Скульптар, аўтар кампазіцыі «Алесь і Алеся» Аляксандр Мінькоў: «Адной творчасці для шчасця недастаткова».
Пагаварылі з членам Беларускага саюза мастакоў Аляксандрам Міньковым аб гэтай працы, аб жыцці сучаснага скульптара, творчасці, сям’і і каханні.
Завершаная скульптура жыве сваім жыццём
— Аляксандр Віктаравіч, як нарадзілася ідэя стварэння скульптуры «Алесь і Алеся»?
— Прадстаўнікі мясцовай улады Касцюковіцкага раёна, звярнуўшыся да мяне с замовай, падзяліліся сваім бачаннем скульптуры да XXXIII Дня беларускага пісьменства. Адштурхоўваліся ад верша знакамітага ўраджэнца Касцюковіцкага раёна, народнага паэта БССР Аркадзя Куляшова «Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая», які ён прысвяціў сваёй першай любові Алесі Карыткінай і які пазней стал асновай для знакамітай песні «Алеся» ў выкананні легендарных «Песняроў». Я прапанаваў некалькі эскізаў. Адзін з варыянтаў кампазіцыі спадабаўся больш, яго і ўвасабляў у жыццё. Сваю працу «на старце» я называў «Першае каханне». Але потым яе перайменавалі ў «Алесь і Алеся». Мой галоўны аўтарскі мэсэдж у тым, што першае каханне — заўсёды цуд, і якім бы ні было, яно назаўжды змяняе людзей, пакідае ў іх сэрцах незгладжальны след.
— Ці праўда, што ў знешнасці герояў гэтай скульптурнай кампазіцыі ёсць рысы вашай жонкі і старэйшага сына?
— Пакуль ляпіў кампазіцыю, міма волі надзяліў вобразы рысамі Таццяны і Андрэя. Але калі прыйшлося памяняць тэхналогію, то ў канчатковым варыянце падабенства з імі практычна знікла. — Гарадская скульптура звычайна абрастае сваёй гісторыяй: нейкімі міфамі, традыцыямі.

— Ці сочыце вы за гэтым працэсам?
— Не. Завершаная скульптура жыве сваім жыццём, і няхай людзі надзяляюць яе біяграфіяй, ствараюць традыцыі. Я рады, што мае працы ёсць у розных абласцях Беларусі. Гэта мой дар роднай зямлі. І хай яны апынуцца не такімі даўгавечнымі як егіпецкія піраміды, але калі хтосьці будзе прыходзіць да іх у дні радасці ці смутку, гэта ўжо вялікае шчасце для мастака.
— Натхненне — гэта недазваляльная раскоша для сучаснага скульптара ці ўсё ж яно мае значэнне, яму знаходзіцца месца і сёння?
— Я кожны дзень малюю эскізы. Нярэдка адчуваю натхненне, развіваю ідэю і здаецца: вось з гэтага можа атрымацца нешта па-сапраўднаму цікавае. Але бывае, што на эмоцыях бярэшся за працу і губіш задуму. Лепш, каб задума выспела, а ўжо потым спакойна брацца за яе ўвасабленне. Калі ўжо прымаешся ляпіць, то натхненне звычайна адступае, ты дзейнічаеш паводле вызначанага плана, крок за крокам.

— Якая са створаных вамі скульптур падабаецца вам самому?
— Мабыць, больш за ўсё я задаволены кампазіцыяй «З’яўленне іконы», якую ўсталявалі ў Бялынічах да Дня беларускага пісьменства ў 2020-м годзе. Гэта трохметровы гранітны анёл: яго крылы ўпрыгожаны ўзорам у тэхніцы выцінанкі, ён трымае бронзавы Бялыніцкі абраз Божай маці. Заўсёды, наведваючы тыя мясціны, зазіраю ў царкву ў гонар іконы Божай Маці Бялыніцкай (там, дарэчы, мяне хрысцілі) і з радасцю адзначаю: мая скульптура вельмі арганічна там выглядае, і быццам «насычаецца» з часам духоўным жыццём мясцовых жыхароў.
Дарослым становішся, толькі калі нараджаюцца дзеці
— Аляксандр Віктаравіч, ці лёгка сучаснаму скульптару пракарміць сям’ю, асабліва, калі ў ёй трое дзяцей, як у вас?
— Скульптары сёння могуць добра сябе забяспечыць пры ўмове, што ў іх ёсць імя, аўтарытэт, і паступае шмат замоў. Але каб зарабіць імя, патрэбны годы. Канчатковы вынік заўсёды залежыць не толькі ад намаганняў мастака, але ад своечасовага фінансавання, ад таго, наколькі ён будзе адпавядаць уяўленням замоўшчыка, ад тэрміну, у які неабходна укласціся, ад матэрыялу. Прызнаюся, рэдка праца ідзе гладка. Асабіста ў мяне бываюць «хлебныя», перыяды, калі замовы паступаюць адна за адной, а здараюцца і прастоі, калі фінансавых паступленняў няма, і мы ў сям’і жывем на заробленыя раней сродкі.

— Ці не перашкаджае сям’я мастаку?
— Сям’я і творчасць часам цяжка сумяшчальныя. Але канкрэтна мне аднаго мастацтва было б недастаткова для шчасця. Сям’я напаўняе жыццё і творчасць новымі сэнсамі, пачынаеш задумвацца пра рэчы, пра якія раней не думаў. Асабіста я хачу пакінуць пасля сябе не толькі свае працы, але і сваю ДНК. Жадаю працягвацца ў дзецях, унуках, праўнуках.
— Раскажыце, як, дзе вы пазнаёміліся са сваёй жонкай.
— 7 гадоў мы з Таццянай працавалі разам у школе і не звярталі адзін на аднаго ніякай увагі. Былі проста калегамі: добры дзень і бывайце. А потым раптам нешта здарылася, я ўбачыў Таццяну нібы ўпершыню і закахаўся. Так што асабіста я веру ў каханне з першага позірку. Прычым гэта можа здарыцца і ў адносінах да добра знаёмага чалавека. Толькі трэба яго разглядзець.
— У вас трое сыноў. Вы заўсёды хацелі быць шматдзетным бацькам?
— Не. Мы з жонкай планавалі дваіх дзяцей. У мяне ёсць брат, у жонкі — сястра. Мы лічым: аднаму дзіцяці самотна расці. Наш трэці сын Ілля, можна сказаць, атрымаўся «звышплана». Але мы гэтаму рады. Трое нават лепей дваіх. Мне падабаецца глядзець, як хлапчукі растуць, мяняюцца, узаемадзейнічаюць паміж сабой.

— Чым сыны займаюцца, акрамя вучобы? Кім жадаюць стаць?
— 15-гадовы Андрэй раней хацеў быць лётчыкам. Але пасля таго, як я дазволіў яму пакатацца на мотапараплане (сам я 20 гадоў не прыгаў з парашутам, і толькі сёлета аднавіў трэніроўкі), ён пачаў сумнявацца адносна такога выбару. 13-гадовы Глеб любіў ляпіць, я бачыў у яго відавочныя здольнасці, але раптам заняўся электрагітарай і другі год захоплены ігрой на гэтым інструменце. 11-гадовы Ілля нядаўна выявіў жаданне запісацца ў секцыю па спартыўнай, кросавай яздзе на матацыкле. Паабяцаў запісаць яго туды.
— Якія змены вы ў сабе заўважылі, калі сталі бацькам?
— Зусім перастаў думаць пра сябе, засяродзіўся на думках аб сям’і, дзецях. Адчуў адказнасць за іх. Пасля нараджэння першынца зусім перастаў выпіваць. Наогул, я перакананы: чалавек становіцца дарослым, толькі калі ў яго з’яўляюцца дзеці, калі фокус яго ўвагі пераключаецца з сябе на іх, іх будучыню. Са з’яўленнем нашчадкаў зусім інакш асэнсоўваеш жыццё. Заўсёды відаць, ёсць у чалавека дзеці ці не. Часам мужчыне 40 гадоў, а ён сам як дзіця. Таму што ні за кога не адказвае.
Самыя важныя ўрокі
— Вы дапамагаеце сынам рабіць урокі? Дастаецца ім ад вас за дрэнныя адзнакі?
— За ўрокамі і паспяховасцю дзяцей сочыць жонка. Яна настаўніца. Сыны нядрэнна вучацца і перажываюць з-за адзнак часам больш, чым, на мой погляд, трэба. Я не хаваю, дарэчы, ад іх: у мяне таксама былі тройкі і двойкі. І што? Гэта ўсяго толькі адзнакі, часам яны суб’ектыўныя. Мяне радуе, што сыны задаюць цікавыя пытанні, задумваюцца пра важныя рэчы. На мой погляд, у пачатковай школе трэба закласці базу ведаў, навучыць дзяцей думаць, заахвочваць дапытлівасць, выяўляць іх схільнасці. А з класа 7-га можна пачынаць спецыялізацыю, каб не перагружаць іх, пакідаць час на рухальную актыўнасць, на самаразвіццё. Усё роўна адукоўваць сябе даводзіцца на працягу ўсяго жыцця.
— Вы вучыце сыноў мужчынскім навыкам? Ці ўмеюць вашыя хлопчыкі забіць той жа самы цвік?
— Умеюць. Мы зараз жывем у доме, які я амаль цалкам будаваў самастойна. І кожны з сыноў прыцягваўся да гэтай справы, пасільна ўдзельнічаў, дапамагаў.
— Якімі вам хацелася б бачыць сыноў? Якія якасці вы стараецеся ў іх выхаваць?
— Перш за ўсё хацелася б, каб яны былі сумленнымі, з развітым пачуццём справядлівасці. Жывучы ў соцыуме, не ўсім і не заўсёды, вядома, трэба казаць праўду. Але самому сабе ва ўсякім разе хлусіць не варта. Мяне абнадзейвае, што свядомыя гадасці і подласці сыны не здзяйсняюць. І ведаеце: я працаваў у розных каледжах, меў справу з рознымі дзецьмі, і бачу: увогуле мае хлапчукі — проста залатыя.
— Некаторыя сучасныя юнакі і дзяўчаты не хочуць ствараць сям’ю, нараджаць дзяцей. Чаму, на ваш погляд?
— Мне складана зразумець, чаму многія людзі так шануюць сваю незалежнасць, так баяцца шлюбу. Магчыма, гэта закончаныя эгаісты. Напэўна, многія не гатовы да адказнасці за сям’ю. Нажаль, нават за свае словы, учынкі далёка не ўсе маладыя ўмеюць адказваць. Думаю, гэтаму трэба надаваць больш увагі ў школе і ў сям’і... Вядома, сямейнае жыццё патрабуе ахвяр. Але якое гэта шчасце, калі прыходзіш пасля працы, і табе насустрач кідаюцца дзеці, віснуць на табе, дурэюць! І няхай ты стомлены, няхай не настолькі фінансава паспяховы, як хацелася б, але цябе дома чакаюць. Табе рады!
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота прадастаўлена суразмоўцам