Top.Mail.Ru

У чым каштоўнасць праекта Выдавецкага дома «Звязда» «Час выбраў»

Чатырыста сорак чатыры старонкі, фармат — амаль кананічны in quarto, рэдкі для сучаснага кнігавыдання, які адразу наводзіць чытача на думку: перад намі фундаментальная праца. У аснову масава-палітычнага выдання «Час выбраў» («Время выбрало» / Максим Осипов, Ольга Ануфриева. — Минск: Звязда, 2025) ляглі матэрыялы аднайменнага праекта Выдавецкага дома «Беларусь сегодня», прысвечанага тэме станаўлення і развіцця суверэннай Беларусі. Афіцыёз, нуда? Ні ў якім разе. Перад намі плён карпатлівай працы ў архівах і апісанне падзеі гісторыі незалежнай беларускай дзяржавы праз адлюстраванне сучаснай перыёдыкі, пачынаючы з 1994 года, калі Прэзідэнтам маладой краіны, што пасля распаду СССР балансавала на мяжы бездані, стаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.


Азіраючыся назад, на 1990-я гады, кожны з нас успомніць сваё: адзін — вялікія надзеі, іншы — жахлівую беднату. Трэці, кінуўшы погляд на суседзяў з былых саюзных рэспублік, адзначыць, куды іх прывялі абраныя ў той час шляхі — і нярэдка выйсце нельга назваць шчаслівым ці ўдалым. «Час выбраў» паглыбляе нас у беларускія рэаліі таго часу, па гадах, па радках газетных публікацый, у яркіх дэталях аднаўляючы карціну падзей у краіне: «дэмакратычныя ператварэнні» ліхімі рэфарматарамі, сляпое выкананне рэцэптаў заходніх палітыкаў, якія ўбачылі ў Беларусі палігон для далёкіх ад чалавечнасці эксперыментаў, а ў беларускім народзе — паддоследных пацукоў, загнаных у лабірынт. Эканамічная вівісекцыя, пад якую падпадалі прамысловасць і сельская гаспадарка, даўгі, што гірамі віселі на прадпрыемствах і не пакідалі шанцаў на выжыванне, культурны і маральны распад...
«Советская Белоруссия» (цяпер — «Беларусь сегодня»), «Рэспубліка», «Народная газета», «Беларуская ніва» (сёння — «Сельская газета»), — вытрымкі з матэрыялаў, фотакопіі зжаўцелых ад часу старонак, дакументальныя сведчанні таго, што ўсё гэта было, страшная будзённая хроніка безнадзейнасці даказвае наглядна: тыя, хто заспеў згаданыя часы, ніводным словам не хітруюць і не хлусяць. І на гэтым фоне — новаабраны Прэзідэнт, якога ў друку называюць Дон-Кіхотам, напамінае: «У нас ва ўсіх, такіх розных, адна зямля, адна Радзіма, ёсць дзеля чаго і для каго жыць і працаваць».
Шаснаццаць частак, раздзеленых па храналогіі, паступова раскрываюць чытачу гісторыю жыцця краіны — без дыдактыкі і павучанняў, не ў фармаце школьнага падручніка ці сухой бюракратычнай даведкі: у кароткіх, але шматлікіх газетных вытрымках б’ецца пульс часу, з архіўных фотаздымкаў глядзяць людзі, спачатку з пакутлівых 1990-х — стомленыя і згаслыя, але чым далей, тым больш святлеюць твары, на якіх адбіваецца надзея, і вось ужо мы бачым сённяшніх беларусаў: спакойных, упэўненых у заўтрашнім дні, якія ганарацца вынікамі сваёй працы. 
  • Бачым, як падымаецца спустошаная сельская гаспадарка, робіцца моцнай і квітнеючай на зайздрасць усяму свету, як ажываюць заводскія цэхі, падымае галаву сацыяльная сфера, забяспечваючы грамадзянам усё больш высокі ўзровень абароненасці, як адкрываюцца спартыўныя арэны — патрэбны складнік міжнароднага іміджу і месца, дзе будуць кавацца будучыя перамогі нашых спартсменаў, як узводзіцца адзін са знакавых будынкаў сталіцы — Нацыянальная бібліятэка, рэстаўрыруюцца культурныя перліны Беларусі — Вялікі тэатр, Мірскі замак, будуюцца дарогі і масты... 
Архівы перыёдыкі  той матэрыял, якім карыстаюцца даследчыкі, гісторыкі, каб больш выразна і ясна зразумець эпоху, знайсці яе рухавік, намацаць утоеныя спружыны, з дапамогай якіх раскручваюцца падзеі цяперашняга часу. Дакументальная каштоўнасць праекта «Час выбраў» несумненная. Аб’ёмы працы, якую правялі аўтары, уражваюць: перагледзець нават частку газетных выданняў за амаль тры дзесяцігоддзі — праца шматлікіх дзён, з якой складаецца значная карціна жыцця цэлай краіны, што адышла ад краю прорвы і стала атамнай і касмічнай дзяржавай, выспай стабільнасці і гуманітарнай бяспекі, амбасадарам міратворчых ініцыятыў, дзяржавай, у падмурку якой памяць пра подзвіг папярэдніх пакаленняў — на ўзроўні Канстытуцыі.

Ірына АЎСЕП’ЯН
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю