Top.Mail.Ru

У Бярозе рыхтуюць спецыялістаў амаль усіх кірункаў, якія ёсць у будаўнічай сферы

Цесляры і муляры, зваршчыкі і кавалі.

«Будаўніцтва — гэта навука, якая патрабуе майстэрства і ведаў,» — даволі прывабная фармулёўка. З такой думкай я накіроўвалася ў Бярозаўскі дзяржаўны каледж будаўнікоў, які ўжо 55 гадоў рыхтуе спецыялістаў для адной з тых галін, што вельмі актыўна развіваецца ў нашай краіне. 

І нездарма выпускнікі адной з вядучых устаноў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці запатрабаваны не толькі ў сваім рэгіёне...

Ведаць трэнды

— У нас 100-працэнтнае працаўладкаванне выпускнікоў. Заявак вельмі шмат, стараемся прытрымлівацца дзяржзаказу. У першую чаргу забяспечваем кадрамі «базавыя» прадпрыемствы вобласці, супрацоўнічаем з «Брэстаблсельбудам», але ёсць заяўкі з Мінска, Гомеля, Салігорска, Гродна... Мы рыхтуем спецыялістаў амаль усіх кірункаў, якія ёсць у будаўнічай сферы, патрэба ў іх цяпер вялікая, таму ў нас шмат «мэтавікоў». Заявак бывае больш, чым выпускнікоў. Таму летась яны маглі нават выбіраць, куды пайсці на працу. План набору ў апошнія гады мы выконвалі, і не сумняваемся, што гэтыя людзі па заканчэнні змогуць забяспечыць сабе кавалак хлеба (узровень заробкаў у будаўнічай галіне прыстойны), — расказвае дырэктар установы Сяргей Гарбавец. Ён прызнаецца: сам тут некалі вучыўся цяслярнай справе, прайшоў шлях ад майстра да кіраўніка. І цяпер у яго шафе ёсць рабочая форма, каб у любы момант далучыцца да навучальнага працэсу.

Спецыяльнае адзенне для вытворчага навучання — гэта тое, па чым можна пазнаць навучэнцаў каледжа. Яго выдаюць кожнаму бясплатна. Такім чынам рыхтуюць да прыходу на будаўнічыя пляцоўкі, дзе існуюць пэўныя правілы. Станеш ты тынкоўшчыкам ці маляром, абліцоўшчыкам-кафельшчыкам, мулярам (каменшчыкам), электрагазазваршчыкам, будзеш працаваць на дрэваапрацоўчых станках альбо ажыццяўляць мантаж санітарна-тэхнічнага абсталявання — трэба прывыкаць усё рабіць акуратна.

— Самая папулярная прафесія з тых, што можна атрымаць у нашым каледжы, — электрагазазваршчык, на яе звычайна ёсць конкурс, паступаюць дзеці з даволі высокім сярэднім балам пасля 9-га ці пасля 11 класа, — удакладняе намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай працы Алена Пунько. — Гэта трэнд, відаць, у Бярозаўскім раёне сярод хлопцаў. Хто не прайшоў па конкурсе, але хоча атрымаць гэтую прафесію, можа займацца дадаткова ў вячэрні час на платнай аснове.

Насамрэч у каледжы кожны можа асвоіць некалькі прафесій адначасова. Гэта цяпер папулярна ў сярэднеспецыяльных навучальных установах. Бярозаўчане адны з першых увялі інтэграцыю будаўнічых прафесій з кваліфікацыяй кіроўцы аўтамабіля катэгорыі «С». Навучэнцы атрымліваюць дадатковыя навыкі, гэта пашырае іх магчымасці на рынку працы. Да прыкладу: можа быць інтэграцыя спецыяльнасцяў «муляр—бетоншчык—цясляр», ёсць група «цясляр—станочнік па дрэваапрацоўцы—кіроўца аўтамабіля катэгорыі «С» і іншыя. Для ўсіх 12 прафесійных майстэрняў стараюцца закупіць сучаснае абсталяванне, на што выдаткоўваюцца патрэбныя сродкі. Гэта важна, асабліва для хлопчыкаў, якіх большасць. Ім хочацца асвойваць новую тэхніку, прычым не толькі камп’ютарную (на гэта адзведзены тры класы), але і прафесійныя станкі. Для падрыхтоўкі вадзіцеляў аўтамабіля катэгорыі «С» каледж набыў два новыя МАЗы, выдзелена фінансаванне і на трэці, бо ёсць запыт на гэту прафесію (прычым і сярод дзяўчат!), набор на яе павялічваюць. У будаўнічых арганізацыях вітаюць, калі чалавек, акрамя асноўнай прафесіі, мае права кіраваць вялікагрузнымі машынамі. А калі па стане здароўя гэта забаронена, то ў каледжы ёсць платны курс кіроўцаў аўтамабіля катэгорыі «В».

