Top.Mail.Ru

У «Беллегпраме» расказалі пра трэнды школьнай формы

Да новага школьнага сезона беларускія вытворцы адзення выпусцілі каля 1 млн вырабаў. Такія звесткі агучыла журналістам намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» у вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці Наталля Мароз, паведамляе «Минск-Новости».

Па словах спікера, падрыхтоўка да школьнага сезона пачынаецца задоўга да лета. Асноўныя аб’ёмы адзення дзелавога стылю адшываюць зімой, а ў ліпені і жніўні гэтая прадукцыя масава паступае ў гандлёвую сетку.

Да цяперашняга навучальнага года прадпрыемствы «Беллегпрама» выпусцілі каля 300 тыс. вырабаў, яшчэ прыкладна 200 тыс. засталося з мінулых гадоў. З улікам прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, якія не ўваходзяць у склад канцэрна, лічба складзе каля 1 млн вырабаў — гэта звыклыя аб’ёмы для ўнутранага рынку, адзначыла Наталля Мароз.

— Ліпень і жнівень — гарачы сезон. Мы будзем шырока прадстаўлены ва ўсіх гандлёвых пунктах: буйных універмагах, фірменнай сетцы, арганізацыях Белкаапсаюза і на шматлікіх кірмашах, — удакладніла спікер.

Асартымент школьнага адзення штогод абнаўляецца прыкладна на 60 %. У калекцыях з’яўляюцца новыя мадэлі і элементы гардэроба, адаптаваныя пад сучасныя запыты.

— Нашы прадпрыемствы сканцэнтраваны на вытворчасці капсульных калекцый, якія ўключаюць спадніцу, штаны, камізэльку, бомбер і гэтак далей. Бацькі дзіцяці могуць сабраць свой вобраз, які будзе адпавядаць надвор’ю, зручнасці, пары года, — патлумачыла прадстаўнік канцэрна.

У ліку навінак — модныя ў апошнія гады штаны клёш і палаца, аверсайз мадэлі. Самым запатрабаваным ужо не першы год застаецца адзенне сіняга колеру, аднак частка прадукцыі выпускаецца і ў чорным.

Наталля Мароз адзначыла, што беларускія дызайнеры наведваюць міжнародныя выставы і трымаюцца сусветных тэндэнцый, каб адпавядаць густу і запытам школьнікаў. Вялікая ўвага таксама надаецца зручнасці і функцыянальнасці мадэляў. У прыклад спікер прывяла штаны на рызінцы, якія пацяснілі класічныя варыянты.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю