Так лічаць маладыя.
У школьнікаў і студэнтаў доўгачаканыя канікулы. Нарэшце можна адпачыць ад заняткаў і хатніх заданняў. З’явілася шмат вольнага часу, які, напэўна, кожны хоча напоўніць яскравымі эмоцыямі і ўражаннямі. Нехта будзе ў захапленні ад наведвання цікавых мясцін, пазнаёміцца з новымі сябрамі, хтосьці атрымае асалоду ад чарговай кнігі ці фільма, або з задавальненнем перачытае любімы твор ці (няхай сабе і не ў першы раз) перагледзіць любімую кінастужку. Ну а юныя аматары тэатра змогуць да закрыцця сезона акунуцца ў атмасферу сцэнічных пляцовак.
Апошім часам мы, цяпер ужо выпускнікі гімназіі № 11 горада Мінска, у размовах паміж сабой абмяркоўвалі прачытаныя кніжкі, і гэтая тэма ўсплывала ў нас даволі часта. А вось што датычыцца кіно ці тым больш тэатральных пастановак — такое было значна радзей. І я вырашыў запытацца ў сваіх знаёмых і сяброў, ці праўда, што сёння, у эпоху тык-тока і ютуба, кіно і тэатр адыходзяць на другі план, ушчэнт прайграючы канкурэнцыю рылсам з папулярных платформаў. Адразу адзначу, што маё апытанне нельга лічыць цалкам рэпрэзентатыўным, бо думкі маіх сяброў могуць не супадаць з меркаваннем іншых, ці нават большасці, а пра густы, як кажуць, не спрачаюцца.
Дарэчы, летась апытанне, якое датычыцца кінапрагляду, правялі Усерасійскі фонд вывучэння грамадскай думкі і расійскае таварыства «Веды». Матэрыялы публікаваліся ў СМІ. З даследвання вынікае, што 83% апытаных глядзяць кіно з мэтай атрымання новых ведаў, а асветніцкая функцыя кіно важная для 71% апытаных ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. Сярод рэспандэнтаў ва ўзросце ад 36 да 45 гадоў гэты паказчык вышэйшы — 82%, а ў групе старэйшых за 46 гадоў матывацыя папаўнення багажа ведаў з’яўляецца прыярытэтнай для 90%.
Што датычыцца любімых жанраў, то тут выбар розніцца ў залежнасці ад узросту. Моладзь ва ўзросце ад 14 да 35 гадоў аддае перавагу камедыі (48%), фэнтэзі (46%) і прыгодам (35%). Людзі, старэйшыя за 36 гадоў, больш любяць гістарычнае кіно (56%), дакументальныя стужкі (46%), камедыі (43%) і дэтэктывы (40%).

Сярод школьнікаў і студэнтаў таксама папулярны анімэ (34% сярод школьнікаў і 29% сярод студэнтаў) і фільмы жахаў (25% сярод школьнікаў і 21% сярод студэнтаў). Найменшай папулярнасцю ў рэспандэнтаў усіх узростаў карыстаюцца мюзіклы (4% у групе 14+), фільмы пра спорт (5%) і кароткаметражкі (5%).
Яшчэ адно апытанне правёў анлайн-кінатэатр Кіоn. Яго рэспандэнты пацвердзілі, што прагляд фільмаў з’яўляецца адным з любімых заняткаў у адпачынку (71% апытаных). Сярод жанраў у лідэрах — камедыі і серыялы (67%), у тым ліку драмы і меладрамы.
А вось што сказалі мае сябры — былыя аднакласнікі: Матвей Асіпенка, Глеб Церашкоў і Дамір Міскевіч. Забаўляльны кантэнт з Тык-тока і Інстаграма яны, зразумела, таксама праглядаюць, але нячаста. Больш ім падабаюцца гістарычныя падкасты навукова-папулярнана характару. Сёння ёсць цэлы шэраг такіх папулярных аўтараў, што выкладаюць кантэнт цікава і адначасова проста і зразумела — ад Дзмітрыя Пучкова і Кліма Жукава да Сяргея Мінаева і Аляксандра Файба. Іх часцяком і праглядаюць.
Што датычыцца кіно, то тут ва ўсіх меркаванне аднадушнае — сучасныя заходнія фільмы як правіла, павярхоўныя, без ціваных сюжэтных паваротаў і вобразаў. Галівудскія і нетфліксаўскія стужкі запоўненыя шаблоннымі героямі, якія часцяком прадстаўляюць розныя меншасці. Такое адчуванне, што менавіта гэта становіцца мэтай, а сюжэт, сэнс і гульня акцёраў сыходзяць на другі план. Таму, калі я спытаўся пра любімае кіно ці фільм, які варта было б адзначыць, называліся стужкі мінулых гадоў.
Так, Глеб назваў «Рэвальвер» Гая Рычы, які робіць моцнае ўражанне сваёй незвычайнай структурай і нерэальна крутым філасофскім падтэкстам. Фільм прымушае задумацца пра тое, як страхі і эга могуць кіраваць нашым жыццём. Гэта схаваная пад экшн-баявіком гісторыя пра ўнутраную барацьбуў свядомасці чалавека, якая адлюстроўвае неабходнасць выбару. Там цэлы шэраг алюзій з Бібліі і будызму, і усё гэта вельмі складана, але цікава. Сярод акцёраў ён адзначыў Джэйсана Стэйтама, які ў гэтым фільме па-майстэрску спалучае вобраз моцнага і рашучага героя і, у той жа час, думаючага чалавека, які імкнецца знайсці сэнс жыцця. Яго выдатная гульня дапамагае перадаць складанасць унутранай барацьбы персанажа.
Сваім любімым акцёрам Матвей назваў Крыстофа Вальца, які ведае чатыры мовы і можа лёгка пераўвасабляцца як ў станоўчага героя, так і ў злодзея, пры гэтым захоўваючы ўласцівы яму шарм і інтэлігентную манеру выканання. Сярод фільмаў гэты мой сябар адзначыў «Крымінальнае чытво» Квенціна Таранціна. У гэтым фільме незвычайны нелінейны сюжэт, выдатная гульня цэлага шэрагу знакамітых акцёраў, запамінальныя саўндтрэкі, маналогі і дыялогі, многія з якіх пасля разышліся на цытаты.
З вядомых акцёраў Дамір выбраў Сяргея Бязрукава, які можа стварыць самыя разнапланавыя вобразы. Сярод яго героеў — персанажы крымінальнага свету, участковы міліцыянер, Пушкін, Ясенін і Высоцкі, і нават булгакаўскі Іешуа Га-Ноцры. І ўсе гэтыя вобразы — па-свойму адметныя і запамінальныя. Атмасферным фільмам з яскравымі вобразамі Даміру падаецца «Брат» Аляксея Балабанава. Фільм таксама разышоўся на цытаты, яго можна пераглядаць шмат разоў, а вобраз Данілы Багрова, абаяльнага і справядлівага героя з народа, будзе прывабліваць не адно пакаленне гледачоў.
Ну і зразумела, усе з цеплынёй узгадалі савецкія фільмы, найперш, камедыі Леаніда Гайдая і Эльдара Разанава. З вытворчасці «Беларусьфільма» усе ведаюць дзіцячыя — «Прыгоды Бураціна» і «Пра чырвоны капялюшык», ваенны — «Ідзі і глядзі», з сучасных — «У жніўні 44-га» і «Брэсцкую крэпасць».
З падлеткамі вось так. А што глядзяць, напрыклад, вучні малодшых класаў? Сваімі ўраджаннямі дзеліцца Глеб Сямёнаў, пяцікласнік гімназіі № 13 Мінска: «Апошні фільм, які я глядзеў, называецца „Акадэмія чацвераногіх“. Гэта італьянская камедыя. Яна пра тое, як бацькі памылкова аддалі сваіх дзяцей на выхаванне дрэсіроўшчыку сабак. Я люблю жывёл, і мне спадабаўся гэты фільм. Таксама з апошняга мне спадабаўся фільм „Нянькі“. Я ў цэлым люблю камедыі і фантастыку».
А яшчэ Глеб расказаў пра фільм, які яго моцна ўразіў. І гэта — класіка савецкага кіно — «Лёс чалавека». Яго хлопчык глядзеў разам з бацькамі. На яго думку, фільм і цяжкі, і сумны, і добры адначасова. І паказвае, што ў любой сітуацыі, нават самай цяжкай і страшнай, можна захаваць у сабе дабрыню, цеплыню і надзею, і падзяліцца імі з іншым чалавекам.
Што ж датычыцца тэатра, то тут, прызнаюся чэсна: мы з сябрамі і сяброўкамі наведваем яго рэдка. Апошім часам я магу прыгадаць толькі «Паўлінку» і «Чорную панну Нясвіжа» якія глядзеў у Купалаўскім летась. «Паўлінка» — гэта класіка беларускай драматургіі. Па добрай традыцыі, спектакль адкрывае сезон старэйшага тэатра нашай краіны. А паглядзець на Генадзя Аўсяннікава, які сёлета адзначыў 90-годдзе, было магчымасцю далучыца да творчасці легенды айчыннага тэатральнага мастацтва. «Чорная панна Нясвіжа» — гэта мастацкае асэнсаванне знакамітай легенды пра каханне на гістарычным фоне сярэднявечча. Тут найперш адзначу займальны лаканічны сюжэт і нядрэнную гульню акцёраў.
Паколькі пра тэатр з аднагоднамі паразважаць не ўдалося, я запытаўся ў настаўніцы рускай мовы і літаратуры — Таццяны Фёдараўны Васілевіч, якая не адзін дзясятак гадоў адпрацавала ў мінскай гімназіі, — што для яе тэатр і якое месца гэты від мастацтва займае ў яе асабістай культурнай павестцы?

Таццяна Фёдараўна адзначыла, што наведвае тэатр раз у 3-4 месяцы, але пры гэтым імкнецца выкарыстоўваць любую магчымасць, каб гэта зрабіць. Чаму? Тэатр — гэта асаблівы свет пераўвасаблення, стварэння яркіх вобразаў і сюжэтаў. Кожны спектакль асаблівы і непаўторны, бо гуляць аднолькава немагчыма, акцёр тэатра стварае вобраз свайго героя ў кожным спектаклі па-рознаму, пры гэтым імкнучыся захаваць яго сутнасць. Яе любімыя драматычныя жанры — камедыі або п’есы філасофскага зместу. У камедыі праз катэгорыю камічнага можна тонка і лёгка пасмяяцца з таго, што перашкаджае жыць. Як правіла, праз смех лягчэй казаць аб важным і сур’ёзным. П’есы філасофскага зместу — гэта магчымасць гледачу застацца ў тэатральнай зале сам-насам з сабой, такія спектаклі застаюцца ў памяці надоўга. А яшчэ Таццяна Фёдараўна прызвычаілася глядзець пастаноўкі анлайн, бо гэта дае магчымасць убачыць спектаклі розных тэатраў свету. Вельмі падабаюцца спектаклі тэатраў Масквы, Пецярбурга з акцёрамі, імёны якіх упісаны залатымі літарамі ў гісторыю тэатральнага мастацтва. Гэта сапраўдныя шэдэўры і час для іх не мае ніякага значэння.
Вось такі кароткі агляд атрымаўся. Якую можна зрабіць выснову? На мой погляд, у наш час, час імгненнага кантэнту і кароткіх рылсаў, запатрабаванасць глыбіні, сэнсу і сапраўднага майстэрства не знікае. Маладыя людзі і сёння здольныя разгледзець за знешняй абалонкай фільма яго сапраўдную сутнасць. Яны шукаюць не проста забаўляльны кантэнт, а перажыванні, думкі, адказы. Летнія канікулы — выдатны час, каб знайсці гэта ў кнізе, на экране ці на тэатральнай сцэне. Бо калі ўключыць не толькі экран смартфона, але і ўласны розум і пачуцці, адпачынак стане сапраўды яскравым і карысным.
Андрэй Матусевіч, выпускнік 11 класа гімназіі № 11
г. Мінска імя І. Д. Чарняхоўскага