Падыходзіць гнутка да кожнага навучэнца — неабходнасць і яшчэ адзін трэнд. Цяпер каледж набірае групы дзяцей з асаблівасцямі развіцця: у пэўных спецыяльнасцях яны сябе добра паказваюць, бо адказныя і карпатлівыя. Напрыклад, чаму б ім не працаваць «тынкоўшчыкамі-малярамі»? Яны добрыя работнікі, адзначаюць заказчыкі кадраў. Дзякуючы наладжаным кантактам каледжа з патэнцыйнымі працадаўцамі, навучэнцы могуць у іх праходзіць практыку і нават нядрэнна зарабіць.

Дзеля майстэрства

— Мы зацікаўлены ўладкоўваць выпускнікоў на працу, якая аплачваецца добра, бо 25 % адлічваецца каледжу, гэтыя сумы ідуць на яго развіццё, — удакладняе дырэктар установы. — Нашы навучэнцы мэтанакіраваныя. Многія імкнуцца паспрабаваць сябе ў працы ўжо падчас вучобы.

... У адной з аўдыторый на сцяне юныя маляры стварылі своеасаблівыя пано з розных відаў дэкаратыўнай тынкоўкі — упадабаеце фактурную ці венецыянскую?.. Асобная майстэрня — з фрагментамі цагляных сцен з акном, гатовых да апрацоўкі. Побач некалькі відаў кафлі для ўкладкі — і хлопцы рыхтуюцца да заняткаў. У асобным пакойчыку пераапранаецца маленькая хударлявая дзяўчына, якая вучыцца на абліцоўшчыка-кафельшчыка. Паступіла ў каледж, маючы за плячыма... дыплом аб вышэйшай адукацыі, досвед працы рыэлтарам і выкладчыцы акцёрскага майстэрства. «Мне снілася, як я кірую вялікай машынай!» — прызнаецца навучэнка, якая ў якасці сумежнай спецыяльнасці выбрала самую «хітовую». Аказваецца, дзяўчаты могуць добра ўпраўляцца з вялікімі аўтамабілямі.

Каваная аздоба ў каледжы — таксама свая. Кавальскую справу могуць дадаткова асвоіць зваршчыкі. Навучэнцы выбіраюць аб’яднанні па інтарэсах, часцей за ўсё тыя, што бліжэй да асноўнай прафесіі: напрыклад, алі цесляры, то хочуць працаваць з дрэвам. Наступная майстэрня ўражвае тонкімі работамі з фанеры: складаныя ўзоры, міні-арэлі з рухомым механізмам, пазнавальныя архітэктурныя аб’екты...

— Калісьці вучылі выпільваць лобзікамі, а цяпер гэта сучасная праца з прымяненнем найноўшых тэхналогій. Дзякуючы спонсарам у каледжы з’явіўся лазерны станок. Ён выразае дрэва, пластык. Можна ў ноўтбуку распрацаваць схему, закласці праграму, атрымаць загатоўкі і ажыццявіць зборку, — дэманструе цуд тэхнікі Сяргей Іванавіч. — У нас свой цяслярскі цэх. Мы стараемся, каб навучэнцы адчувалі вынік: добра вырабленая на занятках мэбля знаходзіць прымяненне ў сталовай ці ў інтэрнаце.

Інтэрнатам забяспечваюцца ўсе, хто мае ў гэтым патрэбу. Бясплатныя абеды — таксама за кошт установы (ёсць навучэнцы, якім паложана трохразовае харчаванне). Бацькоў хвалюе, каб дзіця было добра ўладкавана і дагледжана. 

А з улікам таго, што ў каледж паступаюць пераважна падлеткі, то важны і выхаваўчы момант. За кожнай групай замацаваны майстар вытворчага навучання і куратар, у інтэрнаце ёсць выхавацелі. У вольны час прапаноўваюць цікавыя гурткі. Напрыклад, выхавацель Надзея Дударчык вучыць тэхніцы валяння — яе пано ўдзельнічаюць у конкурсах і ўпрыгожваюць каледж. Вучыцца гэтаму майстэрству ідуць і хлопчыкі. А выхавацель па фізпадрыхтоўцы арганізаваў гурток па барацьбе...

— Калі наведваць усё, што хочацца, то і дзень праходзіць. Мы стараемся максімальна іх заняць, каб выключыць нейкія спакусы, — тлумачыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Стасюк. — Выхаваўчая функцыя — асноўная. Спачатку трэба выхаваць грамадзяніна, а ён ужо паклапоціцца, як стаць прафесіяналам. Нашы навучэнцы ўдзельнічаюць у маладзёжным атраде аховы правапарадку «Маналіт», ёсць валанцёрскі атрад «Іскра», які дапамагае дзецям-інвалідам, мы даглядаем пахаванні і адказваем за добраўпарадкаванне пэўных тэрыторый.

У 2023 годзе ў каледжы быў створаны ваенна-патрыятычны клуб «Полымя». Ваенная часць дапамагла з амуніцыяй. Далучыцца да навучэнцаў каледжа можа моладзь з гораду і прылеглых вёсак. Тое, што будаўнічы каледж знаходзіцца крыху на адлегласці ад Бярозы, не замінае камунікацыі. Рух гарадскіх аўтобусаў падладжаны пад вучэбны расклад, таму прапусіць штосьці важнае немагчыма.

Ларыса ЦІМОШЫК, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю