месца са 180 дзяржаў. Яшчэ адным яўным сведчаннем поспехаў Беларусі ў галіне аховы здароўя з’яўляецца 60-е месца сярод 191 краіны па індэксе чалавечага развіцця.
Алена КРАВЕЦ.