Top.Mail.Ru

У Белавежскай пушчы рэканструявалі ўязную групу

Цяпер нацыянальны парк сустракае турыстаў па-новаму. Сучасны выгляд набыла ўязная брама. Варта сказаць, што канцэпцыя развiцця аб’ектаў Белавежскай пушчы да 2030 года распрацавана некалькi гадоў таму. У працэсе былi абазначаны дзве мэты: захаванне спадчыны — устойлiвае развiццё i маркетынг — прыцягненне турыстаў.


Перавесцi неабходныя пераўтварэннi запатрабаваў час, лiчыць генеральны дырэктар Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Уладзiслаў Цецяронак.

— Пасля распрацоўкi агульнай канцэпцыi правялi рэбрэндзiнг як адзiн з элементаў рэканструкцыi. Летась абнавiлi свой лагатып. Хоць i знакамiтая, але крыху састарэлая «зялёная брама» патрабавала сучаснага дызайну ў адпаведнасцi з новым этапам развiцця. Цяпер вось брама выглядае iнакш, можна сказаць, адпавядае, яна ж з’яўляецца не толькi вiзiтоўкай Белавежскай пушчы, але ў пэўным сэнсе i адным з сiмвалаў Брэсцкай вобласцi, i нашай краiны ў цэлым, — падкрэслiў дырэктар.

Зараз кожны падарожнiк заўважае, што змянiлася не толькi ўязная брама, новае аблiчча набылi iнфацэнтр, пункт пракату веласiпедаў i электратранспарту, сувенiрная крама, кафэ. Работы па рэканструкцыi ўязной групы пачалiся ў 2023 годзе. Вароты з дзвюма вежамi сталi больш велiчнымi i разам з тым сучаснымi, стыльнымi. Атрымаўся шматфункцыянальны комплекс з магазiнамi i грамадскiм харчаваннем, рэсэпшанам, iнфармацыйным цэнтрам. Пры будаўнiцтве выкарыстоўвалi прыродныя матэрыялы, найбольш, дрэва i камень. Новыя падыходы будаўнiкi спалучалi з захаваннем гiстарычнай канвы.

Абнаўленне перажылi i iншыя аб’екты, напрыклад, закусачная Дзеда Мароза, кiрмашовая «падкова», дэманстрацыйныя вальеры з дзiкiмi жывёламi. Зараз распрацоўваецца праект мiжнароднага даследчага цэнтра. Пушча з’яўляецца навукова акрэдытаванай арганiзацыяй. Супрацоўнiкi навуковага аддзела атрымаюць магчымасць працаваць у новым двухпавярховым будынку з лабараторыяй i рознымi заламi. У далейшым запланавана рэканструкцыя гасцiнiцы № 4 з уладкаваннем спа-цэнтра, зон адпачынку, каб турыст затрымаўся тут не на дзень-два, а хоць бы на тыдзень. Планы — вялiкiя.

Да канца 2026 года наваселле адсвяткуе i галоўны казачны герой векавога лесу Дзед Мароз. Яго рэзiдэнцыю таксама чакаюць перамены. Праект новага офiса пушчанскага чараўнiка гатовы. Гэта будзе драўляны дом значна большай плошчы, чым цяперашнi. Турыст зможа наведаць ледзяное царства Дзеда Мароза, паглядзець на яго спальню, камiнную залу.

Начальнiк аддзела турызму, маркетынгу i рэкламы нацпарку Аксана Багалейша адзначыла, што турыстычны паток у пушчу расце:

«Зiмой людзi едуць найбольш да Дзеда Мароза. Летам пачынаецца веласiпедны сезон, госцi бяруць на пракат велатранспарт i атрымлiваюць асалоду ад векавога лесу, некранутай прыроды. Па-ранейшаму папулярны музей прыроды, вальеры са звярамi. Карыстаюцца попытам экскурсii ў музей народнага побыту, у археалагiчны музей пад адкрытым небам». Яшчэ начальнiк аддзела паведамiла, што спецыялiсты распрацоўваюць новыя турыстычныя маршруты. Напрыклад, летась адкрылi для наведванняў «Яленскi бор». Новае чакаецца i ў гэтым годзе, будуць развiвацца i ўдасканальвацца маршруты, якiя ўжо палюбiлiся турыстам. Сёлета гасцей чакаюць новыя мерапрыемствы экалагiчнага накiрунку, а таксама святочныя квэсты, прысвечаныя пэўным падзеям.

Уражаннямi з карэспандэнтам газеты падзялiлася брастаўчанка Вольга Васiлюк: «Я працую настаўнiцай у сярэдняй школе № 35. У Белавежскую пушчу перыядычна ездзiм з вучнямi. А нядаўна пабывала там са сваёй сям’ёй. Ацанiлi новае аблiчча i новы змест уязной групы. Як прыехалi, накiравалiся ў касу самаабслугоўвання iнфацэнтра. Выбралi напрамак — вальеры з жывёламi, атрымалi бiлет з QR-кодам, адсканiравалi каля турнiкета i пайшлi па маршруце. Дзецям вельмi спадабалася экскурсiя, паглядзелi на жывых лясных насельнiкаў. На зваротным шляху пачаставалiся блiнамi з сунiчным варэннем. Паездкай выхаднога дня засталiся задаволеныя. Новая ўязная брама выглядае прыгожай».

Фота з адкрытых крынiц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю