На Брэстчыне зацвердзілі 104 месцы масавага адпачынку ля вадаёмаў. Такая інфармацыя агучана падчас паседжання аблвыканкама, перадае БелТА.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык адзначыў, што пытанне сур’ёзнае, бо датычыцца бяспекі людзей. «МНС канстатуе, што ў нас ужо ёсць загінуўшыя. Купальны сезон яшчэ не пачаўся, а некаторыя апярэджваюць падзеі. Усе пляжы трэба прывесці ў належны парадак. Асобная ўвага павінна быць стыхійным месцам, куды людзі едуць, плаваюць, распіваюць спіртное. Мы павінны ведаць гэтыя пункты і глядзець, якім чынам там развіваюцца падзеі. Звычайна так атрымліваем негатыўныя моманты, пра якія я сказаў. Трэба ўважліва падрыхтавацца, каб мінімізаваць узнікненне трагедый», — падкрэсліў кіраўнік Брэсцкай вобласці.
У паўднёва-заходнім рэгіёне па рашэнні гарадскіх і раённых выканкамаў у 2025 годзе зацверджаны 104 зоны адпачынку ля вадаёмаў, з іх 98 — з правам купання. У Баранавіцкім раёне выканалі комплекс работ, каб у гэтым сезоне людзі змаглі купацца на тэрыторыі зоны адпачынку «Паўлінава». Пляж уладкавалі на сажалцы паблізу Косаўскага палацава-паркавага комплексу ў Івацэвіцкім раёне.
Па дадзеных УУС Брэсцкага аблвыканкама, у рэгіёне ўлетку насельніцтва наведвае каля 50 стыхійных месцаў масавага купання. Там спецыялісты ўстанаўліваюць папераджальныя знакі, аднак многія грэбуюць забаронамі і выкананнем правіл паводзін на вадзе. У мінулым годзе, паводле інфармацыі АСВОД, у вадаёмах вобласці загінулі пры купанні 13 чалавек. Усе такія няшчасныя выпадкі здарыліся ў месцах, дзе купанне не дазволена. Дзе дазваляюць магчымасці, папулярныя сярод адпачывальнікаў дзікія пляжы пераабсталююць.
Месцы адпачынку падрыхтавалі да пачатку купальнага сезона. Спецыялісты навялі парадак на сушы, абследавалі і ачысцілі акваторыі ад смецця і расліннасці, адрамантавалі або замянілі душавыя кабінкі, лежакі, ценявыя навесы, спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі, уладкавалі мангалы, веласіпедныя і аўтамабільныя паркоўкі. Таксама прадстаўнікі санітарнай службы праводзілі адборы пробаў вады, адхіленняў па мікрабіялагічных паказчыках не выяўлена.
Адзначана, што ў цэлым месцы масавага адпачынку ў Брэсцкай вобласці гатовы да лета. Аднак з-за нестабільнага надвор’я купальны сезон пакуль у рэгіёне не стартаваў.