Top.Mail.Ru

У Беларусі завяршаецца падрыхтоўка праекта прагнозу сацыяльна эканамічнага развіцця на 2026 год

Завяршэнне падрыхтоўкі праекта прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026 год стала адной з галоўных тэм абмеркавання на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, паведамляе БелТА.



Паводле слоў Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына, на пасяджэнні фактычна фіналізуецца падрыхтоўка праектаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, мэтавых паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту на 2026 год перад тым, як накіраваць іх кіраўніку дзяржавы. Усе гэтыя дакументы ўжо былі разгледжаны на пасяджэнні Прэзідыума не так даўно, таму апошнія штрыхі не зоймуць шмат часу, лічыць Прэм’ер-міністр.

— Яны дапрацаваныя, кардынальных змен у іх не ўносілася, таму мы аператыўна павінны разгледзець гэтыя пытанні, абмеркаваць праблемныя моманты, калі яны маюцца, і прыняць канчатковае рашэнне, — падкрэсліў ён. — Мэтай нашай эканамічнай палітыкі з’яўляецца ўстойлівы і, галоўнае, збалансаваны рост эканомікі, таму прагназаванне з’яўляецца найважнейшай нашай задачай. Мы павінны ўлічваць магчымыя рызыкі і негатыўныя сцэнарыі, наколькі гэта магчыма, таму што нечаканасцяў у нашым сучасным свеце шмат. Прынамсі, нейкія базавыя параметры трэба дакладна для сябе разумець, будаваць рэалістычныя планы і патрабаваць безумоўнага іх выканання.

Міністр эканомікі Юрый Чабатар звярнуў увагу, што на пасяджэнні Прэзідыума разглядаецца фактычна заключны этап цэласнага планавання і прагназавання развіцця Беларусі на наступны год. — У гэтым годзе мы прайшлі вялікі шлях. Мы ўхвалілі Нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця, канцэпцыю Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку, дзяржаўныя праграмы. Сёння мы ўжо разглядаем праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026 год, таму ў нас у гэтым годзе сфарміруецца комплекснае ўяўленне аб развіцці краіны на будучую пяцігодку і ўся сістэма дакументаў пад гэтыя задачы і мэты, — адзначыў ён.

Што датычыцца 2026 года, то ўсе асноўныя прагнозы і задачы разглядаюць у развіцці пяцігодкі, падкрэсліў Юрый Чабатар.

— Рост валавога ўнутранага прадукту — крыху вышэйшы за 2,8 %. Гэта ў прынцыпе супастаўна з узроўнем росту сусветнай эканомікі. Паводле прагнозаў усіх аналітычных агенцтваў, у свеце ВУП будзе расці на 2,7-3 %, і мы будзем у гэтых рамках. Рост экспарту прагназуецца вышэй за 3 %, — падзяліўся лічбамі ён.

Міністр акцэнтаваў увагу, што выкананне гэтых задач будзе дасягнута за кошт трох праграм — вытворчай, экспартнай і інвестыцыйнай.

— У частцы вытворчай праграмы мы з усімі рэгулятарамі адпрацавалі асноўныя пазіцыі, з улікам пытанняў бягучага года, — гэта нацэленасць на зніжэнне выдаткаў і рост экспарту. У прыватнасці, калі казаць пра экспарт, то асноўнымі кірункамі мы бачым пашырэнне нашай прысутнасці на рынках. Ставім задачы па істотным павелічэнні прысутнасці на рынках краін СНД. Усё ж такі гэта нашы блізкія краіны, крыху больш за 12 % росту на іх запланавалі. Вядома ж, гэта і захаванне прысутнасці на нашым асноўным рынку — Расійскай Федэрацыі, а таксама ў краінах далёкай дугі, — паведаміў кіраўнік Мінэканомікі.

У інвестыцыйнай праграме ўпор будзе зроблены на будаўніцтва, у прыватнасці арэнднага жылля, сацыяльнай інфраструктуры, а таксама на камерцыйныя праекты. Па апошніх Мінэканомікі чакае асноўнага прыросту.

— Для гэтага мы палепшылі ўсе асноўныя праграмы крэдытавання на наступны год. «Рэгіянальная ініцыятыва» будзе крэдытавацца ўжо пад 7 % на 7 гадоў. Гэта паляпшэнне ў параўнанні з бягучым годам. І мы рэалізуем спецыяльныя прадукты для нашых кірункаў. Напрыклад, стварылі крэдытны прадукт для сферы турызму пад 6 %, каб будаваць сродкі размяшчэння, — паведаміў Юрый Чабатар. — Яшчэ адзін кірунак — гэта павышэнне эфектыўнасці і прадукцыйнасці прамысловасці за кошт рабатызацыі. Для ўкаранення робатаў, вытворчасці ўласных робататэхнічных комплексаў ёсць таксама крэдытны прадукт пад 6 %.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю