Top.Mail.Ru

У Бярэзінскім раёне трэці дзень шукаюць зніклага падлетка: падключаны сотні людзей і спецтэхніка

У Мінскай вобласці ўжо трэці дзень працягваюцца маштабныя пошукі 14-гадовага Максіма Зяньковіча, які знік раніцай 8 лістапада ў Бярэзінскім раёне. У аперацыі ўдзельнічаюць сотні супрацоўнікаў выратавальных службаў, міліцыі, лясной гаспадаркі і валанцёраў з усёй краіны.


Паводле інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, паведамленне аб знікненні падлетка 2010 года нараджэння паступіла ў суботу каля 13:40. Хлопчык, які пражывае ў Мінску, знаходзіўся з бацькамі на канікулах у вёсцы Карбоўскае. Каля 10:00 раніцы ён з’ехаў на сінім веласіпедзе ў невядомым напрамку і не вярнуўся.

Пошукі Максіма вядуцца кругласутачна. Ужо трэція суткі ратавальнікі, міліцыя, леснікі і добраахвотнікі прачэсваюць лясы, абследуюць вадаёмы і торфараспрацоўкі. Да аперацыі прыцягнутыя сілы рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР».

Па даных на вечар 10 лістапада, у пошуках задзейнічана каля 400 чалавек і 86 адзінак тэхнікі, сярод якіх квадрацыклы, матацыклы, лодкі і квадракоптары. Працуюць тры пошукавыя сабакі, адзін з якіх нават паспеў згубіцца і быў знойдзены.

Пошукавікі абследавалі ўжо звыш 1350 гектараў лесу ў радыусе 20 кіламетраў ад в. Карбоўскае. Пешыя групы правяраюць кожны лясны квартал, а дроны аглядаюць цяжкадаступныя ўчасткі.

З паветра абследаваны торфараспрацоўкі ў раёне вёскі Каменны Барок, а таксама лясныя масівы каля населеных пунктаў Рубеж, Заброддзе і Уюнок. Агледжаны вадаёмы і меліярацыйныя каналы па напрамках у бок вёсак Каменны Барок, Хватаўка, Вяззе, Рудзенка і аграгарадка Любушаны.

Як паведамілі ў пошукава-выратавальным атрадзе «Анёл», у аперацыі ўдзельнічаюць больш за 120 добраахвотнікаў і звыш 400 супрацоўнікаў розных ведамстваў. Акрамя таго, дапамагаюць каля 140 работнікаў лясной гаспадаркі і больш за 100 спецыялістаў пошукава-выратавальных і кіналагічных атрадаў.

На дапамогу прыбываюць энтузіясты з квадрацыкламі і матацыкламі, у тым ліку прафесійныя эндурысты.

Для каардынацыі дзеянняў у вёсцы Карбоўскае разгорнуты пошукавы штаб. У рэгіёне ўведзена спецыяльная аперацыя пад кодавай назвай «Чырвоны шчыт».

«Не толькі дарогі, рэкі, нейкія лясныя прасекі, а нават банальна да нейкага знаходжання дробных прадметаў. І тры кіламетры ў нас ужо закрыта поўным прачэсам, і мы працягваем менавіта пашырэнне», — паведаміў каардынатар ПВА «Анёл» Алег Палягошка.

Нягледзячы на бесперапынную работу ратавальнікаў і валанцёраў, да вечара 10 лістапада месцазнаходжанне Максіма Зяньковіча застаецца невядомым. У сацсетках беларусы актыўна выказваюць падтрымку сям’і падлетка і ўдзельнікам пошукаў, спадзеючыся на паспяховы вынік.

Пошукавыя работы працягваюцца, а ўсіх, хто можа дапамагчы ў пошуках або валодае любой інфармацыяй аб магчымым месцазнаходжанні хлопчыка, заклікаюць звяртацца ў найбліжэйшае аддзяленне міліцыі або пошукавы атрад «Анёл».

Маці падлетка расказала, што ў сына ёсць праблемы са здароўем — ён можа шмат спаць і мае патрэбу ў рэгулярным прыёме жыццёва неабходных лекаў. Таму яго пошукі маюць асаблівую тэрміновасць.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю