Новыя арыенціры задае і нядаўна падпісаны Прэзідэнтам Указ № 198 «Аб стымуляванні рабатызацыі». Аб тым, якімі бягучы стан і перспектывы развіцця айчыннай робататэхнікі бачыць адзін з флагманаў нашай прамысловасці — холдынг «Гарызонт», даведалася карэспандэнт газеты «Звязда».
Мадэрнізацыя спадчыны
У 1980-я гады аўтаматызаваныя лініі беларускія прадпрыемствы пастаўлялі нават фінскай Nokіа. Як адзначаюць эксперты холдынга, беларуская прамысловасць захавала спадчыну савецкага перыяду — мы і сёння бачым у эксплуатацыі аўтаматызаваныя рашэнні тых часоў. Цяпер яны праходзяць этап глыбокай рэвізіі на многіх прадпрыемствах краіны, што становіцца падмуркам для іх паслядоўнай мадэрнізацыі і тэхналагічнага абнаўлення.
Да таго ж, у Беларусі захаваны моцны агульнаінжынерны патэнцыял. Аднак сусветныя тэхналогіі зрабілі вялікі крок наперад, таму наша задача — адаптаваць і пераняць іх вопыт. Актыўна працуе над гэтым і холдынг «Гарызонт»: удзельнічае ў актуалізацыі базы стандартызацыі Рэспублікі Беларусь паводле міжнароднай стандартызацыі і практычна засвойвае міжнародныя падыходы. Акрамя таго, яго спецыялісты прайшлі міжнароднае навучанне ў каледжы робататэхнікі, а ў рамках стварэння агульнай пляцоўкі з БДУІР холдынг нацэлены на аказанне дапамогі навучальным установам і студэнтам у атрыманні вопыту.

Актуальнасць глыбокай лакалізацыі
У пытанні лакалізацыі, падкрэсліваюць у холдынгу «Гарызонт», неабходна зыходзіць з прынцыпу эканамічнай рацыянальнасці. Галоўная задача сёння — гэта паспяховае ўкараненне робатаў у вытворчыя працэсы, мадэрнізацыя прадпрыемстваў, пераадоленне псіхалагічнага бар’ера і фарміраванне ўспрымання робата як звычайнага інструмента, падобнага да такарнага станка.
Што датычыцца канкрэтных крокаў па лакалізацыі, то «Гарызонт» факусіруецца на тым, дзе ён можа даць найбольшы эфект. На дадзеным этапе, адзначаюць яго эксперты, мэтазгодна развіваць вытворчасць уласнай тэхналагічнай аснасткі, сістэм захопу, канвеернага абсталявання і арганізацыю робататэхнічных клетак. Менавіта інтэграцыя гэтых элементаў дазваляе ствараць гатовыя прамысловыя рашэнні, адаптаваныя пад спецыфіку беларускіх прадпрыемстваў, забяспечваючы пры гэтым іх хуткую акупнасць і прадукцыйнасць.
Універсальнасць vs спецыялізацыя: што лепш?
З тэхнічнага пункту гледжання любы прамысловы робат — гэта ўніверсальная кінематычная сістэма. Аднак у індустрыяльным сэнсе можна выдзяліць «базавыя платформы» і «ўніверсальныя рашэнні». Больш перспектыўным і таму больш прыярытэтным на «Гарызонце» бачаць стварэнне спецыялізаваных рашэнняў. Менавіта спецыялізаваны робат забяспечвае максімальную прадукцыйнасць і аптымізацыю цыклавых аперацый, з’яўляецца на парадак больш танным, павышае канкурэнтаздольнасць сучаснай прамысловасці.
Аднак сёння на беларускіх прадпрыемствах часцей можна сустрэць выкарыстанне ўніверсальных рашэнняў, што абумоўлена аб’ектыўнымі фактарамі. Па-першае, шмат якія прадпрыемствы яшчэ не выйшлі на аб’ёмы масавага выпуску аднаго віду дэталяў або прадуктаў, што патрабуе гібкасці, якую цяжка забяспечыць вузкаспецыялізаваным рашэннем. Па-другое, часта вытворчыя працэсы патрабуюць дадатковай стандартызацыі і аўтаматызацыі, перш чым на іх можна будзе ўкараніць спецыялізаваных робатаў. Таму для Беларусі стратэгічна правільным будзе паступовы пераход ад універсальнага да спецыялізаванага. Гэта падкрэсліваюць і на «Гарызонце»: «Наша задача — не проста ўкараняць універсальных робатаў, а праз інжынірынг і аптымізацыю вытворчых працэсаў прыводзіць нашы прадпрыемствы да такога стану, дзе спецыялізаваныя рашэнні стануць тэхнічна магчымымі».

Эканамічны эфект
Дзяржаўная палітыка ў галіне рабатызацыі сёння выступае магутным стымулюючым фактарам, таму рынак дастаткова плацежаздольны. Варта падкрэсліць, што эканамічная эфектыўнасць і таннасць рабатызацыі напрамую залежыць ад ступені гатоўнасці прадпрыемства: пры наяўнасці наладжанай тэхналогіі і серыйнасці, тыпавой прадукцыі ўкараненне рабатызаваных комплексаў з’яўляецца эканамічна абгрунтаваным і аптымальным рашэннем.
Дарэчы, для холдынга «Гарызонт» прыярытэтнай роляй з’яўляецца выступленне ў якасці сістэмнага інтэгратара. Яго задача заключаецца ў праектаванні і вытворчасці рабатызаваных рашэнняў «пад ключ», якія вызначаюць канкрэтныя задачы заказчыка. Разам з тым разглядаецца вытворчасць уласнай аснасткі, сістэм захопу і элементаў канвеернага абсталявання не як асобны бізнес, а як неабходны тэхналагічны інструмент інтэгратара. А спалучэнне ўласных інжынерных рэсурсаў з міжнародным вопытам дазваляе прапаноўваць рашэнні, якія ўключаюць у сябе дэталёвы эканамічны разлік акупнасці інвестыцый.
А яшчэ холдынг выступае ініцыятарам кааперацыі, што аб’ядноўвае вытворцаў і навуковыя цэнтры для стварэння агульнага тэхналагічнага хаба. Менавіта такая сістэмная работа па аб’яднанні кампетэнцый, упэўнены эксперты, дазволіць Беларусі перайсці ад лакальных спроб рабатызацыі да паўнавартаснага тэхналагічнага пераўзбраення прамысловасці.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц