Промапраект «Калегі па Амезе» стартаваў 17 сакавіка і працягнецца да 20 красавіка.У гэты перыяд у гандлёвых аб’ектах краіны будзе арганізавана звыш 50 дэгустацый розных відаў рапсавага алею.
Вытворцы як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасці правядуць прэзентацыі рапсавага алею сваёй вытворчасці, спецыялісты раскажуць спажыўцу аб яго карысці. У крамах будзе арганізавана шырокая выкладка гэтага прадукту, расказала намеснік начальніка ўпраўлення каардынацыі паставак тавараў на ўнутраны рынак і знешнегандлёвай дзейнасці канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алена Белановіч.
— У аб’ектах гандлю і месцах масавага знаходжання людзей будуць трансліравацца аўдыя- і відэаролікі аб карысці рапсавага алею, а ў медыцынскіх установах — распаўсюджвацца лістоўкі, — анансавала спецыяліст.
Алей у лічбах
Аб карысці рапсавага алею на працягу апошніх пяці гадоў мы чуем пастаянна: пра гэта кажуць урачы, дыетолагі, навукоўцы. Унікальны прадукт багаты амега-3, 6, 9 поліненасычанымі тлустымі кіслотамі, адрозніваецца збалансаваным складам і па карыснасці не саступае нятаннаму аліўкаваму алею. Адзначым дарэчы, што калі цана на рапсавы алей стартуе ад 4 рублёў, то аліўкавага можа складаць 35–40 рублёў.
У канцэрне «Белдзяржхарчпрам» адзначаюць дынаміку росту попыту на рапсавы алей у беларускіх пакупнікоў. І ўсё ж гэты прадукт яшчэ недастаткова ацэнены насельніцтвам, лічаць спецыялісты.
Промапраект «Калегі па Амезе» закліканы данесці да кожнага спажыўца інфармацыю, што рапсавы алей — важны кампанент здаровага харчавання, а таксама якасны, смачны прадукт.
Праект арганізаваны канцэрнам «Белдзяржхарчпрам», суарганізатарамі выступаюць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, аховы здароўя і інфармацыі.
Бутыляваны рапсавы алей сёння ў краіне выпускаюць чатыры прадпрыемствы: ААТ «Мінскі маргарынавы завод», ААТ «Бабруйскі завод раслінных алеяў», ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», ТАА «Аграпрадукт», адзначыла Алена Белановіч. Іх магутнасці дазваляюць забяспечыць пастаўкі на ўнутраны рынак у аб’ёме да 20 тысяч тон.
— Ёмістасць рынку бутыляваных раслінных алеяў Беларусі ў 2021–2024 гадах складала 57-58 тысяч тон, — адзначыла прадстаўнік канцэрна «Белдзяржхарчпрам». — Але ў аб’ектах гандлю паліца раслінных алеяў размеркавана наступным чынам: 60–70 % — сланечнікавы алей, 15–20 % — аліўкавы (а таксама кунжутны, ільняны, кукурузны і г. д.) і толькі 10–15 % — рапсавы алей беларускай вытворчасці. Між тым, рапсавы алей, які выпрацоўваецца па сучасных тэхналогіях, — найкаштоўнейшы для здароўя прадукт.
Для пенсіянераў і маладых мам
Каштоўнасць раслінных алеяў вызначаецца ўтрыманнем у іх поліненасычаных тлустых кіслот амега-3, 6, 9.
— Раслінныя алеі маюць розны тлуста-кіслотны склад, — распавяла начальнік аддзела тэхналогій кандытарскай і алейна-тлушчавай прадукцыі РУП «НПЦ па харчаванні» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валянціна Бабадзей. — У гэтых адносінах рапсавы алей выгадна адрозніваецца ад такіх відаў алеяў, як соевы або сланечнікавы. Па збалансаванасці амега-3 і 6 кіслот ён не саступае аліўкаваму алею, а па некаторых паказчыках нават пераўзыходзіць яго, падкрэсліла эксперт. Прадукт з’яўляецца таксама крыніцай такаферолаў (вітаміну Е) і фітатэрынаў.
— Поліненасычаныя тлустыя кіслоты аказваюць станоўчы ўплыў на абмен рэчываў і зніжаюць халестэрын у крыві, вітамін Е — антыаксідант, што змагаецца са старэннем, фітастэрыны валодаюць антысклератычным дзеяннем, — дэталізавала спецыяліст. Асабліва важна ўводзіць у рацыён рапсавы алей пажылым людзям, а таксама цяжарным жанчынам і мамам, якія кормяць грудзьмі, дадала яна.
Попыт будзе расці
У структуры валавога збору і перапрацоўкі алейных культур нашай краіны рапсу сёння належыць каля 97 %, расказалі эксперты. Да 2000 года Беларусь цалкам залежала ад імпарту насення алейных культур і расліннага алею, якія пастаўляліся ў асноўным з Расіі і Украіны, сказала загадчык лабараторыі вывучэння статусу харчавання насельніцтва НДІ гігіены, таксікалогіі, эпідэміялогіі, вірусалогіі і мікрабіялогіі Наталля Цамбарэвіч. Сітуацыя змянілася дзякуючы шэрагу прынятых дзяржаўных праграм па развіцці алейна-тлушчавай галіны, адзначыла яна.
З улікам прыродна-кліматычных умоў менавіта рапс — асноўная крыніца атрымання раслінных алеяў у Беларусі, і за апошнія гады створаны новыя, безэрукавыя і нізкаэрукавыя сарты рапсу ўласнай селекцыі, распрацаваны ДАСТы як па насенні рапсу, так і па рапсавым алеі. Устаноўлены высокія патрабаванні па паказчыках якасці і бяспекі — як да сыравіны, так і да канчатковага прадукту, падкрэсліла спецыяліст.
Сёння рапсавы алей Беларусь пастаўляе больш чым у дзесяць краін. Спецыялісты сферы гандлю чакаюць, што будзе расці і ўнутраны рынак гэтага каштоўнага прадукту харчавання. Гэтаму, у прыватнасці, спрыяе промапраект «Калегі па Амезе».