Top.Mail.Ru
48

У чым асаблівасць маладзёжнага тэатральнага форуму «M.^@rt. кантакт», расказалі арганізатары

Аб асаблівасцях Міжнароднага тэатральнага форуму «M.^@rt. кантакт» у час прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы расказалі арганізатары, паведаміла БелТА.


Як адзначыла кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Яўгенія Багдановіч, тэатральная падзея ў Магілёве з’яўляецца адзінай такой адметнай. «У такім фармаце, у якім праходзіць «M.^@rt. кантакт», у нас не праходзіць больш ніводная міжнародная тэатральная падзея. І гэтым ён істотна адрозніваецца ад усіх іншых, — падкрэсліла яна. — І галоўная перавага форуму — ён адкрывае наш фестывальны год».

Паводле слоў начальніка аддзела народнай творчасці, культурна-забаўляльнай дзейнасці і ўстаноў адукацыі ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандра Глуздава, унікальнасць форуму ў тым, што ён збірае на сваёй пляцоўцы моладзь: маладых драматургаў, акцёраў, рэжысёраў. «Асаблівасць форуму «M.^@rt. кантакт» — нараўне з масцітымі тэатрамі ўдзельнічаюць маладзёжныя тэатры. Гэта цудоўны шанц маладым рэжысёрам заявіць пра сябе перад гледачамі і журы і адразу атрымаць зваротную сувязь ад экспертаў і крытыкаў, — дадаў ён. — Яшчэ адна асаблівасць — у пэўным сэнсе гэта яшчэ і адукацыйны форум».

У бягучым годзе акрамя насычанай тэатральнай праграмы, якая будзе прадстаўлена 17 спектаклямі ад творчых калектываў Беларусі, Расіі і Казахстана, будзе і цікавая творчая лабараторыя, і тэматычныя майстар-класы. «На майстар-клас сёлета разам з прафесіяналамі будуць запрошаны кіраўнікі аматарскіх тэатральных калектываў Магілёўскай вобласці. І гэта выдатна, — расказаў Аляксандр Глуздаў. — Мы запрашаем на майстар-клас навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, дзіцячых школ мастацтваў, на базе якіх дзейнічаюць тэатральныя аддзяленні».


Як адзначыла дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Вольга Кузняцова, сёлета ў афішы форуму будуць прадстаўлены пяць новых тэатральных калектываў — яны ўпершыню прымуць удзел у маштабнай тэатральнай падзеі. Усяго было пададзена 32 заяўкі ад удзельнікаў. «Гэта сведчыць аб тым, што наш форум вядомы далёка за межамі Беларусі, прысылаюць вельмі шмат заявак. І каб сфарміраваць афішу ў гэтым годзе, мы звярнулі ўвагу на класіку, — расказала яна. — І кожны калектыў у адборы сваіх спектакляў зрабіў акцэнт на тым, што гэта актуальна для моладзі».

Цікавасць гаворыць сама за сябе — на пяць спектакляў білеты разляцеліся за першыя пяць дзён.

Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «M.^@rt. кантакт» пройдзе ў Магілёве з 20 па 27 сакавіка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю