Top.Mail.Ru
171

У «Беларуснафты» рэкорд гадавой нафтаздабычы за апошнія 30 гадоў

Ёсць 2 млн тон!

Беларускія нафтавікі 29 снежня дасягнулі адзнаку ў 2 млн тон здабытай нафты за 2025 год. Пра гэта паведамілі БелТА ў кампаніі «Беларуснафта». 

Як удакладнілі на прадпрыемстве, у апошні раз беларускія нафтавікі выходзілі на такі ўзровень гадавой здабычы вуглевадародаў тры дзесяцігоддзі таму. Рэкорд зафіксаваў Цэнтр інтэграваных аперацый нафтагазаздабыўнага ўпраўлення (НГЗУ) «Рэчыцанафта». Менавіта тут каардынуецца работа ўнікальнай інтэлектуальнай сістэмы «Лічбавае радовішча». 

Начальнік НГЗУ Аляксандр Цыбранкоў адзначыў ключавую ролю сучасных тэхналогій у дасягненні двухмільённай планкі. Паводле яго слоў, комплекснае засваенне запасаў вуглевадародаў прывядзе нафтавікоў да яшчэ больш важкіх дасягненняў.

«У 1975 годзе прадпрыемства выйшла на пік гадавы нафтаздабычы — каля 8 млн т. Затым з прычыны абмежаванасці запасаў і іншых аб’ектыўных прычын гэты ўзровень дзесяцігоддзямі зніжаўся. Толькі ў 2017-м мы сталі паступова нарошчваць аб’ёмы. Усё дзякуючы перадавым тэхналогіям і граматнаму падыходу нашых спецыялістаў», — падкрэсліў Аляксандр Цыбранкоў.

«2 млн т — гэта, вядома, важная, знакавая падзея не толькі для нашага прадпрыемства, але, я думаю, для ўсёй краіны», — зрабіў акцэнт ён.

Аляксандр Цыбранкоў звярнуў увагу, што за апошнія некалькі гадоў прадпрыемства ўпэўнена нарошчвала аб’ёмы. «І прыйшлі да 2 млн т. Вядома ж, шэраг знакавых падзей, важных рашэнняў, комплексны падыход у цэлым на ўсім вытворчым канвееры, пачынаючы ад пошуку новых залежаў да разведкі спелых радовішчаў, распрацоўкі нетрадыцыйных залежаў. Гэта вялікі комплекс работ тэхніка-тэхналагічнага, інжынернага ўзроўню, тэхнічнае перааснашчэнне, укараненне новых тэхналагічных і тэхнічных рашэнняў як сусветнага ўзроўню, так і ўласных распрацовак. Таксама, вядома, лічбавізацыя», — сказаў начальнік НГЗУ. 

«2 млн т — важны рубеж і крок наперад. Нас чакае вялікі комплекс работ, каб забяспечыць энергетычную бяспеку нашай краіны», — падсумаваў Аляксандр Цыбранкоў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю