Top.Mail.Ru
236

У беларускіх клініках з’явяцца «разумныя аперацыйныя» і ШІ-стаматолагі

Павышэнне якасці жыцця грамадзян і эфектыўнасці работы спецыялістаў

У Беларусі рыхтуюцца да ўкаранення новыя лічбавыя рашэнні, якія зменяць падыход да аховы здароўя і гарадской мабільнасці. Савет па праектах у сферы лічбавага развіцця пры Міністэрстве сувязі ўхваліў шэраг перспектыўных ініцыятыў, накіраваных на павышэнне якасці жыцця грамадзян і эфектыўнасці работы спецыялістаў.

ШІ дапаможа ўрачам і пацыентам

Адным з адобраных праектаў стаў віртуальны памочнік урача-стаматолага. Ён будзе выкарыстоўваць тэхналогіі штучнага інтэлекту, каб паскорыць дыягностыку і павысіць дакладнасць медыцынскіх заключэнняў. Дзякуючы гэтаму стаматолаг зможа ўдзяляць больш часу пацыенту, а не руціннай рабоце.

Новая эпоха ў хірургіі

Яшчэ адно лічбавае рашэнне — «разумная аперацыйная». Яна ствараецца для павышэння бяспекі пацыентаў, спрашчэння працы медыцынскага персаналу і фарміравання базы алічбаваных даных, якія спатрэбяцца для наступных даследаванняў.

Лічбавая мабільнасць і пілотныя праекты

Акрамя медыцынскіх інавацый, плануецца запуск адзінай сістэмы аплаты ў грамадскім транспарце. Яна дасць магчымасць не толькі спрасціць аплату праезду, але і аналізаваць маршрутныя даныя, што дапаможа аптымізаваць рух.

Савет таксама ўхваліў тры пілотныя праекты, якія будуць запушчаны ў бліжэйшы час. Два з іх звязаны з апрацоўкай медыцынскіх 3D-малюнкаў, а трэці — з ужываннем штучнага інтэлекту пры рабоце са статыстычнымі данымі і класіфікатарамі.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю