Ужо напрыканцы лета ў Новалукомлі плануюць запусціць новую вытворчасць беларускіх рыбных кансерваў. Праектам, які рэалізуецца ў рамках інвестпраграмы «Адзін раён — адзін праект», займаецца прыватнае прадпрыемства «Лукомльскі кансервавы завод». Для гэтага інвестару быў прадастаўлены зямельны ўчастак плошчай 2,8 гектара і перададзена ў арэнду возера Лукомльскае.
Што датычыцца арэнды возера, то асноўная мэта ТАА «Лукомльскі кансервавы завод» — развіццё турыстычнага патэнцыялу раёна, павышэнне цікавасці да Лукомльскага возера як да месца правядзення выхадных альбо адпачынку.
У сувязі з гэтым ствараюцца камфортныя ўмовы для адпачывальнікаў: выраблена 60 альтанак, месцы адпачынку абсталяваны вогнішчамі, падвозяцца дровы, зроблены масткі для рыбакоў і многае іншае. Паклапаціліся аб падтрыманні чысціні берагавой лініі, устанавілі кантэйнеры для смецця, заключаны дагавор на вываз смецця. На ўсіх пад’ездах да возера ўстаноўлены інфармацыйныя плакаты, з якіх можна даведацца аб правілах рыбалоўства. Для бяспечнага адпачынку і прадухілення фактаў браканьерства працуюць інспектары, якія перыядычна патрулююць возера. Яны часта выязджаюць у рэйды сумесна з Дзяржаўнай інспекцыяй жывёльнага і расліннага свету.
Рыбалоўная гаспадарка патрабуе ад арандатара зарыблення воднага аб’екта ў адпаведнасці з аб’ёмамі і тэрмінамі, прадугледжанымі на аснове біялагічнага абгрунтавання. У красавіку і ў пачатку мая мінулага года ў Лукомльскае возера выпусцілі 65 тысяч малькоў карпа, 160 тысяч — карася, тону белага амура (прыкладна 3000 малькоў). Апошніх набылі ў першую чаргу з мэтай ачысткі возера.
Што датычыцца завода, ужо пабудаваныя інжынерныя камунікацыі, узводзяцца вытворчыя будынкі і ачышчальныя збудаванні. Будаўнічыя работы на аб’екце плануюць завяршыць у маі бягучага года, пасля пачнецца мантаж абсталявання.
У канцы 2025 года завод павінен выйсці на вытворчыя магутнасці. На Лукомльскім кансервавым заводзе плануюць займацца перапрацоўкай кеты, неркі, гарбушы. Аб’ём планаванай прадукцыі — 725 тон кансерваў з марской і прэснай рыбы ў год. У асноўным сыравінай чашніцкае прадпрыемства будзе забяспечваць расійскае таварыства «Каракморапрадукт ДВ» — падчас правядзення ХІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі кампаніі заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Дадатковай крыніцай сыравіны плануюць зрабіць Лукомльскае возера. Пастаўкі беларускіх кансерваў на ўнутраны рынак краіны ацэньваюцца ў межах 10 % ад аб’ёму вытворчасці, на рынкі краін СНД — да 90 %.
Самае важнае ў рэалізацыі праекта — стварэнне новых працоўных месцаў. Пакуль іх колькасць ацэньваецца ў 27, аднак для Чашніцкага раёна гэта лічба значная, бо за апошнія гады ў раёне не было створана ні аднаго прадпрыемства з такой колькасцю новых працоўных месцаў.
Усяго ў Віцебскай вобласці на 2025 год запланавана рэалізацыя 20 асноўных вытворчых праектаў з агульным аб’ёмам інвестыцый больш за 98 мільёнаў рублёў, а таксама 35 інфраструктурных праектаў з агульным аб’ёмам інвестыцый амаль 71 мільён рублёў.